Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Станіслаў Багданкевіч: «Беларускія ўлады баяцца абвалу эканомікі» 17:11, 23/02/2007
Беларускі ўрад папрасіў Расею выдзеліць яму стабілізацыйны крэдыт на суму 1,5 мільярды даляраў. Як растлумачыла Міністэрства фінансаў, рашэнне пра крэдыт абумоўленае неабходнасцю дадатковага фінансавання расходаў бюджэту, выкліканых рэзкім падвышэннем цэнаў на энерганосьбіты. Усяго два тыдні таму кіраўніцтва Мінфіна заявіла пра намер размясціць, найперш у Расеі, аблігацыі для атрымання знешняй пазыкі на суму да 1 мільярда даляраў. Беларускім эканамістам мэта гэтага крэдытавання не зусім зразумелая. На іх думку, падвышэнне цэнаў на энерганосьбіты не апраўдвае такога буйнога крэдытавання. “Гэта няправільныя ўрадавыя крокі. Яны могуць быць заснаваныя на нейкім страху перад будучыняй, што будзе абвал, звязаны не з падвышэннем цэнаў на энерганосьбіты, а з тым, што эканоміка сапраўды “архизатратная”, і мала што зроблена ў апошнія гады, таму чакаюць паглыблення крызісу”, – заявіў у інтэрв’ю “Нямецкай хвалі” былы кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч.
Як адзначыў Станіслаў Багданкевіч, ён не разумее дзеля чаго яшчэ трэба такое крэдытаванне:
“Калі б гэта бралі прадпрыемствы самой эканомікі пад пэўныя праекты, я разумеў бы гэтую мэту. Які сэнс у гэтым? Цалкам не разумею дзеяння. Гэта першае. І другое: калі ў нас запазычанасць урада 850 мільёнаў даляраў, то навошта яго падвойваць, патройваць за адзін год. Да чаго гэта можа прывесці?”
На думку эканаміста, кіраўніка цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, “няма нічога дрэннага ў тым, каб браць крэдыты. Дрэнна тое, што гэтыя крэдыты могуць брацца пад вельмі высокія адсоткі”. А Беларусі, лічыць эканаміст, цяпер выбіраць не даводзіцца. У выніку, па яго словах, “цягам двух–трох гадоў Беларусь з краіны з вельмі нізкай знешняй запазычанасцю здольная пераўтварыцца ў краіну з вострай праблемай менавіта абслугоўвання знешняй запазычанасці”.
Таму актывізацыю працэсу знешняй пазыкі Яраслаў Раманчук правільнай не лічыць:
“Актыўнасць урада як раз сведчыць пра тое, што ён неадэкватна ацэньвае стан нашай эканомікі. Ён атрымаў загад знайсці грошы, але не растлумачыў Лукашэнку, што гэтыя грошы лепш усё-ткі зарабіць праз прыцягненне замежных інвестараў, праз прыватызацыю, праз звычайныя стандартныя рынкавыя рэформы, у тым ліку гарантыі правоў прыватнай уласнасці”, – гаворыць эканаміст.
Акрамя таго, на думку Раманчука, небяспека такога буйнога расейскага крэдытавання складаецца з таго, што апроч фінансавых дывідэндаў, Расея ў перспектыве можа патрабаваць і палітычных дывідэндаў.