|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Расея напужала Еўропу размовамі пра стварэнне газавага картэлю 10:33, 13/02/2007 Расея і Катар знаходзяцца сярод сусветных лідэраў здабычы газу. Расейскі і катарскі кіраўнікі паведамілі пра тое, што хацелі б не канкурэнцыі, а больш цеснага супрацоўніцтва паміж самымі буйнымі вытворцамі газу з мэтай каардынацыі стасункаў з краінамі-імпарцёрамі. – Я б не казаў, што мы адхілілі прапанову наконт стварэння картэля, – паведаміў Пуцін, – але гэтая ініцыятыва патрабуе больш глыбокага вывучэння. У красавіку група экспертаў адправіцца на канферэнцыю па газавых пытаннях у Дахе, падчас якой будуць абмяркоўвацца пытанні арганізацыі картэля, растлумачыў расейскі лідэр. – Можна пачуць, што, паколькі мы вытворцы энергасыравіны, то мы нібыта і натуральныя канкурэнты. Але гэта не зусім так, – адзначыў Пуцін усяго праз некалькі гадзін пасля прыбыцця ў гэтую маленечкую дзяржаву Персідскага заліва пасля двухдзённага візіту ў Саўдаўскую Аравію. – Нашы рынкі падзеленыя. Шэйх Хамад таксама адзначыў, што гэтае пытанне неабходна абмяркоўваць, але выказаў сумнеў у тым, што газавы картэль валодаў бы такім самым уплывам на рынак газу, як ОПЕК на нафтавы рынак. Газ прадаецца па больш доўгачасовых кантрактах тэрмінам да 25 гадоў, і газавы картэль мала паўплываў бы на гэта, паведаміў ён. У Расеі ёсць буйныя радовішчы газу ў Сібіры і далей на ўсходзе – на Сахаліне. Катар валодае буйнейшым у свеце радовішчам газу. Буйнымі запасамі газу валодае і Іран, які зацікаўлены ў стварэнні картэля і, як і Катар, знаходзіцца ў ОПЕК. Лідэры Еўрапейскага Звяза паведамілі пра тое, што будуць працівіцца любым спробам Расеі заснаваць картэль, бо асцерагаюцца, што ў выніку рэзка ўзрастуць цэны на газ і палітычны ўплыў Расеі. З Расеі Еўропа імпартуе 44% спажыванага ёю газу. Нядаўна зімовыя цэнавыя скандалы з Украінай і Беларуссю прывялі да спынення паставак газу ў гэтыя краіны. Еўрапейцы лічаць, што гэтыя рашэнні былі палітычна матываваныя і таму асцерагаюцца даваць Пуціну магчымасць празмернага ўплыву на рынак. Фадэль Гейт (Fadel Gheit), аналітык у галіне энергетыкі, які працуе ў нью-йоркскай кампаніі Oppenheimer & Co, лічыць, што ствараць газавы картэль, які мог бы хоць у нейкай ступені ўплываць на рынак гэтаксама, як і ОПЕК, цяпер “занадта рана”. – Сусветнага рынку газу пакуль не існуе, і калі Расея, Катар і Іран аб’яднаюцца, то тым самым яны заахвоцяць Захад здабываць газ на аддаленых радовішчах Аляскі і яшчэ дзе-небудзь, – сцвярджае ён. Раней Расея ўжо сутыкалася з гучнымі пратэстамі Еўразвяза і таму не стала педаляваць паднятае Іранам пытанне наконт стварэння картэля. Аднак учора яна дала зразумець, што гэтае пытанне па-ранейшаму вывучаецца. Іран заявіў пра неабходнасць стварэння газавага картэля з Расеяй у студзені. Пра гэта паведаміў вярхоўны лідэр краіны аятала Алі Хаменеі (Ali Khamenei) на перамовах з старшынёй расейскага Савета бяспекі Ігарам Івановым. Аднак Іваноў тады адказаў, што планаў арганізаваць картэль няма, а ёсць толькі “інтарэс вытворцаў газу ў каардынацыі сваіх дзеянняў у газавай сферы”. Пераклад: Иносми.ру
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|