Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мікалай Халезін: «Былі ў найноўшай гісторыі і факты лібералізацыі аўтарытарных рэжымаў» 16:59, 08/02/2007
“Сам па сабе зварот лідэра апазіцыі да кіраўніка цяперашняй беларускай улады – факт сталасці дэмакратычных сілаў і ўзважанага падыходу да сітуацыі. Магу да гэтага дадаць, што дадзены зварот сведчыць пра сталасць Аляксандра Мілінкевіча. Як палітыка і грамадскага дзеяча. Гісторыя такія факты ведае: Вацлаў Гавел звяртаўся з лістом да Густава Гусака, прызываў камуністычныя ўлады Чэхаславакіі да дыялогу; Далай Лама заклікаў кіраўнікоў кітайскіх камуністаў да абмеркавання праблем Тыбету; Нельсан Мандэла заклікаў прэзідэнта ПАР Дэ Клерка да спынення палітыкі апартэіду”, – паведаміў вядомы драматург і журналіст Мікалай Халезін, каментуючы прэс-цэнту Хартыі’97 зварот лідэра дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам пачаць дыялог з апазіцыяй дзеля будучыні Беларусі.
Мікалай Халезін адзначае, што ў гісторыі ПАР гэтыя заклікі скончыліся абсалютна станоўчым фактам: цягам даволі вялікага прамежку часу краінай кіраваў альянс з прэзідэнта Мандэлы і віцэ-прэзідэнта Дэ Клерка, што шмат у чым дазволіла пазбегнуць кровапраліцця.
“Быў у найноўшай гісторыі і факт лібералізацыі аўтарытарнага рэжыму, калі прэм’ер-міністр Славакіі Уладзімір Мечыар мусіў пайсці на карэнную ломку структуры рэжыму, каб прывесці яго ў адпаведнасць з дэмакратычнымі стандартамі. Гэта пацягнула небывалы ўздым эканомікі Славакіі”, – адзначае Халезін.
Мікалай Халезін аналізуе становішча ў краіне і кажа, што пакуль не бачыць ніякіх зрухаў з боку ўладаў да зменаў у гэтым становішчы. “Некалькі заяў кіраўніка краіны і дзеянні сілавых структур, накіраваных на поўную дыскрэдытацыю яго слоў. Калі Аляксандр Лукашэнка сапраўды пачне працаваць над перамоўным працэсам, я гатовы выйсці на плошчу ў падтрымку гэтых перамоваў, але для гэтага асабіста я павінен убачыць учынкі, а не толькі пачуць словы”, – кажа журналіст.