|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Лукашэнка хоча вярнуць давер Захаду 09:42, 07/02/2007
“Я прызнаю памылку і недахоп нашай знешняй палітыкі, што яна атрымалася аднавектарная, з вектарам у бок Расеі. І мы фактычна страцілі Захад”, – сказаў Лукашэнка. “Мы стаялі на адной назе, а павінны стаяць на дзвюх. Мы знаходзімся паміж Захадам і Расеяй. Мы мост паміж Расеяй і Захадам”, – дадаў ён. Лукашэнка абвінаваціў Расею ў імперскіх амбіцыях Лукашэнка абвінаваціў РФ, якая гатовая на саюз з Менскам толькі як з малодшым партнёрам, у імперскіх амбіцыях. З пачатку 2007 года Масква больш як удвая павялічыла кошт газу для Беларусі і ўвяла пошліну на пастаўкі нафты. Крэмль адмаўляецца ад таго, што нібыта выкарыстоўвае цэны на энерганосьбіты у якасці інструмента палітычнага ціску. “Без усялякіх на то падстаў РФ ужо запісала сябе ў вядучыя цэнтры сілы ў свеце. Ледзь не ў кожнай кропцы свету прысутнічаюць расейскія інтарэсы”, – лічыць Лукашэнка. “Нібыта ў Беларусі, або ва Украіне, Грузіі, прысутнічаюць толькі расейскія інтарэсы, а беларускіх інтарэсаў у самой Беларусі і быць не можа. Расейская палітыка ўсё больш прыпадабняецца амерыканскай. З’явіліся нейкія імперскія замашкі”, – сказаў беларускі кіраўнік і прапанаваў РФ “адмовіцца ад сваёй звышдзяржаўнасці і спроб глядзець на нас пагардліва, як на малодшага брата”. Беларуская эканоміка нясе страты Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін паабяцаў Менску паступовы пераход на рынкавыя стасункі з захаваннем некаторых субсідый, але Лукашэнка кажа, што беларуская эканоміка нясе страты – да $5 мільярдаў у год або дзесятую частку ВУП. Аднак Менск спадзяецца іх кампенсаваць і ў сваю чаргу прапанаваў Маскве рынкавую мадэль. “Прэзідэнт Пуцін нядаўна сказаў, што РФ хоча рынкавых стасункаў з усімі краінамі. Згодна з гэтым прынцыпам мы таксама прапануем РФ заплаціць за ўсе тыя паслугі, якія Беларусь рабіла ёй бясплатна”, – сказаў Лукашэнка, маючы на ўвазе аплату транзіту энерганосьбітаў, грузаў, а таксама кампенсавання выдаткаў у вайсковым супрацоўніцтве. “За транзіт газу Польшчы РФ плаціць $4,5 мільярда, а нам толькі $300 мільёнаў. Толькі па газе, калі ўзяць польскі варыянт, мы можам кампенсаваць усе нашы страты”, – сказаў беларускі кіраўнік. Ён упэўнены, што ў стане пераадолець негатыўныя наступствы росту цэнаў на энерганосьбіты без эканамічнага спаду і паніжэння ўзроўню жыцця ў Беларусі, значная частка насельніцтва якой звыклася з стабільнымі субсідыямі ад дзяржавы. “Эканамічна мы гэтую сітуацыю вытрымаем. Але нас больш за ўсё крыўдзіць тое, што такія варварскія дзеянні ўчыніла краіна наша саюзніца, самая блізкая нам краіна”, – сказаў Лукашэнка. Ён паўтарыў, што спадзяецца знайсці крыніцы пастаўкі нафты за межамі Расеі, пераарыентаваўшы беларускія НПЗ на пастаўкі з Захаду альбо Блізкага Усходу. “Я думаю, знойдуцца кампаніі, якія жадаюць паставіць у Беларусь нафту, з якімі мы прыватызуем нашы прадпрыемствы. Знойдуцца кампаніі, якія прыйдуць на нашы прадпрыемствы з сваёй нафтай”, – сказаў Лукашэнка. Курс ранейшы Еўразвяз раней прапанаваў маштабную эканамічную дапамогу Беларусі, ён паставіў умовай згоду рэжыму на дэмакратычныя змены, свабоду СМІ, сумленныя выбары і вызваленне палітычных зняволеных. Лукашэнка адмёў такую магчымасць. “Усе патрабаванні да Беларусі ўрэшце зводзіліся да таго, што мы мусім зруйнаваць нашу палітычную сістэму і, па-другое, усюды меркавалася, што цяперашні прэзідэнт нелегітымны і ён павінен пакінуць сваю пасаду. Якое права мае Захад патрабаваць гэтага?”, – сказаў ён. Лукашэнка падкрэсліў, што ва ўсялякім выпадку Еўропе, заклапочанай гарантыямі паставак энерганосьбітаў з РФ, давядзецца мець справу з транзітнай дзяржавай – з Беларуссю. “Еўропа ўбачыла, што без Беларусі нельга гарантаваць энергетычную бяспеку і што Беларусь, як высвятляецца, хоча захаваць свой суверэнітэт. І гэта стала неспадзяванкай для Еўропы”, – сказаў ён.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|