|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Улады прапанавалі беларусам эканамічную дыету 14:54, 22/02/2007 Нездарма эканаміст Леанід Заіка напярэдадні навагодніх святаў адказваў на пытанне, як будзем жыць у будучым годзе і сказаў: “Давядзецца зацягнуць паясы”. Урад, дарэчы, таксама не застанецца ўбаку ад фармавання новага рацыёну. Перш за ўсё вырашылі эканоміць валюту, менш марнаваць яе на замежныя тавары. “Можна абысціся і без бананаў. Ва ўсякім разе, пакуль”, – прапанаваў міністр фінансаў Мікалай КОРБУТ падчас нядаўняга выступу на калегіі. Гутаркі там вяліся, вядома, пра такія высокія матэрыі, як фінансаванне прадпрыемстваў, але ідэя эканоміць на заморскай садавіне ўражвае. І бананавай рэспублікай Беларусь ніхто не назаве. Чым замяніць садавіну ў сваім рацыёне? Ды вось хоць бы крупамі. Іх на складах нашых харчавікоў назапасілася, па дадзеных Мінстата на 1 лютага, у 3,3 разы больш, чым вырабляецца за месяц. Так што замест бананаў на сняданак варыце сабе кашкі! Іх можна багата закрасіць цукрам, які мы зараз ужо не зможам пастаўляць у Расею ў такіх самых аб’ёмах, як раней. Актыўна на прадуктовы кошык беларусаў маюць намер уплываць і мясцовыя ўлады. Напрыклад, берасцейскія прадпрымальнікі ўжо атрымалі спіс прадуктаў, якія рэкамендавана ўключыць у пералік для продажу. Так, на прылаўках у абавязковым парадку павінны быць не толькі сокі і кансервы мясцовых заводаў, але і вялікая колькасць кандытарскіх вырабаў. Там ёсць і печыва, і пернікі, і цукеркі – словам, увесь набор ласуна. А вось жыхары Маладзечна будуць налягаць на каўбасу. – Калі мясакамбінат выпускае дзвесце відаў вырабаў, а ў магазінах можна ўбачыць толькі 20–30, гэта няправільна! – заяўляе намеснік старшыні маладзечанскага райвыканкама Яфім Ідэльчык. “Цяперашнія ўмовы патрабуюць перабудавання эканамічнай думкі”, – лічыць кіраўнік фінансавага ведамства краіны Мікалай Корбут. Разам з думкай зменяцца і апетыты? КАМЕНТАР СПЕЦЫЯЛІСТА Лепшы варыянт – збалансаванае харчаванне – Што будзе, калі чалавек адмовіцца ад садавіны і стане есці толькі кашы? – спыталася “Камсамолка” ў загадчыцы аддзяленнем гігіены харчавання Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Марыны БАЙБУС. – Самым аптымальным варыянтам з’яўляецца збалансаванае харчаванне. Калі адмаўляюцца ад чагосьці ў рацыёне, губляюцца неабходныя вітаміны, мікраэлементы, а гэта не ідзе на карысць здароўю, – упэўненая спецыялістка. – Напрыклад, у тых самых бананах ёсць калій, клятчатка. У нас і так, на жаль, рацыён гараджан нядосыць збалансаваны. Нядосыць мяса, яек, яшчэ менш рыбы, гародніны і садавіны. – А калі шмат вугляводаў, гэта дрэнна? – Гледзячы якіх. Калі вы будзеце ў вялікай колькасці есці лёгка засваяльныя вугляводы, напрыклад, цукар, цукеркі, здобныя хлебабулачныя вырабы, то гэта неадкладна адаб’ецца на вашай фігуры. У нас, дарэчы, для паловы менчукоў залішняя вага з’яўляецца сур’ёзнай праблемай. А калі ўжываць натуральныя цукры (фруктоза, глюкоза), якія знаходзяцца ў садавіне, то калорый атрымаеце ўжо менш. Вольга АНЦІПЕНКА, «КП в Беларуси»
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|