Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка даручыў стварыць у Беларусі тэнісную акадэмію 11:45, 12/02/2007
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі павінна быць створаная свая тэнісная акадэмія, у якой будуць удасканальваць майстэрства маладыя таленавітыя спартсмены. Пра гэта ён паведаміў 11 лютага падчас сустрэч з Максімам Мірным і Уладзімірам Валчковым у менскім футбольным манежу, куды кіраўнік дзяржавы прыбыў за гадзіну да пачатку ўчорашняга матчу 1/8 фіналу Сусветнай групы Кубка Дэвіса Беларусь – Швецыя.
Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, прэзідэнт даручыў старшыне Менгарвыканкама – старшыне Беларускай тэніснай асацыяцыі Міхаілу Паўлаву ўжо сёлета стварыць “тэніснае ВНУ”.
А.Лукашэнка не выключыў, што ўзначаліць гэтую спартовую навучальную ўстанову здолее хто-небудзь з цяперашніх майстроў беларускага тэніса, напрыклад У.Валчкоў. Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба ўсяляк падтрымліваць трэнераў і тэнісістаў – дзяржава мае ўсе магчымасці для гэтага.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў таксама, што заўчорашняя парная гульня беларускіх тэнісістаў і “цудоўная перамога” вельмі пацешылі ўсіх аматараў спорту ў Беларусі. Такі ўзровень гульні, лічыць ён, з’яўляецца чэмпіёнскім. Калі такі самы ўзровень майстэрства беларусы здолеюць прадэманстраваць на Алімпіядзе, якая адбудзецца ў 2008 годзе ў Пекіне, то і там можна будзе разлічваць на самыя высокія месцы, сказаў А.Лукашэнка.
У.Валчкоў адзначыў, што і ён, і М.Мірны сёння пастараюцца выкласціся “на 110 адсоткаў”. Галоўнае, заявіў тэнісіст, каб удача не адвярнулася ад іх падчас гульняў.