Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Злучаныя Штаты Амерыкі з візітам наведае міністр унутраных спраў Беларусі Уладзімір Навумаў. Пакуль невядома, навошта невыязны міністр, які падазраецца міжнароднай супольнасцю ў выкраданнях і забойствах лідэраў апазіцыі і журналіста, наведвае ЗША – прэс-служба МУС гэты факт пакуль не каментуе. “Ежедневник” пытаецца ў экспертаў – якая прычына паездкі Навумава ў ЗША.
Усевалад ЯНЧЭЎСКІ, першы намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Адміністрацыі прэзідэнта:
– Я так разумею, што Навумаў ляціць туды па хакейных справах, і гэта вельмі добры факт. Думаю, з цягам часу ўсе непаразуменні паміж Беларуссю і ЗША знікнуць. Прынамсі паміж нашымі краінамі ніякага перасячэння інтарэсаў няма. Беларусь – спакойная краіна. Ад нас не зыходзіць пагрозы тэрарызму. Мы ніякай краіне не пагражаем. Спакойна працуем, спакойна, мірна гандлюем. Гэта, дарэчы, адзінае, што Беларусі трэба ад усяго свету: каб нам давалі магчымасць працаваць, прадаваць нашы тавары, канкураваць на роўных умовах. Ужо больш як дзесяць гадоў мінула – гэта дастатковы час для амерыканскіх палітыкаў, каб упэўніцца, што Беларусь была, ёсць і будзе стабільнай і спакойнай, што ў ёй не атрымаецца нічога памяняць. Да іх даволі доўга даходзіла, але, на маю думку, ужо дайшло, што ў Беларусі ніякіх рэвалюцый рабіць не трэба, бо гэта будзе тую ж Амерыку ганьбіць. Яна заяўляе, што прынясе дэмакратыю, а потым нічога не атрымоўваецца – для такой вялікай краіны, як ЗША, гэта несур’ёзна. Яны гэта зразумелі і цяпер паступова будуць будаваць з намі добрыя стасункі. Тое, што Навумаў едзе ў Амерыку, – гэта выдатна, выдатна. Я думаю, што неўзабаве, у самыя блізкія месяцы ў Беларусі з Захадам выбудуюцца спакойныя, нармальныя стасункі.
Святлана ЗАВАДСКАЯ, жонка зніклага аператара ОРТ Змітра Завадскага:
– Гэта дзіўна. Як я ведаю, гэты чалавек быў невыязным. Да апошняга часу... Мне складана зразумець палітычныя гульні, якія адбываюцца. Чаму яны спачатку вырашаюць, што ён невыязны, а потым выдаюць яму візу? Хочацца верыць, што гэта проста нейкае непаразуменне. Хацелася б спадзявацца. Я ведаю, што амерыканскі бок быў сур’ёзна настроены наконт знікненняў і наконт гэтых людзей: Навумава, Сівакова, Паўлічэнкі. І мне не вельмі зразумела, чаму ён ляціць туды. Але, магчыма, ён ляціць туды па лініі ААН – тады зразумела.
Яраслаў РАМАНЧУК, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі:
– Я думаю, што калі амерыканцы далі яму візу, то, верагодна, маюць быць перамовы па кампрамісе паміж беларускай уладай і заходнім светам, дакладней, з амерыканцамі. З прычыны таго, што ў гэты самы час там будуць знаходзіцца і апазіцыянеры, магчыма, амерыканцы хочуць пачуць абедзве пазіцыі, каб выпрацаваць нейкі пункт гледжання на тыя падзеі, што адбываюцца. Я не стаў бы расцэньваць гэта як безумоўную капітуляцыю заходняга свету перад дэкларацыямі Лукашэнкі. Тым не менш дадзены факт сведчыць пра тое, што Захад гатовы разглядаць канструктыўныя прапановы Беларусі. Гэта станоўчы факт, і да яго не трэба ставіцца негатыўна.