Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка шукае з кім сябраваць супраць Расеі 10:17, 20/02/2007
Дата візіту Аляксандра Лукашэнкі ва Украіну канчаткова не вызначаная. Хоць расейскія і беларускія СМІ ўжо неаднаразова называлі 26 лютага, карэспандэнту “Независимой газеты” пацвердзіць або абвергнуць гэтую інфармацыю адмовіліся і ў амбасадзе Беларусі ва Украіне, і ва ўкраінскім МЗС, і ў сакратарыяце прэзідэнта, а кіраўнік адміністрацыі беларускага прэзідэнта Генадзь Нявыглас назваў гэтую дату папярэдняй. Да заканчэння дзейнасці ўкраінска-беларускіх працоўных груп афіцыйныя крыніцы адмаўляюцца ўдакладняць любыя дэталі дадзенага візіту.
Гэтую няпэўнасць можна растлумачыць адсутнасцю адзінай пазіцыі ўкраінскіх уладаў у пытанні энергетычнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Асабліва ў дачыненні магчымага ўкраінска-літоўска-беларускага праекту альтэрнатыўных паставак нафты, пра што нядаўна заявіў прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус.
Як вядома, менавіта пытанне энергетычнага супрацоўніцтва будзе ключавым у рамках сустрэч украінскага і беларускага лідэраў. Паводле інфармацыі прэс-службы кіраўніка ўкраінскага прэзідэнта, плануецца, што Віктар Юшчанка і Аляксандр Лукашэнка падпішуць мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы энергетыкі, консульскую канвенцыю і шэраг іншых пагадненняў. Па словах прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага, палажэнні мемарандума аб супрацоўніцтве дзвюх краін у энергетычнай сферы тычацца пытанняў супрацоўніцтва Украіна–Цэнтральная Азія, будаўніцтва лініі электраперадачы Ровенская АЭС–Мікашэвічы і іншых перспектыўных праектаў. “Рэалізацыя палажэнняў мемарандума дазволіць Беларусі ў значнай ступені дыверсіфікаваць пастаўкі энерганосьбітаў з-за меж рэспублікі, а таксама больш актыўна развіваць уласныя энергетычныя магутнасці”, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы беларускага ўрада.
Аднак варта адзначыць, што Віктар Юшчанка выступіў за стварэнне сумесных з Літвой і Беларуссю праектаў, звязаных з дыверсіфікацыяй расейскіх энерганосьбітаў, аднак прэм’ер-міністр Віктар Януковіч і “паліўны” блок урада наконт гэтага ўпарта маўчаць. Як заявіў “НГ” старшыня Цэнтра паліталагічных даследаванняў “Пента” Уладзімір Фесенка, украінскі ўрад зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Расеяй і не спяшаецца рабіць неабдуманыя крокі. “Ні прэм’ер Януковіч, ні віцэ-прэм’ер Украіны Андрэй Клюеў, ні міністр паліва і энергетыкі Бойка не пракаментавалі заяву Адамкуса. Такім чынам, адзінай пазіцыі ўкраінскіх улад у гэтым пытанні няма”, – сказаў палітолаг “НГ”. Па яго прагнозах, ад візіту беларускага кіраўніка дзяржавы наўрад ці варта чакаць радыкальных зрухаў, бо ўрад не гатовы ўвязвацца ў чарговыя энергетычныя спрэчкі з Расеяй. Па ацэнках Фесенкі, ўнутрыпалітычная сітуацыя такая, што Лукашэнку трэба дамаўляцца не толькі з Юшчанкам, але і з Януковічам.
Гэта разумеюць, здаецца, і ў Менску. Мясцовыя эксперты пра магчымыя вынікі беларуска-ўкраінскіх перамоваў гавораць з гранічнай асцярожнасцю – у энергетычнай сферы поспеху можна чакаць хіба што ў пытаннях паставак і транзіту электраэнергіі і прыроднага газу. “Чаму б не развіваць супрацоўніцтва ў плане транзіту цераз Беларусь украінскай электраэнергіі ў краіны Балтыі, Польшчы?” – прыводзяць менскія газеты словы кіраўніка камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД “парламента” Беларусі Вадзіма Папова. Па яго словах, гаворка пра транзіт украінскай электраэнергіі ішла яшчэ 6 гадоў таму. Старшыня парламенцкай камісіі па прамысловасці, ТЭК, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтву Анатоль Паўловіч лічыць вельмі перспектыўным сумеснае будаўніцтва ЛЭП для экспарту электраэнергіі з Ровенскай АЭС.
Нельга не ўлічваць і палітычны аспект. Мясцовыя эксперты звяртаюць увагу на тое, што Кіеў не адмовіўся ад еўрапейскай скіраванасці і сваю палітыку праводзіць з аглядкай на ЕЗ. А Лукашэнка пакуль не прадэманстраваў ніякіх намераў прыняць умовы ЕЗ, у прыватнасці па дэмакратызацыі краіны, якая павінна пачацца з вызвалення палітычных зняволеных. Хутчэй за ўсё, адзначаюць эксперты, не стане і Кіеў “сябраваць” супраць Расеі.
Кіраўнік адміністрацыі беларускага прэзідэнта Генадзь Нявыглас распавёў пра вынікі сваіх перамоваў з кіраўніком сакратарыяту Віктара Юшчанкі ў эфіры беларускага дзяржаўнага тэлебачання, паведаміў, што бакі парафіравалі ўсе пагадненні, якія лягуць на стол кіраўнікоў дзяржаў падчас візіту. “Гэта мемарандум аб супрацоўніцтве ў энергетычнай сферы, дакументы па сельскай гаспадарцы, прымежнаму і консульскаму супрацоўніцтву. Практычна ўсе спрэчныя пытанні вырашаныя, тэхналагічныя пытанні засталіся па адным пагадненні, але мы іх знімем”, – адзначыў кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.