Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Рар: Кіраўнік Беларусі робіць апошні пагражальны сігнал Маскве 11:31, 09/02/2007
“Лукашэнка насамрэч не імкнецца на Захад, а хоча зноў дамовіцца з Расеяй. А яго празаходнія рэверансы, хутчэй, павінны разглядацца як апошні пагражальны сігнал Маскве”, – такую думку ў інтэрв’ю “Российской газете” 9 лютага выказаў эксперт Нямецкага савета па знешняй палітыцы Аляксандр Рар.
“Ён хоча даказаць, што ў яго і яго краіны ёсць альтэрнатыва, а менавіта празаходняя арыентацыя, якую ён абярэ, калі Расея больш не будзе падтрымліваць Беларусь”, – лічыць палітолаг.
“Палітычная філасофія Лукашэнкі вельмі простая, – мяркуе А.Рар. – Маральны абавязак мацнейшага і багацейшага расейскага народа – утрымоўваць малодшага брата – народ Беларусі. Які ў падзяку заўсёды будзе выступаць на баку Расеі ў вялікай палітыцы, падтрымліваць расейскія знешнепалітычныя ініцыятывы і быць фарпостам Расеі ў выпадку яе канфлікту з Захадам”.
“Лукашэнка таксама перакананы, – мяркуе палітолаг, – што “малодшы” народ Беларусі, які ніколі адкрыта не выступаў супраць Расеі, мае гістарычныя сувязі з расейскімі і пацярпеў падчас другой сусветнай вайны, заслугоўвае, каб Расея разглядала Беларусь, як частку сваёй эканомікі і не падвышала цэны на свае тавары, у тым ліку на энерганосьбіты”.
“Лукашэнка пакрыўджаны на расейскія ўлады, ён лічыць, што яны здрадзілі маральным уяўленням, якія яму падаваліся гістарычна апраўданымі”, – сказаў А.Рар.
Па яго словах, стаўленне да апошніх заяў Аляксандра Лукашэнкі на Захадзе дваякае. “Шмат экспертаў лічаць, што ён загнаны ў капкан. Расея, якая надалей будзе будаваць з усімі краінамі СНД рынкавыя стасункі,больш не будзе ні ў якай меры яго падтрымліваць. Таму Лукашэнка больш нічога не застаецца рабіць, як стукаць у дзверы Захаду, каб адтуль атрымоўваць дапамогу. Тыя самыя аналітыкі падкрэсліваюць, што першым крокам Лукашэнкі, каб яго прынялі на Захадзе, мусіць стаць адкрыццё эканомікі для заходніх інвестараў. Гэта выкліча вызначаны давер да яго празаходняй арыентацыі”, – адзначыў А.Рар.