Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
«Известия»: Лукашэнку няма куды адступаць 11:07, 09/02/2007
Злучаныя Штаты заклікалі Еўразвяз “не адмаўляцца ад жорсткага падыходу” да цяперашняга кіраўніцтва Беларусі, піша расейская газета “Известия”. Як паведаміў намеснік памочніка дзяржсакратара Дэвід Крэмер падчас спецыяльных канфідэнцыяльных кансультацый па Беларусі, што адбыліся ўчора ў Брусэлі, ЗША і Еўразвяз “не павінны ахвяраваць” сваімі прынцыпамі дэмакратыі і правоў чалавека толькі таму, што паміж Менскам і Масквой узніклі разыходжанні па шэрагу пытанняў. “Мы не павінны ратаваць рэжым Лукашэнкі”, – падкрэсліў ён.
Паводле наяўнай у кіроўных структурах Еўразвяза інфармацыі, Менск прапанаваў гэтымі днямі ЕЗ адкрыць “новы раздзел у стасунках”. Аднак Вашынгтон папярэдзіў ЕЗ, што кіраўніцтва Беларусі “не пацвярджае свае словы адпаведнымі дзеяннямі”.
Гэтую пазіцыю падзяляе і значная колькасць кіроўных асоб у Еўракамісіі. Як заявіла яе старшыня Хелга Шміт, ЕЗ “скептычна” ставіцца да “еўрапейскай ініцыятывы Менска. “Ва ўсякім разе, любое сур’ёзнае збліжэнне Еўразвяза з Беларуссю немагчымае без правядзення апошняй дэмакратычных выбараў і вызвалення палітычных зняволеных”, –падкрэсліла яна, адзначае ІТАР-ТАСС.
Нагадаем, што на пачатку тыдня ў інтэрв’ю Reuters Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што знешняя палітыка Беларусі была ў апошнія гады аднавектарнай. “Я прызнаю памылку і недахоп нашай знешняй палітыкі, што яна атрымалася аднавектарная, з вектарам у бок Расеі. І мы фактычна страцілі Захад”,– адзначыў Лукашэнка.
“Мы стаялі на адной назе, а павінны стаяць на дзвюх. Мы знаходзімся паміж Захадам і Расеяй. Мы мост паміж Расеяй і Захадам”, – падкрэсліў прэзідэнт. Наконт крокаў з боку Масквы ў дачыненні да Менска, Лукашэнка паведаміў, што ў Крамлі кіруюцца імперскімі амбіцыямі.
“Без усялякіх на тое падстаў РФ ужо запісала сябе ў вядучыя цэнтры сілы ў свеце. Ледзь не ў кожнай кропцы свету прысутнічаюць расейскія інтарэсы”, – лічыць Лукашэнка. “Нібыта ў Беларусі або ва Украіне, Грузіі прысутнічаюць толькі расейскія інтарэсы, а беларускіх інтарэсаў у самой Беларусі і быць не можа. Расейская палітыка ўсё больш прыпадабняецца амерыканскай. З’явіліся нейкія імперскія замашкі”, – сказаў ён.
Лукашэнка нагадаў, што “Пуцін нядаўна сказаў, што Расея хоча рынкавых стасункаў з усімі краінамі”. “Згодна з гэтым прынцыпам мы таксама прапануем Расеі заплаціць за ўсе тыя паслугі, якія Беларусь рабіла ёй бясплатна”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік Беларусі адзначыў, што “за транзіт газу Польшчы Расея плаціць $4,5 млрд., а нам толькі $300 млн.”. “Толькі па газе, калі ўзяць польскі варыянт, мы можам кампенсаваць усе нашы страты”, – перакананы Лукашэнка.