Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
БТ заклікаюць паказаць фільм пра сталінскія рэпрэсіі 10:06, 06/02/2007
Дакументальны фільм “Дарога на Курапаты” мусіць быць прадстаўлены на каналах беларускага тэлебачання. Да такой думкі 5 лютага ў Менску прыйшлі ўдзельнікі паседжання грамадскага аргкамітэта па ўвекавечанні памяці ахвяр рэпрэсій перыяду сталінізму.
Як адзначыў беларускі кінадраматург і грамадскі дзеяч Уладзімір Халіп, на пачатку 1990-х гадоў у аб’яднанні “Летапіс” кінастудыі “Беларусьфільм” рэжысёрам Міхаілам Жданоўскім і аператарам Сяргеем Пятроўскім была створаная “бліскучая” дакументальна-публіцыстычная стужка “Дарога на Курапаты”. “Аднак улады адмовіліся прыняць гэты фільм. Пазней яго не паказалі і на фэсце праваабарончага кіно, што адбыўся ў Менску”, – сказаў У.Халіп.
Па яго словах, копіі гэтага фільма дагэтуль захоўваюцца ў Маскве і ў архіве “Беларусьфільма”. Кінадраматург мяркуе, што ў год 70-годдзя кульмінацыі сталінскага тэрору гэты фільм абавязкова павінны ўбачыць жыхары Беларусі. Прадстаўнікі грамадскасці вырашылі звярнуцца да кіраўніцтва Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі з прапановай уключыць гэтую стужку ў план дэманстрацыі на айчынных тэлеканалах.
Як паведаміў гісторык Якаў Басін, у аргкамітэт даслалі 56 публікацый (у тым ліку даследаванняў, успамінаў і дакументаў) па тэме сталінскіх рэпрэсій. Яны адрэдагаваныя і гатовыя да выдання ў трох тэматычных зборніках. Іх выпуск мяркуюць ажыццявіць на працягу гэтага года.