Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Тарыфы на транзіт нафты павінны ўзгадняцца з Расеяй 13:15, 06/02/2007
Беларусь можа падвысіць стаўку на транзіт нафты толькі пасля заключэння двухбаковага пагаднення з Расеяй, паведаміў кіраўнік Мінэканамразвіцця РФ Герман Грэф журналістам у аўторак у Маскве. “Гэта магчыма толькі шляхам заключэння двухбаковага пагаднення”, – пракаментаваў ён заявы Беларусі пра планы падвысіць тарыфы на транзіт расейскай нафты.
Міністр паведаміў, што цяпер “вывучае стаўкі, “Транснефть” вядзе разлікі”. “Калі гэтыя стаўкі змесцяцца ў рамках індэксацыі тавараў, то гэта нармальна”, – дадаў ён.
“Калі нас своечасова апавясцяць, калі правядзем двухбаковыя перамовы”, то змена цалкам магчымая, лічыць Г.Грэф.
“Пакуль ні пра якія меры ў адказ з боку Расеі гаворкі весці нельга”, – падагульніў ён, перадае “Інтэрфакс”.
Увечары 5 лютага Міністэрства эканомікі Беларусі размясціла на сваім сайце інфармацыю пра пастанову ад 31 студзеня № 26 “Аб тарыфах на паслугі па транзітнай транспартоўцы нафты па сістэме магістральных трубаправодаў па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.
“Улічваючы працяглы тэрмін дзеяння ўведзеных раней тарыфаў за транзіт нафты па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і значнае падаражанне яе перапампоўцы за мінулы перыяд (найперш праз рост кошту энергарэсурсаў), РУП “Гомельтранснафта Дружба” і канцэрн “Белнафтахім” у мэтах кампенсавання названых выдаткаў звярнуліся з прапановай аб змене тарыфаў на паслугі па транзітнай транспартоўцы нафты па сістэме магістральных трубаправодаў па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, – адзначаецца ў паведамленні Мінэканомікі.
“Згодна з наяўным заканадаўствам” Мінэканомікі прыняло пастанову № 26, якая з 15 лютага ўводзіць новыя тарыфы “на паслугі па транзітнай транспартоўцы нафты па сістэме магістральных трубаправодаў па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.
Па маршруце Унеча–Мазыр–Адамава (краіны пастаўкі Нямеччына і Польшча) тарыф за 1 тону нафты нета павялічваецца з 2,6 да 3,5 даляраў (на 34%), па маршруце Унеча–Мазыр–Броды (Вугоршчына, Славакія, Чэхія, Украіна) – з 1,14 да 1,5 даляра (на 31,6%).
Мінэканомікі падкрэслівае, што тарыфы прынятыя “з разліку сярэдняга ўдзельнага тарыфу на транспартоўку нафты па сістэме ААТ “АК “Транснефть” па тэрыторыі Расейскай Федэрацыі – 0,6 даляра ЗША за 1 тону на 100 км маршруту”.
“Варта адзначыць, – гаворыцца ў паведамленні, – што цяпер тарыфы за транзіт нафты ў сумежных дзяржавах вышэйшыя за ўзровень тарыфаў у Рэспубліцы Беларусь. Так, у Польшчы тарыф на транзіт нафты ў напрамку Нямеччыны – 0,9 даляра за 100 т/км, у Рэспубліцы Беларусь у дадзеным напрамку – 0,41. Ва Украіне тарыф на транзіт нафты ў напрамку Вугоршчыны, Славакіі – 0,89 даляра, у Рэспубліцы Беларусь у гэтым напрамку – 0,53 даляра за 100 т/км. Тарыф на транзітную перапампоўку казахскай нафты цераз тэрыторыю Расейскай Федэрацыі складае 0,73 даляра за 100 т/км”.