Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусы не хочуць аддаваць уладам акцыі прадпрыемстваў 16:35, 08/02/2007
У Беларусі вельмі складана ідзе працэс рэструктурызацыі запазычанасці буйных прамысловых прадпрыемстваў у абмен на перадачу акцый ва ўласнасць дзяржавы, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску першы намеснік старшыні Вышэйшага гаспадарчага суду (ВГС) Беларусі Яўген Смірноў.
“Працэс ідзе складана. Людзі паверылі ў прыватызацыю і замацаванне права ўласнасці і не спяшаюцца расставацца з акцыямі, якія належаць ім як фізічным асобам – працаўнікам прадпрыемстваў”, – сказаў Я.Смірноў.
Па яго словах, цяпер толькі 1–2 прадпрыемствы Беларусі завяршылі працэдуру рэструктурызацыі запазычанасці перад бюджэтам у абмен на павелічэнне долі дзяржавы ў статутным фондзе. Я.Смірноў адзначыў, што ў большасці выпадкаў агульныя сходы акцыянераў прымаюць рашэнне аб адмове акцыянернага грамадства рэструктураваць запазычанасць у абмен на павелічэнне долі дзяржавы ў сваім статутным фондзе, перадае “Інтэрфакс”.
“Фактычна, гаворка ідзе пра зварот маёмасці прадпрыемстваў, акцый ва ўласнасць дзяржавы. Гэта тычыцца найбольш буйных, значных прадпрыемстваў, у тым ліку ў нафтахімічнай прамысловасці”, – дадаў Я.Смірноў.
Акрамя таго, першы намеснік старшыні ВГС адзначыў, што на сёння справы, узбуджаныя ў сувязі з немагчымасцю выканання рашэнняў дзяржаўных органаў аб рэструктурызацыі запазычанасцяў акцыянерных грамадстваў у абмен на павелічэнне долі дзяржавы, “да суду не дайшлі”.