Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Часопісу «ARCHE» вынесьлі два папярэджаньні 10:15, 21/02/2007
Рэдакцыя часопісу «ARCHE» атрымала папярэджаньні аб парушэньні Закону Рэспублікі Беларусь ад друку і іншых сродках масавай інфармацыі, датаваныя 12 лютага 2007 г., за подпісам першага намесьніка міністра інфармацыі Ліліі Ананіч. Цяпер выхад унікальнага беларускамоўнага часопісу можа быць спынены ў кожны момант.
Абодва папярэджаньні вынесеныя за адно і тое ж: за тое, што пасьля трохмесячнага прыпыненьня ў 2006 годзе рэдакцыя выдала ўсе тры затрыманыя нумары за адзін месяц, паведамляе «Наша Ніва».
Папярэджаньне за № 29 вынесена заснавальніку часопісу "АРХЭ-пачатак" на падставе артыкулу 16 "Закону Рэспублікі Беларусь аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі" за тое, што не было пісьмова ў месячны тэрмін паведамлена ў Міністэрства інфармацыі аб зьмяненьні пэрыядычнасьці выхаду часопісу ARCHE (па ўмовах рэгістрацыі штомесячнік, але ў сьнежні 2006 г. былі выпушчаныя тры нумары — № 10-12) для ўнясеньня адпаведнага зьмяненьня ў пасьведчаньне аб рэгістрацыі выданьня, што зьяўляецца парушэньнем артыкулу 11 "Закону Рэспублікі Беларусь аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі".
Папярэджаньне № 30 выносіцца рэдакцыі часопісу за парушэньне артыкулу 16 Закону аб друку. "Па ўмовах рэгістрацыі "ARCHE" ёсьць штомесячным пэрыядычным выданьнем. Аднак у парушэньне ўмоваў яго рэгістрацыі рэдакцыя на працягу сьнежня 2006 г. выпусьціла тры нумары часопісу (10-12) без паведамленьня ва ўстаноўленым парадку Міністэрства інфармацыі аб зьмене пэрыядычнасьці выпуску выданьня. Мініністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь папярэджвае рэдакцыю часопісу аб недапушчальнасьці парушэньня арт. 10 і 11 Закону РБ аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі".
Нагадаем, што ў верасьні 2006 г. часопісу выносілася папярэджаньне — за парушэньне артыкулу №11 «Закону РБ аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (за зьмену тэматыкі (спэцыялізацыі) часопісу «ARCHE», публікацыямі грамадзка-палітычнага характару).
У выніку на падставе арт. 16 «Закону РБ аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» Міністэрства інфармацыі прыпыніла выданьне часопісу «ARCHE» на тры месяцы.
У сьнежні, пасьля трохмесячнай паўзы, выйшлі тры нумары часопісу (№ 10, №11, № 12). Калі б такога не адбылося, «Белпошта» скасавала б падпіску, а чытачы засталіся б без аплачаных нумароў.