Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Дарадца прэм`ера Польшчы: «Менск павінен даць сыгнал» 18:23, 22/02/2007
Галоўны дарадца прэм`ер-міністра Польшчы, былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч у інтэрвію для «Радыё Свабода» заявіў, што для пачатку дыялёгу паміж Беларусьсю і Польшчай, а таксама іншымі краінамі Эўразьвязу Менск павінен "даць выразны сыгнал" аб намеры дэмакратызаваць краіну.
Марыюш Машкевіч кажа, што Польшча ня мае падставаў пачынаць дыялёг з афіцыйным Менскам да часу, пакуль беларускія ўлады ня пойдуць на дэмакратызацыю краіны і ня спыняць перасьледу актывістаў Саюзу палякаў Беларусі.
"Каб казаць пра нейкі адкрыты дыялёг паміж афіцыйнымі ўстановамі Польшчы і Беларусі, павінны быць выразныя сыгналы з аднаго і з другога боку. Як вядома, зь беларускага боку, па-за выказваньнямі для журналістаў, беларускія ўлады выражаюць нейкае неакрэсьленае жаданьне кантактаў з Эўразьвязам. Прычым невядома, у чым насамрэч справа. Я лічу, што першым крокам павінна быць рэакцыя беларускіх уладаў прынамсі на ўзроўні МЗС на пакет прапановаў Эўразьвязу", -- сказаў палітык.
Паводле галоўнага дарадцы прэм`ера Польшчы, ён нічога ня ведае пра сустрэчы высокапастаўленых дыпляматаў краінаў Эўразьвязу зь беларускімі ўладамі – пра гэта заявіў на мінулым тыдні дэпутат Сэйму Яўген Чыквін. Марыюш Машкевіч кажа, што ня варта надаваць вялікай увагі і сустрэчы амбасадара Беларусі ў Польшчы з дарадцам польскага прэзыдэнта спадаром Краўчыкам.
"Наколькі я ведаю, размова тычылася культурнага абмену танцавальнымі ансамблямі", -- паведаміў Машкевіч.
Прыхільнікі польска-беларускага дыялёгу заяўляюць пра тое, што Польшча павінна як мага хутчэй накіраваць свайго амбасадара ў Беларусь, бо, нягледзячы на парушэньні правоў чалавека беларускімі ўладамі, у Менску ёсьць, напрыклад, пасол ЗША.
"ЗША вядуць крыху іншую замежную палітыку. Гэтая дзяржава ня мусіць так прынцыпова ставіць некаторыя справы, бо ЗША маюць іншую пазыцыю ў сьвеце. Тое, што ЗША маюць свайго пасла ў Беларусі, абсалютна не азначае, што Вашынгтон задаволены сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Хутчэй наадварот.
Мы маем іншую сытуацыю – мы суседзі. Але два гады таму беларускія ўлады сілай адхілілі законна абранае кіраўніцтва Саюзу палякаў, таму нашыя дачыненьні павінны быць на нізкім узроўні да часу, пакуль беларускія ўлады ня стануць больш прыхільнымі да польскай меншасьці, не прызнаюць законнага кіраўніцтва саюзу. Мы чакаем пазытыўных крокаў Менску, і тады спадар Генрык Літвін паедзе ў Менск. Я лічу, што гэта вельмі добры кандыдат для таго, каб падняць нашыя дачыненьні на адпаведны ўзровень", -- кажа палітык.