Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хто з палітвязьняў патрапіць пад амністыю? 11:54, 15/02/2007
У Міністэрстве ўнутраных справаў пачалі рыхтавацца да амністыі зьняволеных. Як пацьвердзілі ў прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі, 13-га лютага ён загадаў міністру ўнутраных спраў Уладзімеру Навумаву “рыхтаваць пытаньні амністыі грамадзянаў, якія ўчынілі меней цяжкія злачынствы і сталі на шлях выпраўленьня”. У міністэрстве “Радыё Свабода” сказалі, што ўжо працуюць над выкананьнем даручэньня.
Былы судзьдзя Гары Паганяйла згадвае: звычайна ў Беларусі амністыю прымяркоўваюць да дзяржаўных сьвятаў. У 2005-м яе правялі напярэдадні сьвята Перамогі, годам раней – перад днём Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але збольшага адпаведны закон могуць прыняць у любы час, як спатрэбіцца ўладзе, мяркуе Гары Паганяйла. Праваабаронца не выключае, што пад амністыю падпадзе большасьць палітвязьняў.
“Але дакладна ў прэамбуле закону аб амністыі ня будзе ўказана, што вось, маўляў, у сувязі з патрабаваньнямі грамадзкасьці мы вызваляем гэтых і гэтых. Канешне, улада на гэта ня пойдзе. Але фактычна гэта можа быць выкананьнем пэўных патрабаваньняў Эўропы, толькі быццам пад выглядам амністыі крымінальнікам”, -- кажа праваабаронца.
Гары Паганяйла перакананы, што беларускія ўлады ніколі не дапусьцяць у турмы незалежных экспэртаў, які б вызначалі, ці ёсьць ў краіне палітвязьні. Нагадаем, менавіта гэтую умову для дыялёгу Эўропы зь Менскам агучыў днямі старшыня ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн.
Хто з палітвязьняў мае шанцы ў выпадку амністыі выйсьці на волю? Адвакат Аляксандр Галіеў абараняў лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча, якога зьняволілі на паўтара году.
“Калі зьнімуць год паводле амністыі, а паўгоду ён ужо адбыў, то пасьля прыняцьця закону аб амністыі Дашкевіч мусіць вызваліцца”, – мяркуе адвакат Аляксандр Галіеў. Пры гэтым ён нагадвае, што адміністрацыя калёніі будзе ўлічваць і паводзіны асуджанага. Зьміцер Дашкевіч ў калёніі ўжо атрымаў два спагнаньні.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч як вялікія ацаніў шанцы на вызваленьне усіх палітвязьняў, акрамя Аляксандра Казуліна.
“Калі будзе амністыя, то выйдуць на волю Фінькевіч, Севярынец, Статкевіч, якія фактычна свае тэрміны ўжо амаль адбылі, і амністыя іх цалкам паглыне. Гэтаксама і Садоўская – тым больш яна падпадзе пад асобную групу асуджаных: жанчыны сталага веку. А вось з Казуліным будзе праблема, бо 5,5 гадоў пакараньня ніводная амністыя не пагасіць. Хіба што яго пэрсанальна Лукашэнка памілуе”, -- кажа праваабаронца.
Як патлумачыў адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч, ягоны падабаронны не прызнае сябе вінаватым і дамагаецца не амністыі ці ўмоўна-датэрміновага вызваленьня, а цалкам адмены прысуду.