Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Грызлоў: Беларусь і Расея павінны праводзіць больш вайсковых вучэнняў 12:42, 27/02/2007
Дэпутаты Дзяржаўнай Думы падрыхтавалі рэкамендацыі па далейшаму ўмацаванню інтэграцыі Беларусі і Расеі, у тым ліку ў сферы бяспекі. Адным з прынцыповых пунктаў дадзеных рэкамендацый з’яўляецца прапанова павялічыць колькасць сумесных вучэнняў дзвюх дзяржаў. Пра гэта заявіў сёння ў Пскове старшыня Дзярждумы Барыс Грызлоў на 5-м паседжанні пастаянна дзейнага семінара Парламенцкага сходу “саюза” Беларусі і Расеі.
“Мы лічым неабходным падвышэнне боегатоўнасці і агульнай эфектыўнасці створанай рэгіянальнай групоўкі войскаў Расеі і Беларусі”, – сказаў спікер. На яго думку, неабходна пашырыць практыку правядзення сумесных вучэнняў з баявымі стрэльбамі і пускамі ракет, у тым ліку задзейнічаць патэнцыял вайсковых аб’ектаў і інфраструктуры Рэспублікі Беларусь.
“Мы лічым мэтазгодным надаць падвышаную ўвагу праграмам паўнавартаснай падрыхтоўкі і падвышэння кваліфікацыі беларускіх курсантаў і афіцэраў у адпаведных ВНУ Расеі”, – дадаў Барыс Грызлоў.
Ён нагадаў, што паседжанне савета Дзяржаўнай Думы, прысвечанае праблемам саюзнай інтэграцыі, адбылося на пачатку 2007 года. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх парламенцкіх фракцый, якія, па словах Барыса Грызлова, “пацвердзілі нязменнасць курса на будаванне “саюзнай дзяржавы” і адкрытасць міждзяржаўных стасункаў”, падрыхтаваўшы комплексны пакет рэкамендацыяў па выніках абмеркавання. “Удзельнікі ў цэлым выказаліся за паглыбленне беларуска-расейскай інтэграцыі па ўсіх кірунках. За тое, каб будаваць саюзныя стасункі на ўсіх узроўнях такім чынам, каб гэта адказвала, безумоўна, інтарэсам нашых народаў”, – сказаў Барыс Грызлоў.