Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Джордж Буш: «Нельга адвярнуцца ад беларускага грамадства» 11:10, 14/02/2007
“Нельга адвярнуцца ад беларускага грамадства, нельга ізаляваць гэтых людзей. Аднак свет не можа цярпець і жорсткія парушэнні правоў і свабодаў у гэтай краіне”, – заявіў у панядзелак прэзідэнт ЗША Джордж Буш падчас сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Валдасам Адамкусам. Падчас сустрэчы прэзідэнты дзвюх краін абмеркавалі пытанні трансатлантычнага супрацоўніцтва, становішча ў Іраку і Афганістане і перспектывы Усходняй Еўропы.
Падчас сустрэчы, якая цягнулася амаль гадзіну, былі абмеркаваныя таксама пытанні развіцця НАТО. Адамкус падкрэсліў важнасць здзяйснення так званай Адрыятычнай ініцыятывы, якая прадугледжвае дапамогу Албаніі, Харватыі і Македоніі ў інтэграцыі ў Паўночнаатлантычны альянс. Гаворка ідзе пра Адрыятычную хартыю, падпісаную 2 траўня 2003 года былым дзяржсакратаром ЗША Колінам Пауэлам і міністрамі замежных спраў гэтых краін. Дадзеная ініцыятыва была прапанаваная імі на Пражскім саміце НАТО ў лістападзе 2002 года.
Акрамя таго, 12 лютага прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус і віцэ-прэзідэнт ЗША Дзік Чэйні абмеркавалі праблемы прасоўвання дэмакратыі на ўсход Еўропы і пытанні энергетычнай бяспекі, паведамляе агенцтва BNS. Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі актуальныя пытанні замацавання дэмакратыі ў дзяржавах Усходняй Еўропы і Паўднёвага Каўказа, заахвочвання трансатлантычнага дыялогу, энергетыкі і знешняй палітыкі.
“У імкненні да нашых агульных мэтаў – свабоды, дэмакратыі і бяспекі – мы мусім працягваць умацаванне супрацоўніцтва Літвы і ЗША, трансатлантычны дыялог”, – сказаў Адамкус. Чэйні адзначыў, што адміністрацыя ЗША асабліва высока ацэньвае намаганні Літвы па падтрымцы развіцця дэмакратыі ў рэгіёне. Ён сказаў, што досвед і думкі Літвы ў ацэнцы працэсаў, якія адбываюцца ва Украіне, Беларусі, Малдове і дзяржавах Паўднёвага Каўказа, “вельмі важныя”.
Прэзідэнт Адамкус падкрэсліў, што ЗША з’яўляецца важным партнёрам Літвы і ўсяго ЕЗ у межах умацавання дэмакратыі ў суседніх з еўрапейскімі дзяржавах. На сустрэчы таксама канстатавалася неабходнасць інтэнсіфікацыі трансатлантычнага дыялогу па пытаннях энергетыкі. Адамкус адзначыў, што неабходна не толькі ствараць альтэрнатыўная праекты ў галіне паставак энергарэсурсаў, але і дамагацца максімальна эфектыўнага выкарыстоўвання гэтых рэсурсаў. Прэзідэнт Літвы лічыць неабходным лепш выкарыстоўваць і шырокія магчымасці энергарэсурсаў. Віцэ-прэзідэнт ЗША цікавіўся планамі Літвы па будаўніцтве сучаснай АЭС і магчымай тэхналагічнай дапамогай ЗША ў галіне ўкаранення альтэрнатыўных энергарэсурсаў.