Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь рэзка павялічыла тарыфы на транзіт расейскай нафты 14:28, 05/02/2007
Міністэрства эканомікі Беларусі ў пяць разоў падвысіла тарыфы на транзіт расейскай нафты па сістэме магістральных трубаправодаў. Мінэканомікі ўсталявала тарыфы на паслугі па транзіце нафты без НДС (падатак на даданы кошт) у памеры ад $1,26 да $3,5 за тону на 100 кіламетраў. Наяўныя цяпер тарыфы на транзіт нафты па тэрыторыі Беларусі былі ўзгодненыя з Мінпалэнерга Расеі яшчэ ў снежні 1995 года ў далярах і з таго часу не змяняліся: яны складалі $0,41 – $0,6 за тону, паведамляе ІА “Новый Регион”.
Новыя тарыфы пачынаюць дзейнічаць з 15 лютага 2007 года.
Нагадаем, што ў пятніцу кіраўнік беларускага Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Георгій Кузняцоў паведаміў журналістам пра тое, што ў Беларусі плануюць увесці плату за зямлю з ляснога фонду, адведзеную пад трубаправоды, лініі электраперадач і іншыя лінейныя аб’екты. Па яго словах, парламент разглядае дакумент, згодна з якім беларускія прадпрыемствы – уладальнікі лінейных аб’ектаў – будуць плаціць падатак за замацаваную за імі лясную зямлю.
Замежным фірмам зямля з ляснога фонду, па якой, напрыклад, праходзіць газаправод, будзе перададзеная ў арэнду. І, натуральна, будзе спаганяцца арэндная плата. Аднак, па словах Кузняцова, “ніхто нікога не распране – сумы будуць капейкавыя”. Мяркуюць, што рэспубліка будзе атрымоўваць ад гэтага каля $8 млн. у год. У тым ліку падатак на зямлю з беларускіх кампаній складзе не на шмат больш за $3 млн., а арэндная плата з замежных фірм – каля $5 млн.
У дадзеным кантэксце замежныя фірмы – гэта расейскія кампаніі, бо менавіта яны валодаюць на тэрыторыі Беларусі ўчасткам газаправода Ямал-Еўропа, а таксама нафтапрадуктаправодамі.