Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
МЗС: Беларусь працягне актыўна займацца дыверсіфікацыяй крыніц энергіі 17:32, 15/02/2007
“Дыверсіфікацыя крыніц атрымання энерганосьбітаў для ўсялякай краіны – справа абсалютна натуральная і нармальная. Беларусь у гэтым выпадку не выключэнне. Мы цяпер гэтым актыўна займаемся і працягнем займацца надалей”, – заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў 15 лютага на брыфінгу, каментуючы журналістам нядаўнюю заяву прэзідэнта Літвы Валдаса Адамкуса наконт альтэрнатыўных паставак нафты ў Беларусь.
13 лютага Валдас Адамкус заявіў журналістам, што абмеркаваў пытанне паставак нафты ў Беларусь з віцэ-прэзідэнтам ЗША Рычардам Чэйні. Літоўскі прэзідэнт паведаміў, што нафта для Беларусі можа паступаць марскім шляхам да нефтатэрамінала ў Клайпедзе. Адтуль нафта па чыгунцы зможа дастаўляцца ў Беларусь. “Гэта адна з магчымасцяў дастаўкі, і тады, па дамоўленасці, па чыгунцы можна даставіць усё што трэба і чаго бракуе, каб запатрабаванне Беларусі было здаволенае”, – сказаў прэзідэнт Літвы. Прапанаваная схема паставак нафты ў Беларусь з’яўляецца дапамогай “не рэжыму”, а “беларускаму народу”, растлумачыў Валдас Адамкус, адказваючы на пытанні амерыканскіх журналістаў.
Як паведамлялі раней, расейская кампанія “Транснефть”, якая цяпер транзітам цераз Беларусь пастаўляе нафту ў Заходнюю Еўропу, плануе пабудаваць новы нафтаправод у абыход Беларусі менш як за паўтара гады. 13 лютага пра гэта заявіў прэзідэнт кампаніі Сямён Вайншток на прэс-канферэнцыі ў Лондане.
Нагадаем, 8 студзеня 2007 года ў выніку канфлікту Расеі і Беларусі з нагоды пошлін на нафту і яе транзіту пастаўкі вуглевадароднай сыравіны па нафтаправодзе “Дружба” былі часова спыненыя. Прапампоўка нафты была адноўленая ўвечары 10 студзеня. Заходнія спажыўцы расейскай нафты заявілі пра недапушчальнасць такіх крокаў, а прэзідэнт Расеі даручыў паскорыць распрацоўку альтэрнатыўных маршрутаў паставак нафты ў Еўропу.