|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Плошча вачыма Аляксея Марачкіна (Фрагмент карціны) 10:49, 23/02/2007 Першыя накіды да карціны Аляксей Марачкін зьбіраўся зрабіць яшчэ летась падчас пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы, але не пасьпеў — намётавы лягер быў зьліквідаваны. Мастак пачаў працу над карцінай пасьля 25 сакавіка 2006 году. У інтэрвію “Радыё Свабода” сябра Саюзу мастакоў Беларусі Аляксей Марачкін адзначыў, што карціна будзе ўспрымацца неадназначна, паколькі яна шматплянавая і ў ёй шмат алюзіяў, якія ня так проста разгадаць. “Самае галоўнае, што прачытваецца — гэта пазытыў. Пярэднія фігуры — хлапец са сьцягам Эўразьвязу і маладая дзяўчына зь бел-чырвона-белым сьцягам, якія сымбалізуюць сёньняшнюю моладзь. На заднім пляне ёсьць і нэгатыў. Я паказваю нашых прашчураў — воі зь дзідамі й сьцяжкамі тагачаснымі. На калёну раптам дзяцел узьляцеў, ці "стукач", ці нехта іншы. На дахах Палацу Рэспублікі ды іншых будынкаў сядзяць — кілеры ня кілеры, але тыя, хто сочаць з аптычным прыцэлам за ўсімі людзьмі, якія ёсьць на плошчы”, -- распавядае мастак. Аляксей Марачкін кажа, што гэтае палатно адрозьніваецца ад ягоных папярэдніх работаў. Гэтая карціна плякатнага характару, і многія яе пэрсанажы вельмі рэалістычныя. “Абсалютна ўсё напісана рэалістычна. Нават фота рэалістычнае. Там можна ўбачыць і сьвятара Акаловіча, які маліўся за моладзь на плошчы. Там можна ўбачыць і другіх, ужо пазнавальных людзей — таго ж Мілінкевіча і Казуліна. І тая ж вялізная расьцяжка “Плошча Кастуся Каліноўскага”, -- кажа Марачкін. На карціне ёсьць і вобразы нэгатыўных пэрсанажаў. Вусаты з залысінамі дзядзька вылазіць зь люка на плошчы, відаць чырвоны бэрэт кіраўніка спэцназу. Спадар Марачкін удакладняе, што гэта толькі вобразы, якія кожны можна пабачыць па-свойму. “У карціне могуць быць асацыяцыі з рознымі пэрсанажамі. У цэнтры (многімі не разгаданая) сядзіць бабуля і абірае бульбу, і бульба раскінутая па гэтай пляцоўцы. Гэта — старая Беларусь, гэта тое, на што абапіраецца начальнік краіны. І побач пральная машына савецкага часу са знакам якасьці. Дэталёва там усё расьпісана. Нават на кожнай улётцы, што там лётаюць, нешта напісана”, -- расказвае Марачкін. Людзі звярталі ўвагу, што карціна выкананая ў цёплых тонах, да таго ж людзі апранутыя па-вясноваму, і няма адчуваньня маразоў, якія стаялі падчас сакавіцкіх падзеяў на плошчы. Ці такі крок быў выкліканы самой ідэяй твору — даць пазытыў? Аляксей Марачкім адказвае: “Калі праўдзіва паказваць усё, што адбылося, то, у прынцыпе, ніякай перамогі не адбылося. Моладзь пакутавала, моладзь замярзала. Бульдозэрамі зачышчалі гэтую плошчу. Я пайшоў другім шляхам — рамантычна-ўзьнёсла паглядзець на тое, дзе пазытыў, а дзе нэгатыў”. Карціна “За свабоду! Плошча Каліноўскага” — даволі вялікая, амаль два на два мэтры. Пакуль палатно не экспануецца. Ягоны фрагмэнт зьмясьціў сайт Партыі БНФ. Прэзэнтацыя гэтай ды іншых карцінаў Аляксея Марачкіна адбудзецца 2 сакавіка ва ўправе Партыі БНФ у рамках выставаў “Беларускі вызвольны супраціў”. ![]()
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|