|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
У Берліне прэзентавалі фільм пра акцыі ў абарону правоў чалавека ў Беларусі 15:16, 16/02/2007 Малады кінааператар-дакументаліст Себасцьян Хайнцэль атрымаў вядомасць пасля фільма “89 мм – свабода ў апошнім апірышчы дыктатуры Еўропы”. Стужка распавядае пра маладых беларусаў, пра іх суб’ектыўнае разуменне свабоды і стаўлення да жыцця, паведамляе “Нямецкая хваля”. Фільм пра беларускую рэчаіснасць прыцягнуў увагу і “Міжнароднай амністыі”, арганізацыі, якая выступае ў абарону правоў чалавека, падтрымлівае палітвязняў, змагаецца з дыскрымінацыяй і пакараннем смерцю. “Яны паглядзелі фільм “89 мм” і звярнуліся да мяне з просьбай зняць стужку пра акцыі пад назваю “Can I get a Right?” – шматдзённай кампаніі пратэсту супраць парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Прапанова здалася мне прывабнай: тое, што задумалі актывісты “Міжнароднай амністыі” не было забаўляльным ваяжам”, – сказаў Себасцьян Хайнцэль. Дзесяцідзённы марафон пачаўся ў Амстэрдаме 6 сакавіка 2006 года. Дваццаць добраахвотнікаў перасеклі аўтастопам усю Заходнюю Еўропу, ад Паўночнага мора да Беластока. З невялікімі прыпынкамі ў Боне, Берліне, Варшаве. “Мэта была – дабрацца да беларускай мяжы, гэта значыць, да рысы, за якой канчаецца свабода. Падарожжа ішло пад дэвізам: “Прыцягнуць увагу людзей да парушэння правоў чалавека ў Беларусі”, – распавядае рэжысёр. Актывісты ўступалі ў гутаркі з мінакамі на вуліцах, на бензазаправачных станцыях і ў закусачных. Апынулася, што ў Галандыі і на захадзе Нямеччыны не шмат хто здолеў пахваліцца веданнем геаграфіі і сказаць, дзе знаходзіцца Рэспубліка Беларусь. А ужо пра хуткія выбары, бясследныя знікненні людзей, палітыкаў-апазіцыянераў і журналістаў, пра тое, што ў Беларусі ўсё яшчэ існуе пакаранне смерцю, ведалі адзінкі. “Чым бліжэй мы пад’язджалі да Беларусі, тым больш сустракалі дасведчаных суразмоўцаў. Напрыклад, у Берліне і асабліва ў Польшчы. У Варшаве, менавіта ў гэты час, адбываліся канцэрты і акцыі салідарнасці з Беларуссю. Актывісты “Міжнароднай амністыі” таксама ўзялі ў іх удзел”, – кажа Себасцьян Хайнцэль. Удзельнікі акцыі “Can I get a right?” везлі з сабою петыцыю з тысячамі подпісаў пад ёй. Па запэўніваннях Себасцьяна – самую працяглую петыцыю Нямеччыны, – яе даўжыня перавышае 30 метраў. У Берліне гэты вялікі рулон добраахвотнікі паспрабавалі перадаць супрацоўнікам амбасады Рэспублікі Беларусь. Але тыя адмовіліся ўзяць петыцыю і нават не пусцілі актывістаў на тэрыторыю амбасады. Гэтаксама бесцырымонна ўдзельнікаў акцыі выставілі прэч і з беларускай амбасады ў Варшаве. “Нарэшце, петыцыю перадалі актывістам з беларускага аддзялення арганізацыі “Міжнародная амністыя” і яны павезлі яе ў Менск. Спадзяюся, што петыцыя ўсё-ткі патрапіла па прызначэнні”, – гаворыць Хайнцэль. Пасля прагляду фільма гледачы выказалі сваё меркаванне. “Тут людзі не ведаюць нават, як называецца сталіца Беларусі. Толькі пасля скандалу з пастаўкамі газу ў Нямеччыне звярнулі ўвагу на гэтую краіну. На мой погляд, проста сорамна не ведаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Бо яна, практычна, наш сусед”, – казалі людзі. Акцыя “Can I get a right?” скончылася ў Беластоку. Але два актывісты-добраахвотнікі вырашылі адправіцца далей, у Менск. 19 сакавіка, у дзень выбараў прэзідэнта Беларусі яны ўзялі ўдзел у мітынгу на Кастрычніцкай плошчы. Кадрамі скандуючых людзей і завяршаецца фільм.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|