Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мілінкевіч: Улада павінна даць адказ на прапановы Еўразвязу і апазіцыі 10:41, 09/02/2007
“Сустрэчы ў Брусэлі яшчэ раз яскрава падкрэслілі, што еўрапейскія палітыкі не збіраюцца адмаўляцца ад абранага Еўрапейскай камісіяй шляху на супрацоўніцтва і паляпшэнне стасункаў Еўропы і Беларусі. Але першы крок насустрач абавязаны зрабіць Лукашэнка, - сказаў Аляксандр Мілінкевіч, падводзячы вынікі ўчорашняга візіту ў Брусэль.
– Той факт, што адна з апошніх дыктатур у свеце знаходзіцца на ўсходняй мяжы Еўрасаюза, лічыцца ў Еўропе непрымальным. Лукашэнка мае зрабіць выразны выбар, каб прадэманстраваць сваю падтрымку прапановам Еўракамісі і даць адказ на апошнія ініцыятывы апазіцыі. Аднак і прадказальныя вынікі мясцовых выбараў, а таксама і крымінальныя справы супраць актывістаў “Маладога Фронту”, натуральна, не могуць быць адабраныя Еўропай, як сведчанне таго, што рэжым Лукашэнкі гатовы да эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва, - падкрэсліў Аляксандр Мілінкевіч.
Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі адзначыў таксама, што падчас сустрэчаў удалося дасягнуць канкрэтнай дамоўленасці аб далейшай падтрымцы Еўропай праектаў, скіраваных на развіццё незалежнага тэле- і радыёвяшчання на Беларусь, а таксама адукацыйных праектаў для беларускага студэнцтва. Паводле Аляксандра Мілінкевіча, Еўропа ўсведамляе мэтазгоднасць гэтых дзеянняў, і прызнае іх ролю ў мабілізацыі грамадзянскай супольнасці.
Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл знаходзіўся 8 лютага ў Брусэлі, дзе правёў шэраг сустрэч з кіраўніцтвам Еўрапейскага парламенту: прэзідэнтам Гансам-Гертам Потэрынгам, кіраўніком аб’яднанай фракцыі Еўрапейскай Народнай Партыі і Еўрапейскіх Дэмакратаў Жозэфам Даулам, старшынём Камітэта па міжнародных справах Еўрапарламента Яцкам Сарыюшам-Вольскім.