Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
57 краін падпісалі Міжнародную канвенцыю ААН аб абароне людзей ад гвалтоўных знікненняў 12:52, 26/02/2007
6 лютага на спецыяльнай цырымоніі ў Парыжы 57 дзяржаў падпісалі Міжнародную канвенцыю аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў. 20 снежня 2006 года Канвенцыя была аднагалосна ўхваленая Генеральнай Асамблеяй ААН. Яе прыняцце стала важнай вяхой на шляху ўмацавання сістэмы міжнароднага права. Канвенцыя ўступае ў сілу на трыццаты дзень пасля здачы на захоўванне Генеральнаму сакратару ААН 20-ай ратыфікацыйнай граматы або дакумента аб далучэнні.
Міжнародная канвенцыя аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў загадвае дзяржавам–сябрам ААН прымаць эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры ў мэтах прадухілення і спынення актаў гвалтоўнага знікнення. Яна забараняе існаванне сакрэтных турмаў і абавязвае апавяшчаць сем’і пра лёс іх затрыманых сваякоў. Дакумент прадугледжвае стварэнне спецыяльнага камітэта па гвалтоўных знікненнях, які будзе разглядаць даклады краін–удзельніц і скаргі прыватных асоб. У новым дакуменце падкрэсліваецца, што пры пэўных акалічнасцях гвалтоўныя знікненні могуць прызнавацца злачынствам супраць чалавечнасці. У гэтай якасці яны падпадаюць пад юрысдыкцыю міжнароднага крымінальнага права.
Цырымонія падпісання не выпадкова адбылася ў Парыжы. Урад Францыі прыклаў вялізарныя намаганні дзеля стварэння і пераўтварэння Канвенцыі ў механізм міжнароднага права. Амбасадар Францыі ў ААН Бернар Кеседжыан паспяхова ўзначальваў міжсесіённую Працоўную групу па выпрацоўцы праекту нарматыўнага інструмента па абароне ўсіх людзей ад гвалтоўных знікненняў. Распрацоўкі Працоўнай групы ляглі ў аснову Канвенцыі.
Сімвалічна тое, што адчыніла цырымонію падпісання Канвенцыі першая ледзі Аргенціны Крысціна Кіршнер. У 1970–1980 гады Лацінская Амерыка пакутавала ад кіравання ваенных дыктатараў. Толькі ў Аргенціне былі выкрадзеныя трыццаць тысяч чалавек.
Сярод тых, хто ўзяў слова на цырымоніі падпісання Канвенцыі: вярхоўны камісар па правах чалавека ААН Луіза Арбур, прэзідэнт Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа Якаб Келенбергер, міністр замежных спраў Францыі Філіп Дуст-Блазі, прадстаўніца аргентынскай арганізацыі “Маці Плаца дэ Мая” Марта Баскез. Філіп Дуст-Блазі зачытаў пасланне ўдзельнікам цырымоніі ад прэзідэнта Францыі Жака Шырака.
На цырымоніі падпісання Канвенцыі прысутнічалі прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, якія ўнеслі вялізнае ўкладанне ў стварэнне Канвенцыі: Азіяцкай федэрацыі супраць гвалтоўных знікненняў (AFAD), Лацінаамерыканскай Федэрацыі сваякоў зніклых людзей (FEDEFAM), паўднёваафрыканскага Цэнтра па вывучэнні гвалту і прымірэння, Міжнароднай федэрацыі праў чалавека (FIDH), “Міжнароднай Амністыі”, нідэрландскай ініцыятывы “Linking Solidarity” . Заснавальнік грамадзянскай ініцыятывы “Мы Памятаем” Ірына Красоўская таксама атрымала запрашэнне наведаць урачыстую цырымонію падпісання Канвенцыі.
Сярод еўрапейскіх краін, якія паставілі свой подпіс пад Міжнароднай канвенцыяй для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў: Францыя, Харватыя, Літва, Малдова, Сербія, Македонія, Бельгія, Боснія і Герцагавіна, Фінляндыя, Люксембург, Манака, Чарнагорыя, Партугалія, Швецыя, Албанія, Аўстрыя. Беларусі, на жаль, у гэтым спісе няма.
Грамадзянская ініцыятыва “Мы памятаем” спадзяецца, што адным з першых актаў, падпісаных свабоднай Беларуссю, будзе акт аб далучэнні да Міжнароднай канвенцыяй для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў – дакументу, закліканаму спыніць паток гвалтоўных знікненняў і аднавіць справядлівасць.
Нагадаем, што ў 1999–2000 гады ў Беларусі бясследна зніклі лідэры апазіцыі Юрый Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі. У дачыненні да выкраданняў і забойстваў апазіцыянераў падазраецца вышэйшае кіраўніцтва краіны