Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Расея адбярэ ў Беларусі яшчэ 230 мільёнаў даляраў 09:40, 19/02/2007
Дзяржаўны мытны камітэт (ДМК) Беларусі заявіў пра тое, што прэтэнзіі Расеі з нагоды працэдуры перамяшчэння “калінінградскіх тавараў” неабгрунтаваныя. У распаўсюджаным напярэдадні лісце ДМК сцвярджае, што Расея сама, яшчэ ў 2005 годзе, парушыла раней узгодненую бакамі працэдуру перамяшчэння тавараў з Калінінграда, паставіўшы беларускіх атрымальнікаў у дыскрымінацыйны стан. Заява ДМК з’явілася толькі пасля таго, як Мінтранс Расеі паведаміў пра тое, што не дазволіць беларускім перавознікам вазіць тавары ў/з Расеі з трэціх краін. Па ацэнках “Независимой газеты”, у перавозках грузаў паміж Заходняй Еўропай і РФ удзельнічаюць каля 6,7 тыс. беларускіх аўтамабіляў. Прыбытак ад гэтых перавозак складае больш як 230 млн. даляраў у год.
“У мэтах урэгулявання дадзенай сітуацыі ДМК неаднаразова цягам 2006 года звяртаўся ў Федэральную мытную службу (ФМС) Расеі з нагоды неабходнасці ўжывання тэхналогіі і ў дачыненні тавараў, прызначаных для Беларусі. Напрыканцы мінулага года расейскі бок паінфармаваў рэспубліку, што тэхналогія ўжываецца расейскімі мытнымі органамі ў строгай адпаведнасці з расейскім заканадаўствам, гэта значыць, нацыянальнае заканадаўства мае прыярытэт”, – гаворыцца ў заяве ДМК. Пасля гэтага Беларусі нічога іншага не заставалася, як прыняць адэкватныя меры ў дачыненні расейскіх тавараў, якія ідуць з Калінінграда на астатнюю тэрыторыю РФ, сцвярджаюць у беларускім мытным ведамстве.
Нагадаем, што з студзеня 2007 года беларускія мытныя органы пачалі даглядаць усе расейскія тавары, якія паступаюць з Калінінградскай вобласці транзітам цераз Беларусь на астатнюю частку тэрыторыі Расеі, з ужываннем абавязковага канваіраванне транспартных сродкаў. Да гэтага расейскія тавары перамяшчаліся транзітам цераз Беларусь паводле транспартных дакументаў з адзнакамі мытных органаў Калінінградскай вобласці, якія дазваляюць вываз на астатнюю частку Расеі. Беларускія мытнікі аргументавалі абгрунтаванасць сваіх дзеянняў і прывялі дадзеныя праведзеных імі спецыяльных мерапрыемстваў. Паводле якіх, з 827 партый грузаў, якія ідуць з Калінінградскай вобласці ў РФ цераз Беларусь і якія былі ўзятыя пад кантроль, па 47 партыях коштам каля 10 млн. даляраў (тэлевізійная, бытавая тэхніка, мясныя прадукты і інш.) дадзеных аб вывазе за межы краіны не атрымана.
Увесь гэты час беларускі бок сітуацыя з калінінградскімі грузамі не турбавала. Адчувалі дыскамфорт і неслі страты расейскія перавознікі. Заява ДМК з’явілася толькі пасля таго, як Мінтранс Расеі паведаміў пра тое, што не дазволіць беларускім перавознікам вазіць тавары ў/з Расеі з трэціх краін. Па ацэнках беларускіх экспертаў, у перавозках грузаў паміж Заходняй Еўропай і РФ удзельнічаюць каля 6,7 тыс. беларускіх аўтамабіляў. Прыбытак ад гэтых перавозак складае больш як 230 млн. даляраў у год. Гэтым бізнэсам займаюцца каля 15 тыс. чалавек. ДМК Беларусі адзначае, што заявы расейскага Мінтранса “не ўлічваюць аб’ектыўных акалічнасцяў”. Там лічаць, што для спрашчэння парадку мытнага афармлення тавараў, якія ідуць з Калінінградскай вобласці на астатнюю частку Расеі транзітам цераз тэрыторыю рэспублікі, неабходна распрацаваць у рамках Мытнага камітэта “саюзнай дзяржавы” асобны парадак, аналагічны таму, які існаваў раней, і жорстка кантраляваць яго выконванне бакамі.