Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Моладзь ушанавала памяць Кастуся Каліноўскага (Фота) 13:21, 12/02/2007
10 лютага, берасьцейская моладзь зладзiла вандроўку ў мястэчка Дамачава, каб адзначыць памяць паўстанцаў Кастуся Калiноўскага. У гэтыя днi дэмакратычная супольнасць на Беларусi адзначае 169-я ўгодкi з дня народзiнаў Кастуся Калiноўскага, арганiзатара нацыянальна-вызваленчага паўстання на беларускiх землях у 1863 годзе.
Берасцейшчына прымала чынны ўдзел у паўстаннi: сотнi прадстаўнiкоў мясцовай шляхты i сялян далучылiся да паўстанцкага руху, дзесяткi баёў i сутычак з расейскiмi войскамi адбылiся на берасцейскiх землях.
Але падзеi тых часоў старанна вынiшчаюцца з памяцi беларусаў. Адзiны помнiк, якi нагадвае аб антырасейскiм паўстаннi на Берасцейшчыне ўсталяваны на тэрыторыi Касцёла Св. Антонiя ў мястэчку Дамачава ў 40 кiламетрах ад абласнога цэнтра. Тут, каля вёскi Чэрск адбылася бойка аднаго з паўстанцкiх атрадаў Калiноўскага з рэгулярнымi войскамi расейцаў. Атрад быў разбiты. У памяць аб гэтай падзеi у 1920-я гады польскiя ўлады ўсталявалi помнiк у выглядзе крыжа.
Дэмакратычная моладзь, прадстаўнiкi цэлага шэрагу арганiзацый Берасця наведалi сёння памятныя мясцiны. Як гаворыць адзiн з удзельнiкаў вандроўкi, гiсторык Павел Дайлiд, асноўнай яе мэтай было знаёмства моладзi з гiсторыяй паўстання Калiноўскага на Берасцейшчыне.
У касцёле Св. Антонiя грэка-каталiцкi святар Айцец Андрэй адслужыў малебен за беларускi народ, гiсторык Наста Іллiна зрабiла невялiчкi экскурс у гiсторыю паўстання на Берасцейшчыне, а старшыня парафiяльнага камiтэта Дамачава сп. Яўген Гамзюк распавёў пра гiсторыю выратавання крыжа ад знiшчэння савецкiмi ўладамi ў 60-я гг.
Ля памятнага крыжа моладзь усталявала лампадкi i ўсклала бел-чырвона-белыя кветкi.