Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
      1 2 3 4
5 6 7 89 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28        




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



Амбасадар Расеі ў Беларусі: Мы адкінулі ўсялякія недамоўленасці
10:08, 08/02/2007

Пачатак года адзначыўся крызісам у беларуска-расейскіх стасунках. Пасля падвышэння цэнаў на газ і ўвядзення пошліны на пастаўкі расейскай нафты Менск рэзка крытыкаваў палітыку Масквы. Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў у інтэрв’ю “Времени новостей” паведаміў, што сёння ідзе гаворка пра перавод стасункаў з Беларуссю на рынкавыя рэйкі. “Дакументы, падпісаныя ў галіне энерганосьбітаў, азначаюць толькі тое, што мы пачалі працаваць над саюзным будаваннем, адкінуўшы ўсялякія недамоўленасці”, – сказаў амбасадар.

– Як уплывае на стасункі Расеі і Беларусі энергетычны канфлікт?

– Я пазбягаў бы слоў “энергетычны канфлікт”, хутчэй, гаворка ідзе пра перавод стасункаў на рынкавыя рэйкі. Не думаю, што гэта паўплывае на працэс інтэграцыі. Дакументы, падпісаныя ў галіне энерганосьбітаў, азначаюць толькі тое, што мы пачалі працаваць над саюзным будаваннем, адкінуўшы ўсялякія недамоўленасці.

Калі стварэнне саюзнай дзяржавы будзе аформленае, у яе рамках будзе стварацца адзіная мытная і энергетычная прастора. Але ўнутраныя цэны саюзнай дзяржавы будуць імкнуцца да сусветных, бо Расея мае намер выбудоўваць з ўсім светам рынкавыя стасункі.

– Што Расея мае на ўвазе пад саюзнай дзяржавай?

– Гэта арганізацыйная структура, якой перададзены цэлы шэраг паўнамоцтваў дзвюх суверэнных, незалежных дзяржаў.

– Гэта значыць, усё-ткі гаворка ідзе пра перадачу часткі суверэнітэту...

– Так, у гэтым выпадку частка суверэнітэту абодвух бакоў перадаецца ўладным структурам саюзнай дзяржавы вышэйшага эшалона.

– Ці магчыма прыняцце канстытуцыйнага акту ўжо ў гэтым годзе?

– Нічога немагчымага няма. Ёсць пэўныя ўскладненні ў Расеі (маецца на ўвазе абмежаванне на правядзенне рэферэндумаў у год напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. – Рэд.). Але гэта не замінае працаваць над канстытуцыйным актам.

– Ці маецца на ўвазе ў гэтым выпадку стварэнне валютнага саюза, нягледзячы на тое, што Менск крытыкаваў гэтую ідэю?

– У гэтым пытанні мы знаходзімся ў сітуацыі недастатковага разумення. Як заяўляе беларускі бок, неабходная ўніфікацыя падатковага, фінансавага заканадаўства, але неабходнасці ў іх поўнай ідэнтыфікацыі няма. Прэзідэнт Расеі на прэс-канферэнцыі на пачатку гэтага месяца падкрэсліў, што калі Менску не падабаецца расейскі рубель, то магчыма будзе уведзеная іншая саюзная валюта. Самае важнае – заканадаўчы складнік, які дазволіць бакам упісацца ў валютны саюз.

Можна перайсці на адзіную валюту, як прапаноўвае беларускі бок, пасля прыняцця канстытуцыйнага акту і стварэння адзінай энергетычнай прасторы. Але ёсць і паскораны варыянт. У выпадку яго рэалізацыі будуць прымацца рашэнні, якія спрыяюць стабілізацыі беларускай эканомікі. Гэтым можа стаць прыняцце эмісійных рашэнняў або падтрымка з боку саюзнага бюджэту.

– Як вы ацэньваеце наступствы пераходу на новыя ўмовы паставак нафты і газу для кожнага з бакоў?

– Пагадненне па нафце не нясе пагрозы для Беларусі пры ўважлівым, разумным і асэнсаваным падыходзе. Пры захаванні дружалюбнасці супрацоўніцтва становіцца абсалютна празрыстым. Цяпер ніхто не будзе хвалявацца з прычыны штучна паніжаных мытных пошлін, і з Беларусі нафтапрадукты будуць вывозіцца чыста і зразумела.

Газавае пагадненне трохі больш складанае з сацыяльнага пункту гледжання , бо ўзрастуць цэны на цепла- і электраэнергію. У Беларусі разумная ўлада, і я ўпэўнены, што ўсе страты ад росту цэнаў на газ будуць мінімізаваныя.

Газавы кантракт – камерцыйная таямніца, хоць агульныя яго параметры вядомыя. У ім зафіксаваны намер стварыць сумеснае газатранспартнае прадпрыемства на базе “Белтрансгаза” і прадугледжаныя штрафныя санкцыі накшталт росту цаны на газ, калі гэтага не адбудзецца. Мы разумеем, што трохгадовы перыяд пераходу да паўнавартасных рынкавых стасункаў па нафце і чатырохгадовы па газе – цяжкая задача для беларускага боку. Таму ёсць гатоўнасць разгледзець пытанні фінансавай і тэхнічнай дапамогі, перспектывы выдачы крэдытаў нашаму саюзніку.

– Як вы можаце пракаментаваць заявы Менска пра намер браць плату за расейскія вайсковыя аб’екты?

– Мы ўсе людзі гарачлівыя. Часам узнікаюць крыўды, і трэба разумець, што такія эмацыйныя рэакцыі не маюць дачынення да працэсу дыялогу. Усе перамовы, асабліва па цэнах, павінны весціся ў цёплых прыязных абставінах. Вострыя заявы трэба выкрасляць з перамоўнага працэсу. Ваеннае супрацоўніцтва развіваецца паспяхова, гэтымі днямі ў Маскве скончыліся сумесныя вучэнні беларускіх і расейскіх вайскоўцаў.

– Чаму ў такім разе дагэтуль не створаная адзіная сістэма СПА, хоць планавалася, што гэта адбудзецца на пачатку года?

– Я не сумняваюся, што ўсе дакументы будуць падпісаныя. Тым больш, што абодва бакі ў гэтым зацікаўленыя. Агульная сістэма СПА ніколі не перашкодзіць. Гэта прасцей і танней і для Расеі, і для Беларусі.


напicаць камэнтар

 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: