|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Міхаіл Марыніч: «Асновай новай стратэгіі маглі б стаць эканамічныя рэформы» 11:13, 27/02/2007 – Міхаіл Афанасьевіч, як вы ацэньваеце новую еўрапейскую палітыку А.Лукашэнкі? Ці магчымае рэзкае паляпшэнне стасункаў з Захадам у цяперашняй сітуацыі? – Я не думаю, што ў Беларусі існуе якая-небудзь знешнепалітычная стратэгія ў дачыненні Еўропы і Еўрапейскага Звяза ў прыватнасці. Яе як не было цягам апошніх 10 гадоў, так і няма сёння. Заявы пра паляпшэнне стасункаў з Захадам перыядычна гучаць з вуснаў беларускага кіраўніка. Адбываецца гэта заўсёды ў процівагу стасункам з Расеяй, менавіта ў той час, калі Лукашэнку ў чарговы раз выгодна шантажаваць РФ. Сёння гэтае пытанне гучыць вастрэй, чым калі-небудзь, менавіта таму, што Расея ўпершыню не стала ўваходзіць у чарговы раунд папулісцкіх разборак з Лукашэнкам, а ўжыла адзіны магчымы і правільны эканамічны падыход у двухбаковых стасунках. І у выніку пераканалася ў ненадзейнасці “прарасейскай” арыентацыі беларускага кіраўніцтва. Што да паляпшэння беларуска-еўрапейскіх стасункаў, то не думаю, што гэта рэальнасць для блізкага часу альбо для дзейнага рэжыму. Нічога значнага не адбудзецца, пакуль Лукашэнка не выканае патрабаванняў ЕЗ па дэмакратызацыі палітычнай сістэмы. Гэтыя патрабаванні вядомыя. Яны ўключаюць вызваленне палітычных зняволеных, расследаванне знікненняў, падаванне свабоды прэсе, правядзенне незалежных выбараў па новым выбарчым заканадаўстве. Мне імпануе тое, што Еўропа і ЗША працягваюць прытрымлівацца сваіх прынцыпаў. Палітыкі гэтых краін не рэагуюць спантанна на эмацыйныя заявы Лукашэнкі. У Захаду быў час для таго, каб добра вывучыць яго палітыку: падлашчванне або шантаж у залежнасці ад сітуацыі. Багаты досвед няпростых узаемінаў дазваляе Захаду рабіць вызначаныя высновы. – У той самы час краіны Балтыі, здаецца, займаюць асобную пазіцыю ў ЕЗ. Літва прапаноўвае прапампоўку нафты на беларускую тэрыторыю і займае ўсё больш выразную пазіцыю “пасярэдніка”, а Латвія пасля летняга дыпламатычнага скандалу ўсё радзей выступае з крытыкай пазіцыі афіцыйнага Менска. Як вы лічыце, ці магчымы варыянт, калі прыбалтыйскія краіны пойдуць на саступкі “прагматычнаму” курсу беларускага рэжыму? – Еўрапейскі Звяз неаднаразова выступаў з ініцыятывамі адносна нармалізацыі і развіцця беларуска-еўрапейскіх стасункаў. У адрозненні ад Беларусі, Еўропа заўсёды прапаноўвала пэўныя крокі, якія бакі павінны распачаць для пасоўвання наперад. У тым ліку выкарыстоўваўся і так званы інстытут “пасрэдніцтва”. Лагічна, што перагаворшчыкам можа выступаць адна з краін – суседзяў Беларусі. Гэтую ролю ў розныя перыяды бралі на сябе і Польшча, і Латвія. Сёння з такой ініцыятывай выступіла Літва. З майго пункту гледжання, сам Еўрапейскі Звяз патрабуецца ў магутным унутраным рэсурсе, краіне або групе палітыкаў, якія былі б зацікаўленыя ў прасоўванні беларускага пытання. Я неаднаразова казаў пра гэта падчас сваіх сустрэч з еўрапейскімі палітыкамі. Тут я цалкам падзяляю меркаванне амбасадара Ханса-Георга Віка, які прыкладае шмат намаганняў для таго, каб ЕЗ меў выразную і пэўную пазіцыю ў дачыненні Беларусі. У распрацоўцы такой стратэгіі, безумоўна, вялікую ролю павінны адыграць дзяржавы–суседзі. А калі яна будзе распрацаваная і прынятая ўсімі сябрамі ЕЗ, тады саступкі Менску па кан’юктурных меркаваннях стануць немагчымыя для любой з краін Еўразвяза. Спадзяюся, перыяд безгрунтоўных заяў асобных краін ЕЗ пра магчымасць дыялогу з беларускім кіраўніцтвам без рэальных крокаў па дэмакратызацыі з боку Беларусі застанецца толькі водгукам энергетычнага канфлікту і неўзабаве скончыцца. – Улады Беларусі заяўляюць пра добрую дынаміку гандлёвых стасункаў з краінамі ЕЗ. Як былы міністр знешніх эканамічных сувязяў, як бы вы маглі ацаніць іх рэальныя перспектывы і тэндэнцыі на цяперашнім этапе? – Сапраўды, фармальна разважаючы, развіццё гандлёвых стасункаў паміж Беларуссю і ЕЗ мае пазітыўны трэнд. Гэта стала магчыма шмат у чым дзякуючы той эканамічнай ролі, якую Беларусь іграла паміж Расеяй і Еўропай. Па сутнасці, меў месца перапродаж расейскіх энергарэсурсаў з добрай маржой, якая заставалася ў Беларусі. З улікам новых умоў паставак нафты і газу з РФ, думаю, наўрад ці станоўчая тэндэнцыя гандлёвых стасункаў паміж РБ і ЕЗ захаваецца. Бо ў Беларусі практычна не засталося экспартных тавараў, якія карысталіся б попытам на Захадзе. Менавіта пытанне адкрыцця рынку ЕЗ і замацавання на ім беларускіх тавараў і мусіць стаяць у аснове еўрапейскай палітыкі Беларусі. Але для таго, каб айчынная прадукцыя была канкурэнтаздольная і краіна магла рэалізаваць свой экспартны патэнцыял, патрабуецца радыкальная мадэрнізацыя прамысловасці, новая сістэма кіравання, прыход новых мэнэджэраў, гарантыі правоў прыватнай уласнасці. Гэта рэвалюцыйныя ідэі для цяперашняй улады, і не думаю, што яна іх у стане рэалізаваць. Пытанні развіцця беларуска-еўрапейскіх эканамічных стасункаў і беларускай эканомікі ў цэлым ляжаць у адной плоскасці і не маюць перспектыў пры захаванні дзейнай сістэмы ўлады.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|