Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сяргей Калякін: З Мілінкевічам альбо без яго, але кангрэс адбудзецца 13:06, 15/02/2007
У шэрагах апазіцыі спакойна ставяцца да ўчорашняй заявы старшыні Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча аб адмове удзельнічаць у Кангрэсе прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў. Гэтае мерапрыемства, нагадаем, мусіць адбыцца ў сярэдзіне сакавіка.
Сваю адмову палітык абгрунтаваў тым, што Кангрэс замест шырокага форума апазіцыі, хутчэй за ўсё, ператворыцца ў палігон для высвятлення адносінаў паміж лідэрамі палітычных структур. “Я больш не магу заставацца заложнікам такой сітуацыі і не хачу ўдзельнічаць ва ўнутраных разборках. Дэмакратаў шмат у чым справядліва папракаюць у адсутнасці рэальных дзеянняў. Я супраць таго, каб канкурэнцыя паміж лідэрамі партый паглынула ўвесь патэнцыял дэмакратычнай кааліцыі”, – зазначыў у сваёй заяве Аляксандр Мілінкевіч.
Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, які ў 2006 годзе ўзначальваў перадвыбарны штаб Аляксандра Мілінкевіча, сказаў у інтэрв’ю “Белорусскому партизану”, што лічыць рашэнне палітыка “не вельмі дальнабачным”.
“Калі ён не хоча ўдзельнічаць у агульнадэмакратычным працэсе, то гэта яго права. Але рашэнне аднаго чалавека, які не мае рэальных структур, не можа спыніць падрыхтоўку кангрэса. Таму з Мілінкевічам або без яго, але кангрэс адбудзецца”, – сказаў С.Калякін. Пры гэтым ён адзначыў, што, як правіла, спробы асобных людзей ісці па-за рэчышчам агульнага палітычнага працэсу завяршаюцца няўдала.