Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Уладзімір Кобец: «Сёння менавіта Мілінкевіч задае дынаміку палітычным працэсам» 16:05, 15/02/2007
“Аляксандр Мілінкевіч – чалавек непартыйны. Таму яго адмова ад удзелу ў партыйным мерапрыемстве абсалютна лагічная. Сёння Мілінкевіч – безумоўны лідэр грамадзянскай супольнасці, ён мае высокі аўтарытэт як у Беларусі, так і за мяжой. Сёння менавіта Мілінкевіч задае дынаміку палітычным працэсам, якія адбываюцца ў краіне. Напрыклад, яго адкрыты ліст да Лукашэнкі. Гэта моцны ход сур’ёзнага палітыка, які можа прывесці да пэўных вынікаў”, – заявіў моладзевы лідэр Уладзімір Кобец, каментуючы прэс-цэнтру Хартыі’97 рашэнне Аляксандра Мілінкевіча не ўдзельнічаць у Кангрэсе.
На думку Уладзіміра Кобеца, Кангрэс дэмакратычных сілаў, які адбыўся напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, ставіў перад сабой пэўныя мэты, у прыватнасці – вылучэнне адзінага кандыдата ад апазіцыі на выбарах.
“Кангрэс паслужыў кансалідацыі ўсіх дэмсіл, і дэ-факта стартам кампаніі Аляксандра Мілінкевіча. Безумоўна, роля палітычных партый у гэтым была вялікая. Але выбары прайшлі, і Аляксандр Мілінкевіч больш не з’яўляецца кандыдатам у прэзідэнты, – гаворыць моладзевы лідэр. – У новых абставінах Кангрэс, калі ён адбудзецца, выглядае як чыста партыйнае дзейства, якое выклікае мала цікавасці ў грамадстве. Не зразумелыя і мэты дадзенага мерапрыемства. Скандалы, якія суправаджаюць падрыхтоўку да кангрэса, таксама не надаюць упэўненасці ў тым, ці паслужыць такі сход згуртаванню дэмакратычных сілаў. Я ведаю, што большасць моладзевых актывістаў падтрымлівае гэты крок Аляксандра Мілінкевіча і звязвае менавіта з ім надзеі на перамены ў краіне”.