Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускаму кіраўніку знайшлі еўракуратара 12:29, 15/02/2007
Заклікі Аляксандра Лукашэнкі да Захаду абараніць яго ад Расеі атрымалі водгук Еўразвяза, піша расейская газета “КоммерсантЪ”. Учора прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус заявіў, што яго краіна сумесна з Беларуссю і Украінай распрацоўвае новыя шляхі забеспячэння нафтай, альтэрнатыўныя расейскім. Учора новы амбасадар Літвы ў Менску перадаў беларускім уладам прапанову Вільні стаць пасярэднікам у дыялогу Менска з Брусэлем. Куратарам збліжэння Беларусі і ЕЗ становіцца Літва.
“Мы маглі б стаць вашымі адвакатам у Брусэлі і ў дыялогу з Еўрапейскім Звязам”, – заявіў у Менску надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас. Зрэшты, абнадзеіўшы беларускія ўлады, спадар Багдонас пры гэтым быў вельмі асцярожны ў фармулёўках. “Літва, як сябра Еўразвяза, падтрымлівае палітыку ЕЗ і чакае пэўных прапаноў ад беларускага боку. Мы, як суседзі, хацелі б першымі пачуць гэтыя прапановы”,– растлумачыў літоўскі амбасадар. Пры гэтым ён не згадзіўся з сцвярджэннем пра тое, што Літва з’яўляецца фарпостам у справе прасоўвання дэмакратыі на Усход. Па словах амбасадара, Літве трэба адыграць ролю не “фарпоста”, а “моста”. “Мост больш карысны ў справе прасоўвання дэмакратыі, чым фарпост”, – сказаў ён і пры гэтым зазначыў, што ў ЕЗ чакаюць ад Беларусі больш актыўнага руху ў бок дэмакратыі. “Лепшай сістэмы ўпраўлення, чым дэмакратыя, няма”, – нагадаў Эдмінас Багдонас.
Зрэшты, калі ў палітычнай галіне хуткага збліжэння Беларусі і Еўразвяза не чакаецца, то ў сферы энергетычнага супрацоўніцтва наспяваюць больш радыкальныя перамены. Учора прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус паведаміў, што яго краіна сумесна з Украінай і Беларуссю распрацоўвае альтэрнатыўную сістэму нафтазабеспячэння, якая дазволіла б гарантаваць незалежнасць ад паставак нафты з Расеі, замяніўшы іх сыравінай з Ратэрдамскай нафтавай біржы. Па словах спадара Адамкуса, Літва мае намер рэканструяваць тэрмінал у Клайпедзе для прыёму нафты з Ратэрдама. У сваю чаргу, у сувязі з гэтымі планамі Беларусі і Украіне трэба стварыць неабходную сетку нафтабаз і чыгуначных эстакад па прыёме нафты. “Беларусь, як і Украіна, падвергнутая маніпуляцыям спадара Пуціна. Стварэнне такой сістэмы дазволіць застрахавацца ад нафтавых блакад з боку Расеі”,– заявіў Валдас Адамкус.
Цікава, што раней падчас свайго афіцыйнага візіту ў ЗША прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус заявіў журналістам, што ён абмеркаваў магчымасць дастаўляць нафту па моры да Клайпеды, разгружаць яе цераз нафтатэрмінал і па чыгунцы везці ў Беларусь на сустрэчах з віцэ-прэзідэнтам ЗША Рычардам Чэйні і кіраўніком Мінэнерга ЗША Самюэлем Бодманам. Нагадаем, што шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак энергетычнай сыравіны Беларусі давялося пасля расейска-беларускага нафтагазавага канфлікту. Пазней генеральны дырэктар нафтатэрмінала Klaipedos nafta Юргіс Аушра заявіў, што Беларусь у якасці адной з альтэрнатыў пастаўкам нафты з Расеі вывучае магчымасць імпарту нафты праз Клайпедскі марскі порт.
Такім чынам, палітычным і эканамічным куратарам Менска ў Еўразвязе становіцца суседняя Літва, гатовая іграць для яго ролю “моста” і “заправачнай станцыі” адначасова, піша “КоммерсантЪ”.