Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Грамадзянам ЗША пагражае адміністрацыйнае пакараньне 14:57, 12/02/2007
Дзесяцёра грамадзянаў Злучаных Штатаў Амэрыкі будуць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці — за парушэньне правілаў знаходжаньня ў Беларусі, паведаміла “Радыё Свабода”. Паводле афіцыйнай інфармацыі, яны праводзілі заняткі ангельскай мовы без дазволу Міністэрства адукацыі.
У аддзеле грамадзкіх сувязяў абласной міліцыі пацьвердзілі, што 9 лютага затрымалі амэрыканскіх грамадзянаў. На іх склалі пратакол паводле артыкулу 185 Адміністрацыйнага кодэксу — “Парушэньне правілаў знаходжаньня замежных грамадзянаў у Рэспубліцы Беларусь” і адпусьцілі.
Амэрыканцы знаходзяцца ў Магілёве каля месяца. Іх запрасіла сюды дабрачыннае аб’яднаньне “Стэфан” дзеля бясплатных сэмінар-практыкумаў вывучэньня ангельскай мовы. Пастар аднаго з малітоўных дамоў гораду даў памяшканьне для заняткаў.
“Пастар гэтай царквы, калі быў у Амэрыцы, жыў з намі — і мы сталі для яго сям’ёй. Мы добрыя сябры, і ён дазволіў выкарыстоўваць гэты будынак бясплатна. Мы атрымалі нашы візы ад арганізацыі, якая займалася гэтымі пытаньнямі, — і яны сказалі, што мы можам тут выкладаць ангельскую мову”, -- паведаміла адна амэрыканская настаўніца.
Ва ўправе адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму зазначылі, што амэрыканскія грамадзяне ня мелі права выкладаць — у іх не было дазволу. Хаця супрацоўніца ўправы адукацыі пацьвердзіла, што па дазвол яны зьвярталіся.
“Аднак ім было рэкамэндавана зьвярнуцца ў Міністэрства адукацыі, бо пытаньне знаходзіцца ў кампэтэнцыі гэтага органу дзяржаўнага кіраваньня”, -- заявіла супрацоўніца.
Паводле кіраўніка дабрачыннага аб’яднаньня “Стэфан” Дзьмітрыя Канцавенкі, нагодай для гэткага абыходжаньня з амэрыканскімі грамадзянамі сталася нібыта іхная рэлігійная дзейнасьць у Магілёве.
Калі на амэрыканцаў накладуць адміністрацыйнае пакараньне, Дзьмітры Канцавенка зьбіраецца яго абскарджваць, а таксама будзе дамагацца, каб спынілі ўсе адміністрацыйныя дзеяньні датычна ягоных гасьцей. Паводле Адміністрацыйнага кодэксу, амэрыканскім грамадзянам пагражае папярэджаньне альбо штраф да дваццаці мінімальных велічыняў.