Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Літва прапаноўвае дапамогу Беларусі пры пастаўках нафты 10:17, 14/02/2007
Літва прапаноўвае Беларусі, якая шукае альтэрнатыўныя шляхі паставак нафты ў рэспубліку, скарыстацца Клайпедскім нафтатэрміналам і літоўскімі чыгункамі. Як паведаміў прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус журналістам у Вашынгтоне падчас свайго афіцыйнага візіту ў ЗША, магчымасць дастаўляць нафту па моры да Клайпеды, разгружаць цераз нафтатэрмінал і па чыгунцы везці ў Беларусь ён абмеркаваў на сустрэчах з віцэ-прэзідэнтам ЗША Рычардам Чэйні і кіраўніком Мінэнерга ЗША Самюэлем Бодманом.
Раней генеральны дырэктар нафтатэрміналу Klaipedos nafta Юргіс Аушра казаў, што Беларусь у якасці адной з альтэрнатыў пастаўкі нафты з Расеі вывучае магчымасць імпарту нафты цераз Клайпедскі марскі порт, паведамляе “Інтэрфакс”.
Нагадаем, Расея з 8 да 11 студзеня не пастаўляла нафту ў Еўропу па нафтаправодзе “Дружба” з прычыны адмовы Беларусі прапускаць транзітныя патокі без выплаты расейскім бокам пошліны за транзіт сыравіны па беларускай тэрыторыі. Пасля падпісання адпаведнага расейска-беларускага міжурадавага пагаднення пастаўкі аднавіліся ў поўным аб’ёме.
Беларусь пасля ўрэгулявання нафтавага канфлікту з Расеяй з 1 лютага 2007 года купляе расейскую нафту па новай цэнавай формуле, у лютым кошт тоны нафты для Беларусі складае $225. З прычыны падвышэння кошту нафты Беларусь стала шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак энергетычнай сыравіны.
Раней таксама паведамлялася, што АК “Транснефть” прапаноўвае пабудаваць нафтаправод у абыход Беларусі – Унеча – Вялікія Лукі – Прыморск – магутнасцю 50 млн. тон у год. Новая магістраль у выпадку яе стварэння ліквідуе транзітныя рызыкі пры пастаўках нафты ў Нямеччыну і Польшчу. Кіраўнік “Транснефти” Сямён Вайншток адзначаў, што нафтаправод можа быць пабудаваны менш як за 1,5 года.