Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
КДБ супраць ушанаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на дзяржаўным узроўні 10:25, 14/02/2007
Старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка 13 лютага напісаў сустаршыні грамадзкага камітэту па ўвекавечаньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсій Радзіму Гарэцкаму, што стварэньне гэткага ж камітэту на дзяржаўным узроўні — немэтазгоднае, паведаміла “Радыё Рацыя”. Сухарэнка лічыць, стварэньне дзяржаўнага аргкамітэту па ўвекавечаньні сталінскіх рэпрэсіяў зьвязана з дадатковымі штатамі і сродкамі на яго матэрыяльна-тэхнічнае забесьпячэньне, а гэта зараз немэтазгоднае.
Сухарэнка паведаміў таксама, што ў 2004 годзе завяршылі выданьне гісторыка-дакумэнтальных хронікаў памяці ўсіх раёнаў Беларусі — у хроніцы кожнага раёну ёсьць разьдзел “Вернутыя імёны” са сьпісамі грамадзянаў, якіх неабгрунтавана асудзілі ў 1920-1950-я гады ды рэабілітавалі на момант выхаду кнігі. Для ўвекавечаньня ахвяраў сталіншчына, паводле Сухарэнкі, маюцца ў календары Радаўніца і Дзяды. Сам жа 2007 год аб’яўлены ўжо ў Беларусі Годам дзіцяці ды прыпадае ў ім 125-годзьдзе з дня нараджэньня Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Паводле гісторыка Ігара Кузьняцова, КДБ сваім адказам ускосна прапануе грамадзтву самастойна ўшанаваць 70-годзьдзе трагічнага 1937 году ў Беларусі. Прыведзеныя ў хроніках сьпісы, па словах Кузьняцова, далёка няпоўныя — па мінімальных падліках, у часы сталіншчыны расстралялі 300 тысяч ураджэнцаў Беларусі.
— У хроніку памяці сталіцы, — адзначыў Кузьняцоў, — уключана ня больш за дзесяць працэнтаў імёнаў рэпрэсаваных, тады як, паводле самых мінімальных падлікаў, у горадзе было расстраляна больш за 50 тысяч чалавек.