|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Беларускія ўлады рыхтуюць продаж буйнейшых прадпрыемстваў? 10:19, 27/02/2007
2006 г. Беларусь завяршыла з адмоўным сальда у $1,663 млрд. – каля 4,5% ВУП. Падаражанне газу з $46,7 да $100 за 1000 куб. м і ўвядзенне Расеяй пошліны на нафту для Беларусі ў памеры $53 за тону абыдуцца рэспубліцы яшчэ ў $2–2,5 млрд., лічаць мясцовыя эканамісты. Прапанова распачаць прыватызацыю дзяржаўных доляй у найбуйнейшых прадпрыемствах краіны змешчаная ў Плане мерапрыемстваў па стабілізацыі сітуацыі на ўнутраным валютным рынку і дасягненні станоўчага сальда знешняга гандлю краіны ў 2007 г. План падрыхтаваны Міністэрствам эканомікі Беларусі па даручэнні ўрада, занепакоенага пагаршэннем структуры знешняга гандлю краіны пасля падаражання расейскіх нафтапрадуктаў. Аўтары праграмы прапаноўваюць правесці ў 2007 годзе конкурсы па продажы буйных нафтаперапрацоўчых і хімічных прадпрыемстваў, у тым ліку НПЗ “Нафтан”, Мазырскага НПЗ, ААТ “Палімір”, “Белшыны”, “Гародні Азоту”, “Магілёў хімвалакно”, “Гародня хімвалакно”. Прапаноўваюць разгледзець магчымасць акцыянавання з мэтай наступнага продажу стратэгічным інвестарам буйнейшых беларускіх унітарных прадпрыемстваў, у прыватнасці Менскага аўтамабільнага заводу, “Белтэлекома” (манапаліст на рынку сувязі і Інтэрнэту), Беларускага цэментнага заводу, гарадзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман”. Магчымы продаж дзяржпакетаў акцый буйных прадпрыемстваў харчпраму, у тым ліку ААТ “Менскі завод пеністых вінаў”, “Гомельскі тлушчавы камбінат”, “Скідзельскі цукровы камбінат”, “Гарадзенскі цукровы камбінат”, “Жабінкаўскі цукровы завод”. Прапаноўваюць прадаць 30–40% акцый буйнейшых вытворцаў піва – ААТ “Крыніца” і соладу – ААТ “Белсолад”. Беларускім заканадаўствам прадугледжаныя аўкцыённая і конкурсная формы продажу дзяржпрадпрыемстваў, паведамляе начальнік кіравання Мінэканомікі Уладзімір Ваулін, але як будзе арганізаваная прыватызацыя кожнага пэўнага прадпрыемства, казаць пакуль рана, дадае ён. Наталля Жэрнасек з Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі запэўніла “Ведомости”, што хоць прамыя продажы прадпрыемства беларускім заканадаўствам не прадугледжаныя, “у выпадку паступлення выгодных прапаноў яны таксама будуць разглядацца”. Беларусь працягвае і перамовы аб прыцягненні новых крэдытаў. Разам з зваротам да Расеі на мінулым тыдні наконт стабілізацыйнага крэдыту ў $1,5 млрд. учора ўрад Беларусі правёў перамовы з Raiffeisenbank аб прыцягненні крэдытаў на суму да 1 мільярда еўра. На думку кіраўніка менскага Даследчага цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука, распродаж дзяржуласнасці на фоне рэзкага росту дзяржаўнага доўгу можа стаць пачаткам канца цяперашняй беларускай эканамічнай і палітычнай сістэмы. Каб расплачвацца з крэдыторамі, Менск будзе змушаны ісці на новыя прыватызацыйныя пагадненні, пры гэтым верагодны пачатак актыўнай барацьбы паміж беларускімі бюракратычнымі кланамі за кантроль над прадпрыемствамі, якія прыватызуюць. Па дадзеных Раманчука, неўзабаве прэзідэнтам можа быць падпісаная дырэктыва пра паскарэнне продажу стратных прадпрыемстваў і “ў службоўцаў можа з’явіцца спакуса зрабіць як мага больш прадпрыемстваў стратнымі”. Продаж буйнейшых беларускіх прадпрыемстваў, найперш нафтахіміі і машынабудавання, неўзабаве наўрад ці магчымы, перакананы кіраўнік менскага аналітычнага цэнтра “Стратэгія” Леанід Заіка: буйнейшыя беларускія прадпрыемствы, такія як МАЗ, выконваюць важныя сацыяльныя функцыі, яны забяспечваюць занятасць насельніцтва і змяшчае значную сацыяльную інфраструктуру, таму Лукашэнка не выпусціць іх з рук. Распрацоўка такой вялікай прыватызацыйнай праграмы хутчэй за ўсё была “панічнай рэакцыяй” Мінэканомікі на наступствы падаражання энерганосьбітаў, лічыць Заіка. Беларусь застаецца негасціннай краінай для замежных інвестыцый, нагадвае Аляксандр Чубрык з менскага Інстытута прыватызацыі і мэнэджменту. Паводле нацыянальнага заканадаўства ўрад можа ў любы момант вярнуць кантроль над раней прыватызаваным прадпрыемствам, калі ўвядзе ў яго “залатую акцыю”. Таму правядзенне маштабнай прыватызацыі будзе немагчымае без змены беларускага заканадаўства. Але хоць палітычныя фактары будуць тармазіць структурныя рэформы беларускай эканомікі, спыненне субсідавання з боку Расеі робіць буйнамаштабную прыватызацыю ў Беларусі цягам бліжэйшых гадоў непазбежнай, лічыць ён. Пры Аляксандры Лукашэнку, які ва ўладзе з 1994 года, у Беларусі прыватызацыя носіць кропкавы характар. Усе буйнейшыя прадпрыемствы – у дзяржуласнасці. Калі праграму Мінэканомікі рэалізуюць, гэта будзе значыць радыкальнае змяненне ўсей эканамічнай палітыкі Беларусі, кажа загадчык аддзелам эканамічнага аналізу Навукова-даследчага інстытута эканамічных даследаванняў Мінэканомікі Беларусі Аляксандр Гатоўскі. У самыя блізкія два–тры тыдні на конкурсны продаж будзе выстаўлены дзяржаўны пакет акцый (больш як 50%) беларускага завода па рамонце і тэхнічнаму абслугоўванню вылічальнай тэхнікі “Белсчеттехника”, распавядае Жэрнасек. Да піваварнага завода “Крыніца” выказалі інтарэс некалькі заходніх піваварных кампаній. Па словах топ-мэнэджэраў дзвюх буйных расейскіх маслатлушчавых кампаній, расейскім інвестарам ужо прапанавалі набыць Гомельскі тлушчавы камбінат, праўда, умовы інвестыцый не вельмі зразумелыя“”. Па словах аналітыка Інстытута кан’юктуры аграрнага рынка Яўгена Іванова, беларускія цукровыя заводы – “лепшыя на тэрыторыі ўсяго былога СССР”, у іх мадэрнізацыю ўкладаліся значныя сродкі і там ёсць “ўсе перадавыя тэхналогіі, якія толькі магчыма прыдумаць”. Але топ-мэнэджэр адной буйнай расейскай цукровай кампаніі заявіў “Ведомостям”, што “рубля свайго не ўклаў бы” ў гэтыя заводы: ён упэўнены, што, нават калі прыватызацыя адбудзецца, інвестараў не дапусцяць да рэальнага кіравання прадпрыемствамі. Па словах старэйшага віцэ-прэзідэнта ВТБ Васіля Цітова, у завяршальнай стадыі знаходзіцца здзелка па набыцці “Славнефтебанка”. Старшыня праўлення Нацбанка Беларусі Пётр Пракаповіч паведаміў “Інтэрфаксу”, што неўзабаве будуць падрыхтаваныя ўсе дакументы для продажу Знешэканомбанку кантрольнага пакета акцый Белзнешэканамбанка. Пракопавіч чакае, што ВТБ і ЗЭБ будуць здзяйсняць штогадовыя ўклады ў набытыя імі беларускія банкі ў аб’ёме $150–200 млн. кожны. Для расейскіх нафтавых кампаній адмысловую цікавасць будзе ўяўляць набыццё Мазырскага НПЗ і “Нафтана”, лічыць аналітык “Тройкі Дыялог” Валеры Несцераў. Сярод магчымых прэтэндэнтаў на дзяржпакеты гэтых НПЗ ён пералічыў “Русснефть”, “Славнефть”, “Роснефть” і “Лукойл”. На думку Несцерава, дзяржпакет (42,7%) акцый Мазырскага НПЗ можа пры спрыяльных умовах быць прададзены за $800 млн., а дзяржпакет “Нафтана” (99,8%) – за $1,6 млрд. “Нафтан” летась перапрацаваў 10,7 млн. т. нафты, Мазырскі НПЗ – 10,6 млн. т. нафты. Прадстаўнікі “Роснефти” і “Лукойла” заявілі “Ведомостям”, што кампаніі маглі бы быць зацікаўленыя ў куплі гэтых НПЗ, але рашэнні прымуць толькі пасля вывучэння ўмоў конкурсаў. Па словах аналітыка МДМ-банка Алены Бажэнавай, беларускімі актывамі можа зацікавіцца АФК “Сістэма” для МТС. Але расейскіх інвестараў могуць спыніць высокія палітычныя рызыкі на беларускім рынку, дадае яна. Бажэнава нагадвае, што МТС ужо чатыры гады не можа атрымаць кантроль над беларускай “дачкой” – ёй належыць 49%, а “Белтэлекому” – 51%. У “Сістэме Тэлеком”, якая кіруе тэлекамунікацыйнымі актывамі АФК, зазначылі, што цікавіць увесь рынак СНД, але ўсё будзе залежаць ад умоў. Для Лукашэнкі дзяржкантроль над найбуйнейшымі прадпрыемствамі – найперш інструмент забеспячэння ўлады, гаворыць Раманчук. Паводле яго дадзеных, беларускі ўрад пакуль разглядае магчымасць продажу толькі мінарытарных пакетаў акцый такіх буйных прадпрыемстваў, як МАЗ і “Белсолад”. Крыніца, блізкая да Крамля, таксама лічыць, што беларусы наўрад ці вырашацца прадаваць сур’ёзныя актывы: “У Расеі зацікаўленыя ва ўзаемным пранікненні ў эканоміку на рынкавых умовах, але Менск зноў можа выставіць сацыялістычна-бандыцкія ўмовы продажу і завысіць цану актываў у 10 раз. У расейскіх кампаніях не дурні сядзяць, каб марнаваць такія грошы”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|