Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Джонатан Мур: «ЗША будуць супрацоўнічаць з дэмакратычным урадам» 17:17, 09/02/2007
“Беларуская апазіцыя аб’ядноўвае ў сабе дэмакратычныя сілы, гэта шырокая кааліцыя, у якой могуць існаваць розныя думкі. Таму натуральна, што ёсць пытанні, па якіх няма адзінага пункту гледжання”, – адзначыў у інтэрв’ю БелаПАН намеснік амбасадара ЗША ў Беларусі Джонатан Мур. Па словах амерыканскага дыпламата, у дэмакратычным руху заўсёды існуе разнастайнасць пунктаў гледжання. У прыватнасці, няма адзінага меркавання ў дачыненні самых блізкіх саюзнікаў Беларусі, эканамічнай мадэлі. “І тое, якое рашэнне тут варта прыняць дэмсілам, павінен выбіраць народ Беларусі – ЗША або ЕЗ не могуць дыктаваць, які сцэнар падыходзіць для рэспублікі”, – падкрэсліў Дж.Мур. Ён адзначыў, што ЗША будуць супрацоўнічаць з “дэмакратычным урадам, абраным беларускім народам”.
Дыпламат таксама звярнуў увагу на тое, каб кожны беларус “мусіць мець магчымасць атрымоўваць інфармацыю, каб сфармаваць уласнае меркаванне аб уладзе або апазіцыі – беларускі рэжым не павінен баяцца пункту гледжання свайго народа”. “Так, падчас выбарчых кампаній неабходная інфармацыя, каб судзіць аб лідэрскіх якасцях, эфектыўнасці палітыкаў, іх здольнасці вырашаць пытанні”, – заявіў намеснік кіраўніка амерыканскай дыпмісіі. Ён зазначыў, што ў ідэале СМІ павінны самастойна выбіраць тэматыку і расстаўляць акцэнты, кіруючыся прафесійнымі аспектамі.
Дж.Мур адзначыў, што слуханні па Беларусі, якія 8 лютага ў Брусэлі правяла ў Еўрапарламенце фракцыя Еўрапейская народная партыя (хрысціянскія дэмакраты) з удзелам прадстаўнікоў ЗША, у чарговы раз паказалі, што Злучаныя Штаты і Еўропа прытрымліваюцца агульных поглядаў на беларускае пытанне.
Дырэктар праграм краін Еўразіі Міжнароднага рэспубліканскага інстытута (IRI) Стывен Нікс у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН назваў слуханні “пераломным момантам”. Па яго словах, цягам апошніх двух гадоў ЗША заклікалі сваіх еўрапейскіх партнёраў “звяртаць больш увагі на тое, што адбываецца ў Беларусі, больш актыўна дзейнічаць”, і цяпер “больш увагі надаецца праблемам у рэспубліцы”.
С.Нікс назваў умовы дэмакратызацыі Беларусі – кансалідаванасць апазіцыі, выкананне 12 умоў Еўразвяза, падтрымка незалежных, асабліва электронных СМІ, візы для беларусаў не даражэй за пяць еўра. Прадстаўнік IRI мяркуе, што змена беларуска-расейскіх стасункаў у энергетычнай сферы можа выклікаць “змены ў Беларусі”, што разумеюць і ЗША, і ЕЗ.
С.Нікс звязвае адсутнасць рэзкай крытыкі з боку трансатлантычных партнёраў у дачыненні беларускай апазіцыі з тым становішчам, у якім яна знаходзіцца. “У сітуацыі, калі дэмсілы знаходзяцца пад нязменным ціскам, ім спрабуюць дапамагаць”, – падкрэсліў С.Нікс.
Кіраўнік рэгіянальных праграм амерыканскага інстытута падкрэсліў, што заканадаўчая і выканаўчая ўлада ЗША працягне падтрымліваць тых, хто імкнецца забяспечыць “лепшую будучыню беларускаму народу”.