Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прафсаюзны актывіст змагаецца за аднаўленне на працы 17:19, 28/02/2007
Намеснік старшыні Барысаўскай гарадской першаснай арганізацыі прафсаюза працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Анатоль Аскерка змагаецца за аднаўленне на працы, піша praca-by.info. Ён быў звольнены 31 студзеня 2007 з пасады слесара-рамонтніка 6 разраду сумеснага беларуска-нямецкага прадпрыемства “Фребор”, пасля таго, як прапанаваў кіраўніцтву перагледзець умовы свайго кантракту.
Анатоль Аскерка – спецыяліст высокай кваліфікацыі. Прафсаюзны актывіст прапрацаваў на прадпрыемстве 15 гадоў, з моманту яго стварэння. За гэты час ён не меў ніводнага дысцыплінарнага спагнання. Наадварот, неаднаразова ўзнагароджваўся кіраўніцтвам завода за поспехі ў працы. У адпаведнасці з пастановай урада такія працаўнікі маюць права абмяркоўваць з наймальнікам магчымасць заключэння кантрактаў на тры гады і больш.
Дырэктар завода Васіль Бургун адмовіўся весці перамовы з нагоды павелічэння тэрміна дзеяння кантракту з Аскеркам і з прадстаўнікамі прафсаюза РЭП. Сваю адмову кіраўнік прадпрыемства матывуе тым, што Анатоль Аскерка – сябра афіцыйнага “Белхімпрафсаюза”. Па словах дырэктара, у цэху, дзе працаваў Аскерка, усе працоўныя маюць 6 разрад, і з усімі кантракты складзеныя на год.
Сам Анатоль Аскерка сваю прыналежнасць да “Белхімпрафсаюза” адмаўляе. “Я не пісаў заявы пра ўступ у “Белхімпрафсаюз”. Больш таго, я звяртаўся да старшыні прафкама “Белхімпрафсаюза” з просьбай паказаць мне заяву пра мой уступ, але ён адмовіўся”, – распавёў Анатоль Аскерка. 26 студзеня ён падаў заяву з патрабаваннем вярнуць пазапраўна спагнаныя штомесячныя сумы ў памеры 1% ад зарплаты.
Старшыня прафкама “Белхімпрафсаюза” Аляксандр Півавар адмовіўся пракаментаваць карэспандэнту praca-by.info сітуацыю з прафсаюзным сяброўствам Аскеркі. “Я такія гутаркі буду весці толькі ў прысутнасці дырэктара. Так ніякіх каментараў даваць не буду”, – заявіў ён.
На 2 сакавіка прызначанае паседжанне суду Барысаўскага раёна і гораду Барысава, на якім будзе разгледжаная іскавая заява аб аднаўленні Анатоля Аскеркі на працы.