Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пачаўся суд над Канстанцінам Лукашовым 17:13, 15/02/2007
У судзе Ленінскага раёну Менску пачаўся суд над Канстанцінам Лукашовым. Яго вінавацяць у супраціве міліцыянтам, паведамляе “Радыё Свабода”. 29 сакавіка Канстанцін Лукашоў вывозіў свайго брата Вячаслава Сіўчыка з шпіталя і не спыніў машыну на патрабаваньне людзей у цывільным, якія, як пазьней высьветлілася, зьяўляліся міліцыянтамі. Канстанціна Лукашова ад 19 сьнежня трымаюць пад вартай. Яму пагражае зьняволеньне да 6 гадоў.
У суд Ленінскага раёну Менску прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек – прадстаўнікі АБСЭ, амбасады ЗША, лідэр дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч, ягоная жонка Іна Кулей, рэжысэр Юры Хашчавацкі, праваабаронца Людміла Гразнова ды іншыя.
Сёньня суд заслухаў абвінавачваньне пракуратуры і чатырох сьведак інцыдэнту, які адбыўся ў двары 3-га клінічнага шпіталя 29 сакавіка. Тады Канстанцін Лукашоў кіраваў аўтамабілем, у якім знаходзіўся ягоны брат Вячаслаў Сіўчык. Міліцыянты ў цывільным пачалі падаваць знакі Канстанціну, каб ён спыніў аўтамабіль, але той не падпарадкаваўся.
Пазьней адзін зь міліцыянтаў зьвярнуўся з заявай у пракуратуру пра тое, што Лукашоў наехаў на яго. Міліцыянт прадставіў заключэньне мэдычнай экспэртызы пра тое, што атрымаў чэрапна-мазгавую траўму.
“Я бачыў асабіста, як чалавек у спартовым касьцюме, а гэта такая, відаць, новая форма міліцыі, бег з бальнічнага двара да вуліцы Леніна, а потым па вуліцы Леніна да вуліцы Ўльянаўскай. Я бачыў яго жывым і здаровым, калі наша машына з`ехала з гэтага скрыжаваньня. Ён размаўляў па мабільным тэлефоне. Я лічу зьдзекам, што былі сфальсыфікаваныя дакумэнты аб тым, што ён нібыта атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. Калі ў чалавека такая траўма, то ён ня можа так сябе паводзіць”, -- гаворыць брат Канстанціна Вячаслаў Сіўчык.
Адвакат Канстанціна Лукашова спадзяецца, што напрыканцы тыдня можа быць агалошаны прысуд.