Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Амбасадар Беларусі абвінаваціў расейскія СМІ ў распальванні «інфармацыйнай вайны» 10:56, 26/02/2007
Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Беларусі ў Расеі Васіль Даўгалёў лічыць, што ў апошні час у дачыненні да Беларусі з боку Расеі “развязаная не проста прапагандысцкая кампанія, а, па сутнасці, інфармацыйная вайна”.
“Усе гэтыя патокі інфармацыйнага бруду, падтасаваныя лічбы і прыцягнутыя “за вушы” аргументы накіраваныя на стварэнне і замацаванне ў розумах расейскіх грамадзянаў устойлівых уяўленняў пра “беларусах–нахлебніках”, якія шыкуюць за кошт Расеі”, – заявіў кіраўнік беларускай дыпмісіі ў інтэрв’ю часопісу “Союзное государство”, паведамляе “Інтэрфакс”.
Пры гэтым амбасадар звярнуў увагу на ўзгодненасць дзеянняў расейскіх федэральных тэлеканалаў, якія асвятляюць тэматыку беларуска-расейскага супрацоўніцтва. “Поўнае замоўчванне жыцця ў саюзнай краіне раптам змяняецца скрупулёзнымі разлікамі “кошту сяброўства”. Як па чараўніцтве, у рукаве мас-медыя апынуўся казырны туз – нейкія міфічныя вынікі “апытанняў грамадскай думкі расейцаў”, якія нібыта адлюстроўваюць пазіцыю насельніцтва Расеі ў дачыненні да Беларусі”, – сказаў В.Даўгалёў. “Такога роду інсінуацыі не толькі абражаюць пачуцці народаў дзвюх краін, але і наносяць шкоду беларуска-расейскім стасункам”, – падкрэсліў дыпламат.
Пры гэтым В.Даўгалёў нагадаў, што Беларусь “першай з краін–удзельніц СНД аднавіла і перасягнула ўзровень ВУП савецкага перыяду”. “Сёння беларуская прадукцыя шырока прадстаўленая на сусветных рынках. Кожны дзесяты трактар і кожны трэці буйнатанажны аўтамабіль, які прадаецца ў свеце, – гэта прадукцыя беларускіх прадпрыемстваў. І такіх прыкладаў шмат. Ці гэта не паказчык нашага высокаінтэлектуальнага патэнцыялу?” – задаў пытанне амбасадар. Наконт сыравіннай тэматыкі, ён нагадаў, што апошнім часам Беларусь актыўна рэалізуе палітыку дыверсіфікацыі яго паставак. “Так, напрыклад, мы сыходзім з расейскага рынку металаў і закупляем яго ва Украіне, бо там ён і больш якасны і таннейшы”, – сказаў дыпламат.