|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
«Белорусской деловой газете» спаўняецца 15 гадоў 10:14, 07/02/2007 У якой-небудзь іншай краіне сітуацыю назвалі б парадаксальнай: ёсць права друкавацца, але няма магчымасці. “Газеце спаўняецца 15 гадоў, бо газета жыла да таго часу, пакуль жыла гандлёвая марка і права на выхад. Але яно захоўваецца. “БДГ” не зачыненая, а прыпыненая. Да таго часу, пакуль не здолее нармальна распаўсюджвацца і нармальна прадавацца. Як любыя газеты, бо гэта і ёсць свабода слова, свабода СМІ”, – адзначыў у інтэрв’ю “Нямецкай хвалі” выдавец і галоўны рэдактар самага старэйшага незалежнага выдання Пётр Марцаў і нагадаў пра тое, як і чаму з’явілася “Белорусская деловая газета”. “92 год – год адраджэння беларускай дзяржаўнасці. У гэты самы час з’явілася газета. У краіне пачаліся змены. З’явіўся прыватны бізнэс. З’явілася магчымасць выявіць ініцыятыву. І тыя журналісты, якія працавалі ў дзяржаўных выданнях, як я, атрымалі магчымасць адкрыць уласнае выданне і паспрабаваць на смак, што такое свабода слова,” –кажа Марцаў. Якая яна на смак, свабода слова ў Беларусі? “Гэта ўсё было складана. Калі паспрабаваць ацаніць, чым былі гэтыя 15 гадоў – гэта была найноўшая гісторыя Беларусі з усімі яе паваротамі, цікавымі сюжэтамі. Газета цалкам зазнала лёс дзяржавы. Пачала выбудоўвацца сістэма, якая выключае свабоду слова, свабоду СМІ. Гэта былі складаныя 15 гадоў для калектыву газеты. Цяперашняя сітуацыя ў Беларусі пакуль далёкая ад ідэальнай у плане традыцыйных дэмакратычных каштоўнасцяў – свабоды слова, друку, палітычнай свабоды. Менавіта таму выхад “БДГ” на сёння прыпынены. Яна не мае магчымасць свабодна распаўсюджвацца на тэрыторыі рэспублікі афіцыйна. Разам з тым яна не забароненая, яна не зачыненая, але існаваць як нармальнае СМІ, як бізнэс, яна не можа”, – гаворыць выдавец. Сёння рыхтуецца да выпуску юбілейны нумар “БДГ Деловой газеты”. Канцэпцыя яго гранічна простая. Нумар будзе звярстаны з архіўных матэрыялаў, у якіх адлюстраваныя асноўныя вехі развіцця дзяржавы. І чытач, калі вядома газета гэтым разам да яго дойдзе, сам здолее зрабіць выснову, чаму да “БДГ” заўсёды прад’яўлялася вялізная колькасць прэтэнзій. “Па публікацыях відаць, чаму “БДГ” была спыненая, як яна перашкаджала. “БДГ” не толькі адлюстроўвала тое, што адбывалася ў краіне, але і спрабавала ўплываць. Праз аналіз, прагноз, такі складаны журналісцкі жанр як расследаванне”, – распавядае выдавец. У ранейшых юбілейных нумарах, заўсёды прысутнічала хроніка падзей з жыцця рэдакцыі, але цяпер ад гэтага вырашылі адмовіцца. “Бо гэта надакучыла. З 1995-га года, кожны год што-небудзь здаралася: альбо судовыя позвы, альбо штрафы, альбо пазбаўленне магчымасці друкаваць на тэрыторыі рэспублікі, альбо распаўсюджвацца. Гэта ўжо нават трохі надакучыла. Я спрабаваў лічыць, колькі гадоў “БДГ” жыла ў нармальным рэжыме. Налічыў з 15 гадоў усяго тры гады, Я спрабаваў лічыць, колькі выплачана штрафаў “БДГ” і пасля 300 тысяч даляраў збіўся”, – кажа Марцаў. На лёс газеты ўплывала любое хоць трохі значнае, не гаворачы ўжо пра сур’ёзныя падзеі ў краіне: “Будзь то рэферэндум 1996 года, будзь то разгон парламента, будзь то знікненне палітыкаў, будзь то пасадка прадстаўнікоў буйнога бізнэсу, перадзел улады ўсярэдзіне самой улады. Усё гэта “БДГ” аналізавала і аналізавала досыць адкрыта і аб’ектыўна, імкнулася ва ўсякім разе. Зразумела, што гэта перашкаджала”, – успамінае выдавец. “БДГ” у 1997 годзе адным з першых беларускіх выданняў адкрыла не проста электронную версію папяровай газеты, а самастойны інтэрнэт-праект, які і сёння плануецца падтрымліваць і развіваць. У тым, што ў гісторыі “БДГ” рана ставіць кропку, Пётр Марцаў упэўнены: “Я не выключаю магчымасці аднаўлення выхаду друкаванай версіі. Больш таго, я ўпэўнены, што друкаваная версія адновіцца. Тады, калі будзе чарговы паварот гісторыі беларускай дзяржавы”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|