Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Хартыя'97
english version | форум | русская версия
навiны  |  акцыi  |  фотакронiка  |  гучныя справы  |  дакумэнты  |  падшыўка  |  праекты  


 АРХIЎ 
1998-2002

 АРХIЎ 

ПнАўСрЧцПтСбНд
      1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 2728        




 ПОШУК 

прасунуты пошук


 ПРАЕКТЫ 


УСЕ ПРАЕКТЫ
 ПАДПIСКА 

Рассылка

Content.Mail.Ru

 РЭКЛЯМА 

 РЭКЛЯМА 




 НАВIНЫ 



25-га Сакавіка. Успаміны з Менску, Будслава, Вільні, Прагі, савецкай турмы
12:53, 27/02/2007, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, старшыня БНР у 1970 – 1982 гг.

Гэтыя пяць абразкоў успамінаў - адзін з Першага Ўсебеларускага Кангрэсу й чатыры з сьвяткаваньня 25-га Сакавіка ў розных часох, розных мясцох і абставінах - прысьвячаюцца двум юбілеям: Першага Ўсебеларускага Кангрэсу і абвешчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

У МЕНСКУ

Сьнежань 1917 году ў Менску. Я, як пісарчук «Всерасійскага Земскага Саюзу» (напаўвайсковая арганізацыя дапамогі жаўнерам на фронце), прыкамандыраваны быў да «Камітэту Северазападнага Фронту», што стаяў тады ў Менску. Горад гэты, перапоўнены войскам, быў надзвычай рухлівы. Але ў паветры чулася яшчэ нешта асаблівае, нейкае нязвычайнае ажыўленьне: усюды гучэлі словы: «Беларускі Нацыянальны Зьезд», «Усебеларускі Кангрэс». Паўтарала гэтыя словы і расейская й беларуская менская прэса й разнаякая цывільная ды вайсковая публіка. Слухаў я гутаркі й дыскусіі аб «Беларускім Кангрэсе» і сярод маіх супрацоўнікаў «Земсаюзу». Спрачаліся расейцы й мясцовыя менчукі аб «Учредытельном Собрании», сэпаратызьме, фэдэралізьме й непадзельнай Расеі. Мне - вучню, гэтыя словы тады мала што гаварылі, але я адчуваў, што ў Менску адбываецца нешта вельмі важнае й беларускае, бо Беларусь была на вуснах ува ўсіх. Сэрца маё пачынала ёкаць, пры кожнай важнай спрэчцы я мімавольна, хоць ціха, трымаў старану тых, што баранілі Беларусь і мне страшэнна хацелася ведаць што такое гэты «Беларускі Кангрэс» і дзе ён адбываецца. Асьцярожненька я дапытаўся ўсё-ж: «Беларускі Кангрэс» адбываецца ў рожавым будынку тэатру, недалёка ад Пётрапаўлаўскай вуліцы, дзе я жыў. Туды я й шмыгануў пасьля працы.

На вуліцы й на сквэрыку каля тэатру было большае ажыўленьне, а газэтчык - хлапец больш менш у маім веку - прадаваў тэлеграмкі - надзвычайны дадатак, з крыкам: «Беларусь адзьдзяляецца ад Расеі»! Я цешыўся, што змагу ў яго спытацца як папасьці на Кангрэс, бо старэйшых і важных мне не хацелася чапаць і я адразу да яго зьвярнуўся. На маё пытаньне хлапец адказаў: «Пачакай, я зараз скончу прадаваць тэлеграмкі, тады разам пойдзем». Мяне падбадзёрыла, што ён гаварыў такой самай гутаркай, як і я, а не «пагарадзкому», і я стаў побач яго. «На, чытай, калі ўмееш» - сунуў ён мне ў руку тэлеграмку. Я ўмеў чытаць пабеларуску, бо яшчэ перад вайной чытаў беларускія календары з Пецярбургу й «Нашу Ніву» з Вільні. У тэлеграмцы было напісана, што «Ўсебеларускі Зьезд» вынес пастанову аб тым, што Беларусь мае адзьдзяліцца ад Расеі. Гэта быў надзвычайны дадатак - ня помню цяпер добра - ці «Вольнай Беларусі», ці «Звону».

Тым часам на сквэрыку зьявілася шмат войска. Жаўнеры ў баявым строі, са стрэльбамі хлынулі ў тэатар. Адразу выбухла нейкая нэрвовая атмасфэра. Прахожыя затрымліваліся каля войска, што заткнула ўсе дзьверы тэатру й адразу пачаўся тварыцца натоўп. Пры самым уваходзе ў тэатар стаяла некалькі кулямётаў. Жаўнеры сталі адціскаць натоўп і загадавалі расхадзіцца. З тэатру пачуўся гоман і вострыя крыкі. Гуло там, як у вульлі. Час ад часу чутны былі стрэлы. Публіка пачала панічна разьбягацца й з нэрвовым цікавым позіркам затрымлівалася воддаль. Мой новы знаёмы даўно ўжо перестаў выкрыківаць сваё «Беларусь адзьдзяляецца ад Расеі!..» і з трывогай пазіраў на тое, што дзеялася навокал. «Хадзем!» - урэшце сказаў ён і, схапіўшы мяне за руку, пацягнуў да тэатральных дзвярэй. «Куда вы, мышаняты, вход в театр запрещен!» - крыкнулі на нас жаўнеры й адапхнулі ў бок. «Бачыш? Разганяюць Кангрэс! Хадзем на другі бок вуліцы, паглядзім што далей будзе», - прамовіў нэрвова мой новы сябра й мы адыйшліся.

А ў тэатры варылася, як у катле. Гоман і крыкі чутны былі аж на другім баку вуліцы. Стрэлы часьцелі. Жаўнераў прыбывала ўсё больш і больш. Яны прыходзілі цэлымі ротамі. Будынак тэатру быў ахоплены вайсковым кругам. Над`ехалі й бранявыя самаходы. Жаўнеры кінуліся разганяць і тых людзей, што групаваліся воддаль. Нам, хлапцом, патапталі ногі й укінулі нас у якісь бочны завулак. Зсінелыя ад сьцюжы, мы стараліся зноў прашмыгнуць да тэатральнага будынку, але нічога з гэтага ня выйшла. Вуліца й сквэрык былі запруджаны войскам, цывільных ня было зусім відаць, усякі вулічны рух тут быў спынены. «Хадзем да мяне ў "общежитие"» - запрапанаваў я. «Добра, пакажы мне дзе ты жывеш, дык я да цябе прыду пазьней, бо цяпер мушу бегчы ў редакцыю й паглядзець што там дзеецца». І так мы рассталіся з Лёнькам, бо так называўся гэты рухавы хлапец.

Лёнька прышоў да мяне позна, бо аж па адзінаццатай. Ён не званіў, а пастукаў у вакно, як мы ўмовіліся. Я вышаў на вуліцу. Ён расказаў мне, што Беларускі Кангрэс разагналі бальшавікі за тое, што ён пастанавіў, каб Беларусь адзьдзялілася ад Расеі, што акцыяй разгону кіраваў камісар Крывашэін, што ў тэатры была вялікая бойка й што некаторых беларусаў паарыштоўвалі. Называў нават прозьвішчы, але я іх цяпер ня помню. Сказаў мне пад сакрэтам, што ён падслухаў у рэдакцыі, што Кангрэс мае йзноў сабрацца, толькі ён ня ведае дзе. Мы з ім пасябравалі й пазьней шмат разоў спатыкаліся, пакуль я быў у Менску. Гэта быў заядлы беларус. Я яго знайшоў і ў 1919 годзе, калі другі раз быў у Менску - пры паляках. Мы разам хадзілі ў «Беларускую Хатку» на канцэрты й прадстаўленьні.

На другі дзень увесь Менск гаварыў аб разгоне Ўсебеларускага Кангрэсу. Пісала аб гэтым і расейская прэса. На кожным кроку чуліся дыскусыі. Тады яшчэ бальшавікі толькі прыходзілі да ўлады і ніхто іх надта не баяўся, гаварылі сьмела. У абсалютнай бальшыні дыскутуючых чулася абурэньне супраць бальшавікоў за разгон Кангрэсу. Абураліся ня толькі беларусы, але й расейцы. Мае супрацоўнікі ў «Земсаюзе» толькі аб гэтым і гаварылі. Нават урадаўцы высокай рангі, як упаўнамочаны Ўладзіміраў - эсэр па перакананьнях - быў страшэнна абураны. «Як яны сьмелі разагнаць Беларускі Кангрэс, Кангрэс народу, які найбольш уцісканы быў царскай уладай і першы раз сабраўся, каб сказаць сваё слова!» - казаў ён. Падобных галасоў было многа. А калі пазьней зьявілася вестка, што Кангрэс усё-ж сабраўся зноў у чыгуначным дэпо пад ахаронай чыгуначнікаў, якіх бальшавікі ня сьмелі крануць, што закончыў сваю працу й пераказаў усе свае паўнамоцтвы аб лёсе Беларусі Радзе Кангрэсу - чуліся словы пахвалы й задаваленьня: «Ай да беларусы, вот так молодцы, не побоялись красных штыков Крывошэіна! Не так, как наша эсэрня, что сидит, как мышь под метлой!»

У БУДСЛАВЕ

Гэта было ў Будславе Вялейскага павету, у Беларускай Гімназіі, якую заснавала беларуская мясцовая інтэлігенцыя й сялянства ўласнымі высілкамі пасьля выбуху расейскай рэвалюцыі. Цяга да навукі ў людзей была так вялікая, што існуючыя там толькі чатыры клясы зьмясьцілі бальш за 300 дзяцей. Гімназія працавала нармальна й пад нямецкай акупацыяй у 1918 г. Немцы цікавіліся толькі, каб была добра пастаўлена нямецкая мова й каб ня было бальшавікоў сярод вучыцялёў. Я быў прыняты ў 4-ю клясу, але пакуль набраўся кантынгэнт, сядзеў у трэцяй.

Дзесь у канцы сакавіка дайшла вестка з Менску аб абвешчаньні незалежнасьці Беларусі й да Будслава. Аднаго дня, памятаю, наш дырэктар Васілевіч, узварушаны й вясёлы хадзіў па ўсіх клясах і дзяліўся з вучнямі гэтай радаснай навіной. «Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвесьціла незалежнасьць Беларусі, наш край будзе вольным і незалежным, як калісь даўней. Будзе мець свой урад, сваё войска, сваіх ураднікаў, свой скарб і свае школы. Цяпер беларусы самі будуць гаспадарамі ў сваей зямлі і ня будзе ўжо нас трывожыць і страшыць чужое войска й паліцыя» - тлумачыў ён. Вучні слухалі гэтыя словы з вялікім зацікаўленьнем і ўвагай, хоць многія яшчэ й не разумелі ўсей важнасьці гэтай гістарычнай падзеі ў жыцьці Беларусі. «Абвешчаньне незалежнасьці Беларусі ёсьць вялікім нацыянальным сьвятам для ўсяго беларускага народу», - казаў ён далей, - «і наша гімназія мусіць адсьвяткаваць гэта сьвята дастойна й урачыста. Сьвяткаваньне адбудзецца ў наступную нядзелю а шостай гадзіне вечара. Хорам і дэклямацыямі займуцца настаўнікі Папковіч і Ігнатава, яны-ж прыгатуюць усю праграму. А вы, дзеткі, скажыце сваім бацьком аб радаснай навіне й запрасіце іх на сьвяткаваньне разам з іх сябрамі й знаёмымі».

Праз цэлы тыдзень гімназія была ў узбуджаным сьвяточным настроі. Пасьля лекцыяў адбываліся сьпеўкі й рэпэтыцыі дэкляматараў. Хадзілі ў лес па ялінкі й дзеразу, каб прыбраць зеленьню залю. На лекцыях рысункаў рысавалі Пагоню й бел-чырвона-белы сьцяг. Настаўнік рысаваньня, сьв. пам. Мікола Шыла сказаў, што найлепшыя рысункі будуць павешаны ў залі ў дзень сьвяткаваньня. Гэта паддавала імпэту й стараньня ў працы. Сьцяжкі выходзілі няблага, але з Пагоняй было горш. Мой сусед Кіслы так праняўся нацыянальнымі колерамі, што ягоны конь у Пагоні вышаў бел-чырвона-белым. З гэтай прычыны ўся кляса падняла рогат і празвала Кіслага патрыётам. Пры конкурсе настаўнік амаль усе сьцяжкі прызнаў годнымі й яны пазьней павісьлі на шнурку ў залі. Пагоні-ж былі збракаваны ўсе. Настаўнік сказаў, каб кожны сабе пакінуў яе на памятку, а для залі намаляваў сам вялікую прыгожую Пагоню.

Нарэшце прыйшоў доўгачаканы дзень сьвяткаваньня. Людзей сабралася столькі многа, што яны запоўнілі залю, сумежныя клясы й нават сенцы. Прыйшлі яны з мястэчка й з суседніх і далейшых вёсак. Урачыстасьць адчыніў дырэктар палкай, хоць і доўгай прамовай. Ён прывітаў усіх прысутных з вялікай навіной абвешчаньня незалежнасьці Беларусі й вытлумачыў, якое значэньне мае гэты векапомны акт. Пазьней ён прачытаў цэлую лекцыю з гісторыі Беларусі, насьвятляючы найважнейшыя мамэнты: Полацкі пэрыяд і Вялікае Княства Літоўскае, зьвяртаючы асаблівую ўвагу на ролю беларускае мовы й культуры ў апошнім.

Гэты вялізарны натоўп людзей у замёрлай цішыні ўспрыймаў як нешта сьвятое першы раз пачутыя словы са сваей гісторыі. Патрыятычны настрой узрастаў. Заканчэньне прамовы дырэктара зьмяніў магутны, як вулькан, кліч народу: «Хай жыве Незалежная Беларусь».
Далей прамаўлялі прадстаўнікі ад Гімназіяльнага Камітэту бацькоў і ад воласьці, а таксама сьв. пам. інжынер архітэкт Дубяйкоўскі з Вільні, які кіраваў будаваньнем дому для гімназіі. Якісь дзядзька з Камарова ці Алешак пачаў прамаўляць, але ня мог скончыць, узварушаньне душыла словы яму ў горле. Ён патрапіў толькі закончыць словамі: «Хай жыве Незалежная Беларусь!», якія, падхопленыя народам, зноў паліліся магутнай хваляй па гімназіяльным будынку й пляцы.

Пасьля кароткай пярэрвы пачаўся канцэртны адзьдзел. Палілася стройная харавая мэлёдыя беларускай песьні, што дагэтуль, бяз ніякага дырыжорства, блудзіла самапасам па палетках. І песьня, нібы атрымаўшая адукацыю, гучэла прыгажэй, як у звычайных жаночых сьпевах. «Бач, як стройна паюць», - падміргівалі адна другой жанчыны, - «а здаецца тыя самыя песьні, што й мы сьпяваем; відзіш што значыць навука». Песьні чаргаваліся з дэклямацыямі. Найбольш спадабаліся дэклямацыі Зімношышкі «Бор» Купалы і «За свабоду сваю» Купалы, прадэклямаваны найменшым з прысутных - вучнем В. Са сцэны яго зьнясьлі на руках. Нельга было зразумець ці ён плакаў, ці сьмяяўся. Супакоіўся тады толькі, як уткнуўся ў падол роднай маткі.

Урачысты, паважны настрой сьвяткаваньня апрануў вопратку весялосьці, калі вучнёўскія пары завіхрылі ў Лявонісе. У танцы прыймала ўдзел уся сялянская грамада, бо, па будслаўскаму звычаю, жанчыны й мужчыны прыплёскавалі ў ладкі ў такт музыкі, а некаторыя прытупавалі нагамі.

Так весялілася ўся грамада, народ спраўляў сваё нацыянальнае сьвята. Ён здаваў сабе справу з важнасьці падзеі ў сваёй гісторыі. Тут ня было нічога штучнага. Панавала атмасфэра шчырай, натуральнай радасьці й задаваленьня.

А як пачалі разыходзіцца толькі й гутаркі было аб тым, як пачнецца разбудоўвацца жыцьцё ў новай, вольнай Беларусі, якой зямлёй будзе карыстацца той, што сам на ёй працуе. Моладзь парушала вайсковыя тэмы, выказвала гатовасьць пайсьці пад родныя сьцягі, як толькі паклічуць. Ведала добра, што першай і неабходнай справай было замацаваньне незалежнасьці маладой Беларускай Народнай Рэспублікі.

А было іх - стройных, як дубы - толькі ў самым мястэчку некалькі дзясяткаў, моцных духам, сьвядомых нацыянальна. Не адзін добры горад мог пазайзросьціць у гэтым малому Будславу. Адны з іх паварочаліся з войска, пабыўшы і ў беларускіх гурткох, другія павырасталі за час вайны. Дзякуючы ім, мястэчка, апрача гімназіі, мела клюб і бібліятэку, тэатр з вялікай заляй, што пакінуў штаб расейскай арміі, хор і струнную аркестру. Ня было нядзелі, каб не адбылося якое прадстаўленьне ці канцэрт. Руньню зелянела беларуская культура, пашыраючыся па суседніх вёсках. І ня было ані сварак, ані непаразуменьняў. Работа йшла ў атмасфэры задаваленьня й згоды пад уплывам цягі да веды й мастацтва. Маладое й здаровае беларускае жыцьцё станавілася на ўласныя ногі, абяцаючы ўзрасьці да сілы волата.

Бязлітасны лёс, аднак, зноў пачаў баразьніць узыходзячую беларускую рунь. Ворагі з Усходу й Захаду шчапіліся клешчамі ў барацьбе за беларускую спадчыну нашых дзядоў, топчачы маладыя ўсходы, руйнуючы й перагораваючы стальлю той грунт, з якога гэтыя ўсходы ўзрасталі.

У ВІЛЬНІ

У 1919 г. палякі акупуюць Заходнюю Беларусь. Ня гледзячы на шматабяцаючую адозву Пілсудзкага да жыхароў быўшага Вялікага Княства Літоўскага, у якой беларусам запэўняліся ўсе нацыянальныя свабоды й вольнасьці, палякі паступова прыступаюць да ліквідацыі беларускіх школ, як пачаткавых, так і сярэдніх. Першай ахвярай пала Беларуская Гімназія ў Будславе, а затым - Беларуская Гімназія ў Горадні й беларускія вучыцельскія сэмінарыі ў Барунах і Сьвіслачы. Даўжэйшы час толькі ўтрымоўваюцца беларускія гімназіі ў Вільні, Клецку, Радашкавічах і Наваградку.

Ня ўсе вучні з масы моладзі з зачыненай беларускай гімназіі ў Будславе пагаджаюцца з прымусовым перарваньнем навукі. Многія з іх шукаюць прадаўжэньня навукі ў іншых сярэдніх школах. Некаторыя трапляюць у Віленскую Беларускую Гімназію ў 1920 г., а сярод іх і пішучы гэтыя радкі. Гімназія гэта тады была аднэй з вялікшых школаў у Вільні. Пад кіраўніцтвам дырэктара Кахановіча і такіх слаўных беларускіх людзей, як А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, а. Адам Станкевіч, І.Краскоўскі й іншых, вучыцца ня толькі беларуская моладзь, але й вялікі працэнт жыдоўскай, якая глядзела на польскую акупацыю, як на нешта часовае, пераходнае. Беларусы-ж былі пэўны, што польская акупацыя будзе зьнесена ўжо хутка й што Вільня станецца другой сталіцай Беларусі. Пад кіраўніцтвам Ураду БНР, які быў тады ў саюзе з Летувой і знаходзіўся ў Коўне, яны рыхтаваліся да паўстаньня супраць палякаў, праводзячы па ўсім краі падпольную арганізацыю «Саюзу Вызваленьня Беларусі».

Уся акупаваная тэрыторыя была падзелена на раёны, на чале якіх стаялі камісары БНР і на мясцох арганізавалі сетку сяброў успомненага саюзу. У Вільні ў гэту работу былі ўцягнуты й старэйшыя грамадзяне, і вучні старэйшых клясаў з Беларускай Гімназіі, і слухачы беларускіх вучыцельскіх курсаў. Вялікую дапамогу ў працы нясьлі ўдзельнікі Слуцкага Паўстаньня, якія, пасьля ўпадку яго ў канцы 1920 г., невялічкімі групкамі траплялі ў Вільню й знаходзілі прыпынак і беларускую работу ў Базыльянскіх мурох.
У скляпох апошніх месьцілася тайная друкарня, якая выдавала нелегальныя адозвы й брашуры, а спрытная моладзь пашырала іх па ўсей Заходняй Беларусі й у Вільні, асабліва-ж сярод беларусаў, што трапілі ў польскае войска.

Кальпартаж сярод жаўнераў асабліва быў дагодным, калі яны цэлымі адзьдзеламі прыходзілі ў Сьвятадухаўскую царкву на багаслужбу. Тады вучнёўская моладзь увівалася паміж іх, як пчолы сярод вульлёў, а нехта з вышыні званіцы ветрам рассыпаў зьнянацку афішкі на галовы жаўнерскай масы, лучаючы на мамэнт, калі яна выходзіла з царквы. Роля гэтая найчасьцей прыпадала маладому случчаку Д-не.

Быў тады ў Вільні й асобны беларускі батальён, створаны на падставе паразуменьня беларускіх вайсковых кругоў з Пілсудзкім аб утварэньні асобнага беларускага войска, да арганізацыі якога прыступіла адмыслова створаная Беларуская Вайсковая Камісія. Палякі вельмі хутка прыпынілі рост беларускіх адзьдзелаў, аднак ня сьмелі яшчэ расфармоўваць тых, што існавалі. Батальён гэны браў удзел ува ўсіх беларускіх імпрэзах і жыў тымі-ж настроямі зьнясеньня польскай акупацыі. Пры такіх абставінах прышлося мне ў 1921 г. прыняць удзел у сьвяткаваньні 25-га Сакавіка ў Вільні.

Дзень 25-га Сакавіка быў вольны ад заняткаў як у гімназіі, так і ў існуючых тады васьмёх беларускіх пачатковых школах у Вільні і ўва ўсіх беларускіх установах. Уся гімназія й школы, а таксама грамадзтва й беларускі батальён - праваслаўныя й каталікі, бяз розьніцы - каля дзесятай гадзіны раніцы накіроўваліся на ўрачыстую багаслужбу ў Сьвятадухаўскую праваслаўную царкву, якая была тады катэдральнай, выпаўняючы яе аж па берагі. Ужо сама царква гэта гаварыла аб славе Беларусі, бо пабудавана была ў чэсьць пераможнай бітвы з маскалямі пад Воршай у 1514 г. Урачыстую багаслужбу за Беларусь адпраўляў сам япіскап у асысьце сьватароў, з якіх адзін сказаў узьнёслае патрыятычнае казаньне. На заканчэньне архірэйскі хор сьпяваў «Многая лета».

Пасьля багаслужбы ўсе ўдзельнікі выходзілі з царквы й затрымоўваліся на царкоўнай плошчы. Тут уфармоўваліся гімназія й пачатковыя школы, а таксама беларускі батальён, а за імі й маса грамадзтва й доўгім шнуром маршыравалі па вуліцах Вільні ў касьцёл сьв. Мікалая на беларускую каталіцкую багаслужбу. Абавязковы ўдзел у гэтай багаслужбе быў толькі для каталікоў, але нікому з праваслаўных ня прыходзіла ў галаву астацца ззаду ад уфармаванага маршу. Такім чынам па вуліцах Вільні адбывалася беларуская нацыянальная дэманстрацыя.

У касьцеле служыў ксёндз Адам Станкевіч з удзелам беларускага касьцельнага хору, які цудоўнай песьняй «Божа, што калісь народы» ўзварушваў да глыбіні душы кожнага беларуса. Казаньне айца Станкевіча, ведамага са свайго красамоўства, пакідала незабыўнае ўражаньне аб вялікім дні абвешчаньня незалежнасьці Беларусі.

Па каталіцкай багаслужбе ўсе ў камплеце й узорным парадку вярталіся ў Базыльянскія муры, дзе месьцілася беларуская гімназія, у залі якой адбывалася ўрачыстая акадэмія. Галоўную ролю тут гуляла вучнёўская моладзь. Акадэмію адчыніў дырэктар гімназіі. Гаварыліся прывітаньні для моладзі й дзяцей ад розных беларускіх арганізацыяў і інстытуцыяў, а вучні ім адказвалі. Гімназіяльны хор сьпяваў беларускія песьні, пераплятаныя дэклямацыямі сваіх сяброў. Урачысты й патрыятычны настрой дайшоў да свайго зэніту й закончыўся магутным гімнам «Не пагаснуць зоркі ў небе». Вучнёўскай моладзі абвяшчалася аб вечарыне на вечар і аб тым, што старэйшыя клясы могуць выслаць свае дэлегацыі на вялікі канцэрт у Беларускім Клюбе.

Беларускі Клюб месьціўся на Біскупскай вуліцы каля Катэдральнай плошчы. Займаў ён цэлы паверх вялікага дому й апрача некалькіх пакояў, меў вялікую канцэртную залю. Ужо тады ў Вільні назоў «Беларуская Хатка» выйшаў з моды. Лічылі, што назоў гэты здрабняў веліч беларускай інстытуцыі. Беларускі Клюб у Вільні быў рэпрэзэнтацыйнай арганізацыяй і для сваіх, і для чужынцаў. Там можна было спаткацца ў вольны вячэрні час з паважным беларускім грамадзтвам, прагледзіць рознамоўныя часопісы, знайсьці добрую кніжку, пачуць розныя навіны, паслухаць добры канцэрт ці пабачыць беларускую п`есу, пагуляць у більярд ці шахматы і ўрэшце выпіць і смачна зьесьці. Клюб гэты лічыўся добрым месцам ня толькі ў беларусаў, але і ў рознанацыянальнай віленскай інтэлігенцыі - польскай, летувіскай, расейскай ці нават жыдоўскай.

Зразумелая рэч, што ў дзень беларускага нацыяналнага сьвята ў Беларускім Клюбе адбывалася вялікая ўрачыстасьць з удзелам віленскай сьмятанкі.

Акадэмію адчыняў старшыня клюбу, прамаўлялі чаловыя беларускія дзеячы, за чым сыпаліся прывітаньні прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў: летувісаў, жыдоў, украінцаў і нават палякаў - звычайна прадстаўнікоў паступовых палітычных польскіх груп. Канцэртны адзьдзел быў багаты й высокамастацкі. Рэй вадзілі ў ім знаныя нашыя артысты - сьв. пам. Францішак Аляхновіч, Пракулевічыха й сьпявачка Ганна Д., чаргуючыся з хорам дзядзькі Грыневіча.

Вечар канчаўся гучным банкетам, на якім беларускае грамадзтва прыймала сваіх прыяцеляў, прадстаўнікоў іншых народаў. Лік удзельнікаў тут ужо быў абмежаны спэцыяльнымі запросінамі й складчынамі, аднак ён далёка перавышаў сотню. Зразумелая рэч, што вучням на банкет нельга было дастацца, таму аб прабегу яго я нічога не магу сказаць. Разам з іншымі школьнымі сябрамі, мы трапілі яшчэ на заканчэньне вучнёўскай вечарыны, дзе аж да поўначы моладзь выбівала свае такты, памятаючы, што да наступнага нацыянальнага сьвята трэба будзе чакаць цэлы год.

Сьвяткаваньне 25-га сакавіка ў Вільні пад польскай акупацыяй адбывалася з нязьменным уздымам штогод, ня гледячы на стала ўзрастаючы ўціск з боку польскай улады. Мяняліся арганізацыйныя формы й людзі ў сувязі з прымусовай ліквідацыяй беларускіх установаў, аднак лік удзельнікаў сьвяткаваньняў ня толькі не памяншаўся, але нават стала ўзрастаў. На месца пасаджаных у вастрог ці выгнаных з краю, прыходзіла новая хваля людзей з палеткаў, займала месца выбыўшых і цягнула далей даўно распачатую справу, вялікую справу 25-га Сакавіка.

У ПРАЗЕ

Нялічная беларуская эміграцыя, што, пасьля падзелу Беларусі акупантамі Рыскім трактатам, змушана была пакінуць родныя межы, шукала натхненьня, узмацаваньня сіл у Акце 25-га Сакавіка. Таму тым больш старанна й шчыра арганізавала сьвяткаваньне гэтага нацыянальнага сьвята незалежна ад таго, дзе яна знайшлася: у Коўне, у Бэрліне ці чэскай Празе. Глыбока ўрэзалася ў маю памяць сьвяткаваньне 25-га Сакавіка ў 1923 г. ў Празе, дзе знайшоў сабе прыпынак урад БНР з прэзыдэнтам Крэчэўскім на чале, цэлы сьцяг выдатных беларускіх палітычных дзеячоў, якія ўтварылі Беларускую Нацыянальную Раду ў Празе. Да іх далучылася шматлікая беларуская студэнцкая грамада, бальшыня з якой прадстаўляла нешта нячуванае ў сьвеце: акадэмічную эміграцію, г.зн. студэнтаў з-пад польскай акупацыі, перад якімі былі зачынены дзьверы польскіх унівэрсытэтаў, не выключаючы й краёвага - Віленскага, дзеля таго толькі, што яны не хацелі зрачыся сваей беларускай нацыянальнасьці.

Прага нуртавала тады буйным палітычным і культурным міжнародным жыцьцём. Сыйшліся там тысячы эмігрантаў з Савецкага Саюзу - расейцаў, украінцаў, беларусаў, каўказцаў, беларусы й украінцы з Польшчы ды маса студэнтаў з новапаўсталых балтыцкіх і прыдунайскіх дзяржаваў, якіх прыцягваў слаўны праскі ўнівэрсытэт і вялізарная палітэхніка. Сярод паняволеных бальшавікамі нацыянальнасьцяў існавала салідарнасьць і поўнае ўзаемнае зразуменьне. І тут быў супольны праціўнік: расейская чарнасоценная эміграцыя, да якой у міжнародных імпрэзах далучаўся польскі голас. Таму, дзеля выяўленьня большай сілы, было створана аб`еднаньне студэнцкіх арганізацыяў Усходняй Эўропы, якое ў міжнародным студэнцкім жыцьці выступала адзіным фронтам і выдавала свой часапіс на французкай мове «L`Orient Libre» (Вольны Ўсход). Усякая-ж нацыянальная імпрэза народнасьці, што была сябрам успомненага аб`еднаньня, падтрымоўвалася іншымі сябрамі - нацыянальнымі студэнцкімі арганізацыямі, дзеля ўзаемнага пазнаньня й салідарнасьці. Таму, калі, для прыкладу, беларусы арганізавалі сваё сьвята, то на яго йшлі, апрача сваіх, і ўкраінцы, і грузіны, і армяне ці іншыя каўказцы, а таксама прадстаўнікі летувісаў ці іншых балтаў і ўсе яны, цягнулі сваіх знаёмых чэхаў, славакаў, харватаў, славэнцаў, баўгараў і мадзяраў, уважаючы, што такім чынам робяць супольную справу ў барацьбе з расейскім імпэрыялізмам. Адносілася ўражаньне, што кожны сукцэс, кожная здобыча аднэй нацыянальнасьці - выклікала задаваленьне, радасьць у рэшце яе саюзьнікаў, як новы ўдар па расейскім імпэрыялізьме. Яго стараліся распрапагаваць як можна шырэй у міжнародным жыцьці. Ня было тады такой эгаістычна-шавіністычнай палітыкі ў паняволеных народаў, якую, на вялікі жаль, мы бачым сярод шматнацыянальнай цяперашняй эміграцыі.

Студэнцкае жыцьцё па-за ўнівэрсытэтам канцэтравалася ў Празе ў студэнцкім доме. Там пераважна адбываліся ўсе зборышчы й імпрэзы. Там-жа адбылося й сьвяткаваньне 25-га сакавіка ў 1923 г. Ужо загадзя рыхтаваўся да яго беларускі студэнцкі хор, удзельнікам якога добрага чопаласу даваў дырыгэнт яго «вечны студэнт» кансэрваторыі Кізіма, якога амбіцыяй было, каб ягоны хор прынамся ня быў горшы за ўкраінскі, ці югаславянскі. Ужо ад самага раньня вялікая студэнцкая заля была прыбрана бел-чырвона-белымі сьцягамі, а над традыцыйным надпісам на франтовай сьцяне «Ut unum omnes sunt» красавалася беларуская пагоня. З правага боку вісела карта Беларусі, якая сталася галоўным цэнтрам увагі студэнцкага натаўпу. Каля яе і пра яе там вялі гарачыя дыскусіі з беларусамі ня толькі расейцы, але й украінцы. Дыскусіі гэтыя выносіліся і ў іншыя пакоі й залі студэнцкага дому й навонак яго, так што Беларусь і яе межы сталіся тэмай дня ўва ўсім гэтым асяродзьдзі. Ніхто не спадзяваўся, што гэта карта зробіць такую вялікую рэкляму беларускаму сьвяткаваньню, не гаворачы ўжо пра прапаганду наагул. Таму, калі надыйшла пятая гадзіна - пачатак акадэміі, вялічэзная заля была набіта бітком шматнацыянальнай студэнцкай грамадой, сярод якой знаходзілася крыху й старэйшых людзей. Прывітаньні нашых прыяцеляў - украінцаў, грузінаў, армян, летувісаў і іншых - спатыкаліся бурай воплескаў. Найбольшае ўражаньне зрабіла высокамастацкае, поўнае паэзіі, прывітаньне грузінскага прадстаўніка Некашыдзэ, якое зачапляла найчулейшыя струны маладой студэнцкай душы. Рэфэрат аб Акце 25-га Сакавіка, хоць і даўгі, быў праслуханы ў скупленай цішы з вялікай увагай. Канцэртны адзьдзел зрабіў фурор. Білі на біс хору, з песьняў якога найбольш спадабалася простая, але вельмі ўдала згарманізаваная беларуская народная песьня «Былі ў бацькі тры сыны», рэфрэн якой «ух, я» чуўся й пазьней яшчэ доўга па студэнцкім доме з вуснаў чужынцаў. Вельмі часта гэта «ух, я» ставалася нібы прывітаньнем калегі чужынца з беларусам пры штодзённым спатканьні. Але найбольшай атракцыяй былі салёвыя нумары спадарыні М., якая мела арыгінальны й прыгожы голас, удасканальваны ўсьцяж студыямі ў праскай кансэрваторыі; ёй проста не давалі сыйсьці з падмосткаў, выклікаючы некалькі разоў на біс. Сапраўдная навальніца, аднак, разьвярнулася пасьля акадэміі. Кожны беларус быў фармальна атакаваны пытаньнямі ды спрэчкамі на тэму Беларусі гэтай шматмоўнай студэнцкай масай. Публіка фактычна не разыйшлася, а разьбіўшыся на грамадкі каля таго ці іншага беларуса, разбрылася па ўсіх закутках студэнцкага дому й вельмі заўзята дыскутавала, пакуль пазваляў час. Справа ў тым, што а гадзіне восьмай меў адбыцца беларускі канцэрт для чэскай публікі ў найбольш рэпрэзэнтацыйным памешканьні ў Празе «Obecny`m Dum`ie».
Канцэрт гэты быў сарганізаваны прафэсарам чэскага ўнівэрсытэту Аўгенам Ляцкім у паразуменьні з чэскімі коламі й Беларускай Радай у Празе. Там звычайна зьбіралася самая праская сьмятанка. Такі публічны беларускі выступ быў фактычна тут першым і таму загадзя выклікаў нэрвовае напружаньне ў удзельнікаў. Канцэрт адчыніў уступным словам прафэсар Ляцкі. Беларускае грамадзтва аб ім мала што ведае, таму мы тут удзелім яму пару слоў. Ён быў прафэсарам расейскай літаратуры, высока цэненым у літаратурных колах, спэцыялістым па творчасьці Ганчарова, Л.Талстога й Дастаеўскага, аб якіх напісаў некалькі кніг. Прафэсар Ляцкі лічыў сябе беларусам і на праскім грунце ўзяўся за паважныя студыі творчасьці Купалы, Коласа й Багдановіча. Вынікам гэтага былі ягоныя артыкулы аб гэтых трох паэтах у паважных эўрапэйскіх літаратурных часапісах на французкай, а найбольш італьянскай мове. Такім чынам праф. Ляцкі быў бадай што першым літаратурным крытыкам, што пачаў знаёміць заходні літаратурны сьвет з беларускай літаратурай.

Праф. Ляцкі ў сваей уступнай прамове пазнаёміў паважную чэскую публіку з Беларусяй і яе нацыянальным адраджэньнем. Ён даслоўна назваў «папуасамі» ўсіх тых, што ня хочуць прызнаць беларусаў за самастойны, асобны народ. Пасьля яго прамаўляў старшыня Рады БНР сьв. пам. Пётра Крэчэўскі аб Акце 25-га Сакавіка і яго значэньні для беларусаў і славянства. Беларускія народныя песьні, выкананыя студэнцкім хорам і тут спаткаліся з вялікім сукцэсам, хоць апошні й не выяўляўся так спантанічна, як у студэнцкім доме. Салёвыя нумары спадарыні М. зачаравалі публіку мэлянхоліяй беларускай мэлёдыі, якую чула яна першы раз. З водклікаў чэскай прэсы аб беларускім канцэрце было відаць захапленьне асаблівасьцямі й арыгінальнасьцяй беларускай песьні, якімі яна адрозьнівалася ад песьняў іншых славянскіх народаў.
Сьвяткаваньне 25-га Сакавіка ў Празе нарабіла многа гоману й сярод эміграцыйных кругоў і сярод чэхаў. Найбольш ударыла яно па расейцах, якія нічога ня ведалі аб беларускім вызвольным руху. Яны пачалі кампанію супраць беларускіх сэпаратыстаў. Неўзабаве сярод іх паўстала «Общество белоруссов и малороссов», якое паставіла сабе за мэту змаганьне з беларускім і ўкраінскім сэпаратызмам.
Як бачым, сьвяткаваньнем нацыянальнага сьвята, калі яно адпаведна зарганізавана, мы можам дасягнуць ня толькі сваю прыемнасьць, але й робім вялікую прапагандную беларускую работу.

У САВЕЦКАЙ ТУРМЕ

Дзьверы камэры раптам адчыніліся, вартаўнікі ўкінулі, як калоду, чалавечае цела й зьніклі за зьвяканьнем замка й ключоў. Напалоханая цішыня зноў разьляглася на воддых, хоць праз прамугі закратаваных і заслоненых вакон пачала ўжо пырскаць сакавіковая раніца, кідаючы шэры водблеск на затхлую ад людзкога згушчэньня камэру і вырысоўваючы па куткох панурыя кантуры вязьняў, што тарчэлі з покату целаў. І яны былі спавітыя начной цішынёй і змогай лёсу, хоць фактычна й ня спалі, бо чакалі калі прыйдзе іх чарга на роскаш ляжаньня на тым малым лапіку турэмнай падлогі, які на дзьве гадзіны займалі іх сябры.

Кінутае цела глуха шлёпнула па сьпячых на падлозе і лягло на іх нярухома, як-бы прыклеілася. Здавалася, што ўсе яны ўжо трупы: і тыя, што моцна спалі, трымаючы на сабе няпрашанае цела, і нават тыя, што стоячы ці седзячы чакалі на сваю чаргу ляжаньня. Так было ўсё зможанае, застылае, нярухомае ў гэтай несамавітай цішыні зьбітай людзкой масы.

Але вось, як глухі водгалас, як гукавы цень пачуўся стогн - «вады»... І хоць ён быў так ціхі, так мала чутны й прыкметны - заварушыў кантурамі стоячых і ляжачых, яны пачалі прыбліжацца да ўкінутага цела, абступілі яго, знайшлі для яго месца, палажылі на звольненым куску падлогі і нават пад галаву палажыць нешта знайшлі.

«Пі-іць...» - праскрыпелі зноў сасьмягшыя і выкрыўленыя ад болю вусны. Гэты стогн-скрып падзеіў мацней ад усякага загаду. Адразу знайшлася конаўка, прайшла праз ланцуг рук і ўвачавідкі апынулася пры вуснах стогнучага. Ён пацягнуў некалькі глыткоў і пачаў ачуньваць. Яго падбітыя вочы абвілі поглядам стоячых кругом сяброў, як-бы шукаючы на кім спыніцца, а твар, хоць зьбіты і акрываўлены, пачаў набіраць азнак жыцьця. Гэта быў беларускі вучыцель Кастусь В. Палякі выкінулі яго ў сваім часе са школы і ён праз доўгія гады нідзе ня мог знайсьці сабе месца. А як прыйшлі бальшавікі, дык арыштавалі яго аднаго з першых і вось цяпер мучылі на допытах.

Што ён быў зьбіты да паўсьмерці - нікога ня дзівіла. Прайшло ўжо трое сутак, як яго былі забраўшы з камэры. Яго катавалі і ў карцары, і ў часе допытаў. Так паступалі «сьледавацелі» з кожнм вязьнем, якого бралі на допыт. Такія ўжо парадкі былі ў Вялейскай турме, якая тады месьціла ў сваіх мурох больш 1000 людзей.
Там, дзе за польскіх часоў саджалі 20 вязьняў, цяпер іх было 60, або й 80. Гэта быў сакавік 1940 году, калі НКВД у «асвабоджанай» Заходняй Беларусі распрасьцерла сваё панаваньне над усімі людзьмі і стрыгла іх безапэляцыйна пад сваю машынку, падцягваючы розныя катэгорыі пад адпаведны нумар. Адных забралі ўжо зараз пасьля прыходу й даўно згладзілі са сьвету, як найбольш небясьпечных. Другіх з гэтай катэгорыі трымалі жывымі ў сваіх мучэльнях толькі дзеля таго, што спадзяваліся, павялічыць далейшы лік ахвяр. Трэціх, хоць нічым непавінных, трэба было ізаляваць, бо гэта былі людзі думаючыя - інтэлігэнцыя з асьветай, або мясцовы вясковы ці гарадзкі актыў.
Яны сваім здаровым розумам і разважаньнямі маглі ўплываць на акружэньне й ужо дзеля гэтага іх трэба было ізаляваць. Яны звычайна мусілі пасядзець з год у турме, прайсьці сэрыю допытаў, а пазьней «тройка НКВД» засуджвала іх на павольнае кананьне пры цяжкіх работах у савецкіх лягерох. Да гэтай катэгорыі далучалі таксама ўсіх тых, хто быў на службе цывільнай ці вайсковай пры паляках. Апрача таго трэба-ж было набраць на розныя лягерныя прадпрыемствы і «спецперасяленцаў». Усю тут пералічаную масу людзей мусіла прапусьціць машына савецкай чысткі, гэта была першая перадумова прылучэньня новай краіны да савецкага «раю». Дык нічога дзіўнага, што ўсе турмы былі перапоўненыя да адказу. У камэрах ня толькі ня было месца ўсім дзе легчы, але й сесьці на падлозе ня было дзе, а спаць прыходзілася па чарзе.

Прабываньне ў камэры ў такіх варунках, плюс вельмі благое аджыўляньне, страшэнна падрывалі сілы вязьняў і яны хадзілі як цені. Найгоршым няшчасьцем, аднак, былі допыты, бо яны адбываліся переважна начамі на працягу цэлых тыдняў з перадышкай ці без яе і то з усімі атрыбутамі савецкіх паліцыйных маральных і фізычных мукаў. Ахвяра забраная на ноч на допыт укідвалася ў камэру чуць жывая над раньнем, як гэта было і з нашым Кастусём.

Ён небарака вадзіў вачамі па ўсіх нас - беларусах, што абкладалі яго мокрымі ручнікамі, каб супакоіць ці палегчыць болі; здавалася, што ён хоча выбраць кагось і сказаць яму нешта вельмі важнае. Грамадка наша складалася з некалькіх чалавек: апрача мяне быў тут старшыная Гуртка Беларускага Інстытуту Гаспадаркі й Культуры з К., Цімафей, два грамадаўцы з мясцовай акругі - Ш. і З., вучань Віленскай тэхнічнай школы С. і малады асьвечаны земляроб А. У нашай камэры было шмат беларусаў, асабліва сялян, але пералічаная тут група месьцілася разам і была найбольш зжытая. Мы чакалі ў напружаньні да каго Кастусь зьвернецца й што скажа. Ужо згаварыліся, каб адыйсьціся на хвіліну, пакінуўшы пры хворым таго, да каго ён мае давер. Але згаворы аказаліся лішнімі. Кастусь яшчэ раз правёў па ўсіх нас вачыма й тады вымавіў ціха, але выразна: «дваццаць пяць»... Мы задумаліся, бо ня ведалі як гэта зразумець, што знача гэтых «дваццаць пяць»? Урэшце пачалі пытаць яго што ён праз гэта хоча сказаць. Кастусь ляжаў нярухома з заплюснутымі вачыма, як самлелы, а мы стаялі, са зьдзіўленьнем уляпіўшыся ў яго вачыма. Урэшце, не адчыняючы вочы, ён прамовіў зноў:
- Я ня дзіўлюся, што вы ня ведаеце, аб што ходзіць, бо ў гэтым пекле можна забыцца аб усім, асабліва-ж калі ніхто ня сочыць за календаром. Як мяне цягнулі з допытаў, на нас наткнуўся зьнаянацку з-за вугла калідору студэнт Б. з Вільні з канвоем. Яго зараз-жа адвярнулі да сьцяны тварам, але ён усё-ж пасьпеў сказаць «дваццаць пяць» і я гэта выразна пачуў. Ня гледзячы на страшэнную слабасьць і боль, я дагадаўся, што хацеў сказаць студэнт Б. Я пэўны, што й вы дагадаецеся як падумаеце.
Фактычна ня трэба было й думаць. Некаторыя з нас і так добра ведалі, што на наступны дзень прыпадае 25 Сакавіка, а тыя, што забыліся, адразу прыпомнілі пры ўспамінах аб календары. Непаразуменьне-ж адразу вынікла з тэй прчыны, што нікому і ў галаву ня прышло, што гэты да няпрытомнасьці скатаваны беларус здольны думаць у такім стане аб 25-м Сакавіку. Таму цяпер, калі ўсім стала ясна аб што ходзіць, на гэтага маладога чалавека пачалі глядзець як на сьвятога, як на нейкі сымбаль. Ён быў амаль паміраючы, але ў ім сядзеў дух волата! Яго нацыянальнага ідэалу ня выбілі з галавы й сэрца ні турма, ні голад, ні катаваньне сталінскіх апрычнікаў. Трэба было дзівіцца, як мог вытрымаць гэты малы й хударлявы хлапец столькі часу галадаморства й катаваньня. Хіба таму толькі, што ў гэтым вымучаным целе сядзеў вешчы дух Вялікага Ўсяслава Чарадзея, Скарыны й Кастуся Каліноўскага, ягонага цёскі... І таму ў нашых вачох тады ён адразу вырас да велічы гэроя, мучаніка за Бацькаўшчыну. І нам стала й балюча, і сумна, і радасна адначасна, бо здалі сабе справу з таго, што такіх Кастусёў памірае цяпер шмат, шмат - сотні, тысячы... Як жа іх шкода, што паміраюць у муках, замест таго, каб жыць і працаваць для Бацькаўшчыны...

Аднак сэрца радуецца, што паміраюць яны з думкай аб Ёй, аб 25-м Сакавіку. Яны паміраюць, але тыя, што засталіся на волі жывыя, будуць рабіць удвая, як даведаюцца аб іх сьмерці, і за сябе і за іх.

На другі дзень уся наша групка сядзела амаль цэлы дзень каля Кастуся. Ён чуўся значна лепш, усьміхаўся й браў удзел у гутарках. Гутарылі мы паўголасам, дзелячыся ўражаньнем ды ўспамінамі як праводзілася сьвяткаваньне 25-га Сакавіка ў розных мясцовасьцях і асяродзьдзях. Разважалі над тым, чаму Акту 25-га Сакавіка не ўдалося правесьц

напicаць камэнтар

 СЁНЬНЯ 



 РЭКЛЯМА 



1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org

Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая

Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org.
Экспарт навiнаў , iнформэр



Rating All.BY Rambler's Top100
реклама: