Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Чаканы дэфіцыт газу «Газпром» можа пакрыць за кошт Украіны 09:43, 14/02/2007
Асноўны экспарцёр газу ў Еўропу, а таксама партнёр Украіны па пастаўках сярэднеазіяцкага паліва расейскі “Газпром” сёлета ўпершыню сутыкнецца з дэфіцытам прыроднага газу ў краіне. Эксперты не выключаюць, што аб’ёмы, якіх не хапае, здольныя атрымаць за кошт паніжэння імпарту ўкраінскім спажыўцам, бо гэтыя кантракты найменш выгодныя расейскаму манапалісту, піша «Коммерсант-Украина».
Учора кіраўнік праўлення РАТ “ЕЭС Расеі” Анатоль Чубайс паведаміў, што дэфіцыт газу ў Расеі ў 2007 годзе складзе 4 млрд. кубаметраў. “Урад упершыню сёлета зацвердзіў газавы баланс, і ў ім упершыню з’явіўся радок “дэфіцыт газу”. У гэтым годзе дэфіцыт складзе 4 мільярды кубаметраў, у 2008 годзе – ужо 8 мільярдаў кубаметраў, і так да 40 мільярдаў кубаметраў (да 2010 года. – Ъ), – паведаміў спадар Чубайс. – Пакуль няма адказу на пытанне, як будзе пакрыты гэты дэфіцыт”.
Вышэйшая крыніца Ъ у ААТ "Газпром" паведаміла, што дэфіцыт паліва ў Расеі павінен быць пакрыты за кошт пераводу расейскіх цеплаэлектрастанцый з газу на мазут і вугаль. Па дадзеных РАТ "ЕЭС Расеі", сёння доля газу як паліва для цеплаэлектрастанцый Расеі складае 97–98%, аднак ужо да 2010 года яна павінна быць паніжаная да 60%. "Дэфіцыт павінен быць ліквідаваны за кошт адмовы РАТ “ЕЭС” ад спажывання газу,– сказаў суразмоўца.– Калі гэтага не адбудзецца, можна будзе скараціць спажыванне ў іншых галінах. На крайні выпадак, кампанія адмовіцца ад найменш выгодных знешнеэканамічных кантрактаў, захаваўшы, вядома, у поўным аб’ёме экспарт у краіны Еўразвяза".
Сітуацыя з дэфіцытам газу ў Расеі ў гэтым годзе стала нечаканасцю. Нягледзячы на тое, што ў "Газпроме" пра гэта заяўлялі яшчэ летась, прадстаўнікі газавай манаполіі прагназавалі, што дэфіцыт з’явіцца не раней за 2010 год. Для таго каб яго не дапусціць, меркавалі накіраваць значныя інвестыцыі ў распрацоўку новых радовішчаў, у тым ліку Штокманоўскага.
Удзельнікі рынку лічаць, што скараціць спажыванне газу на 4 мільярды кубаметраў да канца года, хутчэй за ўсё, немагчыма. "Ніводная энергетычная сістэма свету не здольная за такі кароткі перыяд дамагчыся такога скарачэння. Асабліва гэта тычыцца зношаных энергасістэм краін СНД, у тым ліку Расеі, – гаворыць генеральны дырэктар кампаніі “Укрэнергоальянс” (пастаўляе камплектуючыя для электрастанцый Расеі) Валеры Рудзенка. – Максімальны аб’ём газу, на які (Анатоль. – Ъ) Чубайс здолее скараціць спажыванне, – гэта 2–2,5 мільярды кубаметраў".
Эксперты адзначаюць, што дадзеная сітуацыя стварае рызыку для ўкраінскіх спажыўцоў. Сябар камітэта па ТЭК Вярхоўнай рады Віктар Таполаў упэўнены, што "Расея не здолее пайсці на скарачэнне паставак газу для краін Еўразвяза і ў яе застанецца адзіны выхад – пакрываць дэфіцыт за кошт найменш цікавых у камерцыйным плане рынкаў".
Цана на паліва для Украіны застаецца адной з самых нізкіх не толькі ва Усходняй Еўропе, але і ў СНД. Так, Малдова ўжо цяпер закупляе газ па цане $160 за тысячу кубаметраў, краіны Балтыі – па $160-200, а Грузія, Арменія і Азербайджан – па $110. Аднак да 2007 года "Газпром" мае намер перагледзець цэны. У Грузіі, напрыклад, чакаюць цэны каля $170–260. Беларусі прапаноўваецца газ па цане $200.
У 2007 годзе газ ва Украіну імпартуе швейцарская кампанія RosUkrEnergo па цане $130 за тысячу кубаметраў. Для гэтых мэт RUE закантрактавала ў "Газпрома" 42 млрд. кубаметраў туркменскага газу, у "Казмунайгаза" 8,5 млрд. кубаметраў казахскага газу і ў "Узбекнефтегаза" 7 млрд. кубаметраў узбекскага газу. Туркменскі газ быў набыты кампаніяй па $100,75 за тысячу кубаметраў – раней "Газпром" закупляў гэты газ у Туркменіі па $100 за тысячу кубаметраў (гл. Ъ ад 22 студзеня). "З улікам таго, што раней на продажы туркменскага газу “Газпром” зарабляў 30–40 даляраў, а цяпер 75 цэнтаў за тысячу кубаметраў, сённяшняя сітуацыя вельмі невыгодная для кампаніі, што толькі падвышае рызыку перагляду ўкраінскага кантракту", – паведаміў спадар Таполаў.