Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Іран не выканаў ультыматум ААН і працягвае абагачаць уран 16:15, 21/02/2007
Іран не стаў замарожваць сваю ядзерную праграму, нягледзячы на патрабаванні ААН зрабіць гэта да сёння, але паведаміў, што можа даць Захаду гарантыі мірнага атама, паведамляе агенцтва “Рэйтэр”.
Пасля заканчэння 60-дзённага ультыматуму, які ААН высунула Ірану для спынення абагачэння ўрану, Тэгеран заявіў, што не адмовіцца ад ядзернай праграмы, нягледзячы на тое што патрабаванне ААН – ўмова Захаду для пачатку перамоваў з блізкаўсходняй дзяржавай.
Рада бяспекі ААН, якая ў снежні прагаласавала за забарону на абмен ядзерных тэхналогій з Іранам і пастаўкі ў краіну ядзерных матэрыялаў, паведамляла, што разгледзіць пытанне аб увядзенні новых санкцый у дачыненні Ірана ў выпадку, калі апошні не адмовіцца ад абагачэння ўрану да 21 лютага.
Захад падазрае Іран у распрацоўцы атамнай зброі, хоць Тэгеран запэўнівае, што ядзерная праграма краіны носіць выключна мірныя мэты.
“Магчыма, і ёсць асобныя групы альбо краіны, якія хочуць прымусіць Іран... (але) іранскае ядзернае пытанне не можа быць вырашанае з ужываннем сілы і ціску”, – сказаў галоўны прадстаўнік Ірана на перамовах з Захадам Алі Ларыджані.
“Мы – краіна, у якой няма намераў распрацоўваць ядзерную зброю. Мы хочам працаваць у адпаведнасці з Дамовай аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі”, – дадаў ён.
Ларыджані, які сёння, па словах іранскіх службоўцаў, можа адправіцца на перамовы ў Італію, паведаміў учора, што Іран здольны даць гарантыі таго, што Тэгеран будзе выкарыстоўваць ядзерныя распрацоўкі толькі ў мірных мэтах. Ён сказаў, што правёў “канструктыўныя” перамовы з дырэктарам Міжнароднага агенцтва па ядзернай энергіі (МАГАТЭ) Махамедам аль-Барадзеем пра шляхі аднаўлення перамоваў з заходнімі дзяржавамі, аднак не даў сігналу пра тое, што Іран гатовы да кампрамісу ў пытанні аб спыненні абагачэння ўрану.
Сёння МАГАТЭ павінна было прадставіць новую справаздачу аб ядзернай праграме Ірана і, як чакаюць, паведаміць, што Тэгеран не спыніў абагачэння ўрану ў вызначаныя ААН тэрміны.
Аднак, па словах дыпламата, блізкага да агенцтва “Рэйтэр”, даклад МАГАТЭ, хутчэй за ўсё, выйдзе заўтра.
Аль-Барадзеі заклікаў Іран і Захад узяць “тайм-аўт” і падрыхтаваць глебу для перамоваў, прапанаваўшы Ірану спыніць абагачэнне ўрану, а не павялічваць яго да “прамысловага маштабу” з узроўню навукова-даследчых распрацовак, ААН – адмовіцца ад санкцый.
Па словах дыпламата, блізкага да МАГАТЭ, у прыватных гутарках іранскія службоўцы станоўча выказваліся наконт магчымасці “тайм-аўту” і спадзяваліся, што камісар ЕЗ па знешняй палітыцы Хаўер Салана, які раней ўзначальваў перамовы з Іранам, зноў будзе выступаць у ролі асноўнага прадстаўніка Захаду падчас абмеркаванняў.
Рада бяспекі, хутчэй за ўсё, не будзе вырабляць ніякіх дзеянняў у дачыненні Ірана да паседжання праўлення МАГАТЭ 5–9 сакавіка, дзякуючы чаму ў Ірана і Захаду застанецца невялікі перыяд часу для аднаўлення перамоваў, лічыць дыпламат, блізкі да МАГАТЭ.