Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларуская дэлегацыя зробіць справаздачу ў МАП 12:24, 13/02/2007
13–16 лютага ў Жэневе адбудзецца чарговы раунд кансультацый беларускай дэлегацыі з прадстаўнікамі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), паведамілі БелаПАН у апараце Савета міністраў Беларусі.
Сёння беларуская дэлегацыя на чале з віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым павінна вылецець у Жэневу. На перамовах плануецца працягнуць абмеркаванне пытанняў, датычных захавання правоў прафсаюзаў і выканання рэкамендацый, дадзеных Камісіяй МАП па расследаванні два гады таму.
Нагадаем, што рашэнне пра пачатак расследавання ў дачыненні Беларусі было прынятае Адміністрацыйнай радай МАП у 2003 годзе ў сувязі з скаргай беларускіх незалежных прафсаюзаў. Спецыяльная камісія аналізавала выконванне ўрадам канвенцый МАП “Аб свабодзе аб’яднання і абароне права на арганізацыю ў прафсаюзы” і “Аб праве на арганізацыю ў прафсаюзы і на вядзенне калектыўных перамоваў”. Сітуацыя з захоўваннем правоў прафсаюзаў у Беларусі разглядалася 9 чэрвеня 2006 года на паседжанні Камітэта па нормах і стандартах МАП у рамках 95-й Міжнароднай канферэнцыі працы, якая праходзіла ў Жэневе. Было заяўлена, што калі рэкамендацыі МАП па ліквідаванні парушэнняў правоў прафсаюзаў у Беларусі не будуць выкананыя да лістапада 2006 года, краіне пагражае выключэнне з арганізацыі.
15–17 студзеня выканаўчы дырэктар Міжнароднага бюро працы Карі Тапіола знаходзіўся ў Менску з афіцыйным візітам на чале кантрольнай місіі МАП. У інтэрв’ю БелаПАН ён адзначыў, што беларускі ўрад “распачаў крокі па выкананні некаторых рэкамендацый МАП”, але сітуацыя з захоўваннем правоў прафсаюзаў у Беларусі застаецца “вельмі сур’ёзнай”.