Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка запатрабуе ад Расеі кампенсацыі за Чарнобыль 10:03, 07/02/2007
Масква і Менск працягваюць абменьвацца ўколамі. Не паспелі ў Менску паведаміць, што на 30% падвышаюць тарыфы на транзіт нафты, як прэзідэнт “Транснефти” Сямён Вайншток абвясціў аб будаўніцтве экспартнага нафтаправода ў абыход Беларусі. Ледзь не ў тыя самыя імгненні кіраўнік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Міхаіл Мясніковіч сказаў журналістам, што Беларусь ужо занесла карэктывы ў раней прынятую канцэпцыю энергетычнай бяспекі, піша “Независимая газета”.
Згодна з дакументам, доля прыроднага газу ў энергетычным балансе краіны павінна скараціцца да 2020 года з цяперашніх 70% да 50%, а спажыванне газу ў выпрацоўцы электрычнай энергіі – з 95% да 75%. У новы паліўна-энергетычны баланс плануецца ўвесці вугаль і ядзерную энергетыку. Для гэтага мяркуюць пабудаваць новую ЦЭЦ, якая працуе на вугле, магутнасцю 600 Мвт, а яшчэ дзве электрастанцыі магутнасцямі па 100 Мвт рэканструяваць з пераводам зноў-такі на вугаль. У Менску таксама пачалі размаўляць пра перавод найбольш энергаёмістых вытворчасцяў, напрыклад цэментавых, на спажыванне вугалю. Па планах беларускага ўрада, у 2014 годзе ў краіне будзе здадзены першы блок АЭС, у 2016-м – другі. Будаўніцтва АЭС абыдзецца Беларусі ў 2,5–3 млрд. даляраў, аднак станцыя дазволіць паменшыць спажыванне газу на 4,5–5 млрд. куб.м. Мясніковіч лічыць перспектыўнымі і рэальнымі планы Беларусі па здабычы нафты ў Венесуэле і Іране. Пры гэтым пытанне пра магчымы удзел беларускіх кампаній у распрацоўцы расейскіх нафтавых радовішчаў таксама не знятае з парадку дня. Беларускае кіраўніцтва робіць усё магчымае, каб дыверсіфікаваць пастаўкі энерганосьбітаў. “Ставіцца задача выпрацаваць маршрут паставак цераз парты Чорнага і Балтыйскага мораў не менш як 20% энергарэсурсаў. Распрацоўваюцца пытанні паставак энергарэсурсаў з суседніх дзяржаў, а не толькі з Расеі”, – сказаў Мясніковіч.
Беларускія афіцыйныя асобы з нагоды намераў “Транснефти” пакуль не выказваюцца. Эксперты лічаць дзеянні расейскага боку лагічнымі і зразумелымі. “Расея выпрацоўвае сваю энергетычную стратэгію, арыентаваную на дыверсіфікаванне транспартных патокаў, што цалкам адпавядае яе нацыянальным інтарэсам, а не толькі “Транснефти”, – заявіў “НГ” эканаміст Леанід Заіка. – Расея пераходзіць на прамыя пастаўкі галоўнаму партнёру – Нямеччыне, што таксама, увогуле правільна. Непатрэбныя звёны, якія дастаўляюць турботу, – гэта не толькі Беларусь, але і Украіна, Славакія і Польшча”. На думку эксперта, Менску ў стратэгічным плане выгодна тое, што адбываецца. “Нас знімуць з расейскай трубы, на якой мы сядзім. Магчыма, мы больш не будзем ганарыста ставіцца да нашага геапалітычнага становішча і пачнём вучыцца зарабляць грошы – вырабляць электроніку, новыя тэхналогіі”, – сказаў Леанід Заіка “НГ”.
Беларусь, такім чынам, пазбавіцца свайго галоўнага козыра – як краіны-транзіцёра. Што да фінансавых страт ад пераарыентацыі транзітных патокаў, гаворка не ідзе пра вялікія сумы, сцвярджаюць эксперты. Цяпер прыбыткі Беларусі ад транзіту расейскай нафты дасягаюць 170 млн. даляраў. З улікам падвышэння кошту на 30% паказчык можа дасягнуць 220 млн. даляраў. Гэтыя лічбы несупастаўляльныя з аб’ёмамі страт, якія Беларусь ужо панесла і будзе несці надалей ад росту цэнаў на энерганосьбіты.
“Абходная труба “Транснефти” будзе страховачнай і дапаможа Расеі абараніцца ад беларускага шантажу”, – лічыць беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў. Па яго словах, калі ўмовы прапампоўкі праз Беларусь больш не будуць задавальняць Расею, яна лёгка можа змяніць маршрут перакідання энерганосьбітаў у Еўропу. “Транспартаваць нафту цераз Беларусь танней, але для Расеі вельмі важная гарантыя паставак у Еўропу, пабудаваўшы такі своеасаблівы абмежавальнік апетыту як для Беларусі, так, напрыклад, і для Польшчы”, – заявіў Злотнікаў “НГ”.
“НГ” даведалася пра тое, што Менск рыхтуецца выставіць новыя прэтэнзіі да Масквы. “Адміністрацыя прэзідэнта Лукашэнкі збіраецца запатрабаваць кампенсавання за чарнобыльскую катастрофу”, – паведаміла “НГ” крыніца ў Менску. Па яе словах, для распрацоўкі і акумулявання такога роду прэтэнзій створаны спецыяльны штаб, у які ўвайшлі юрысты-міжнароднікі і навукоўцы Акадэміі навук.