Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Менск адпраўляе ў Еўропу «выязнога» Гайдукевіча выбіваць крэдыты 14:47, 28/02/2007
Аляксандр Лукашэнка адпраўляе ў Еўропу спецпрадстаўніка міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Гайдукевіча з прапановамі па наладжванні стасункаў. Паводле наяўнай інфармацыі, яго чакаюць у Францыі, Нямеччыне і Італіі, а таксама ў галоўным офісе Еўразвяза, дзе, як спадзяюцца ў Менску, беларускі прадстаўнік можа разлічваць на добразычлівае стаўленне і згоду на крэдытныя траншы, піша “Независимая газета”.
Неўзабаве Гайдукевіч плануе наведаць з візітам Рым і Страсбург. Цяпер ідзе ўзгадненне даты паездкі ў Італію. “У Рыме запланаваныя сустрэчы на добрым, высокім узроўні”, – сказаў спецпрадстаўнік. Ён адзначыў, што там запланаваная сустрэча з новым дакладчыкам Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) італьянскім дэпутатам Андрэа Рыгоні.
Па словах Гайдукевіча, пасля ўзгаднення даты італьянскага візіту, будуць вырашаныя і даты сустрэч “з іншымі еўрапейскімі калегамі, у прыватнасці, з старшынёй ПАРЕ Рэнэ ван дэр Ліндэнам”. Гайдукевіч адзначыў, што з боку Беларусі ёсць пэўныя прапановы, але адмовіўся іх агучыць. Спецпрадстаўнік збіраецца цягам 2007 года наведаць з працоўнымі візітамі “практычна ўсю Заходнюю Еўропу”.
Раней пасады спецпрадстаўніка міністра замежных спраў Беларусі не існавала. Яе з’яўленне тлумачыцца тым, што ўсе міністры і кіраўнікі дэпартаментаў абвешчаныя ў Еўропе і ЗША персонамі нон грата, ім забаронена выдаваць візы да канца гэтага года і далей па акалічнасцях. Гайдукевіч – звычайны дэпутат “парламента”, які не ўваходзіць ў блізкі да прэзідэнта круг. Прыём такога службоўца нельга лічыць парушэннем пастановы Еўракамісіі аб увядзенні санкцый супраць Беларусі.
Задача Гайдукевіча – наладзіць стасункі з Еўразвязам і “прабіць” новыя крэдытныя лініі пад напружанасць стасункаў Менска з Масквой. Кіраўніцтва Беларусі сёння бярэ крэдыты па максімуму, пашыраючы геаграфію донараў, піша газета. Вядома, што Менск папрасіў у РФ стабілізацыйны крэдыт у памеры 1,5 млрд. даляраў, а гэтымі днямі падпісанае пагадненне з аўстрыйскім Raiffeisen Zentralbank на атрыманне 1 млрд. даляраў у інвестыцыях. Варта адзначыць, што ў 2005 годзе банк падаў Беларусі дэбютны сіндыкаваны крэдыт. Акрамя таго беларускі ўрад мае намер прыцягнуць у краіну 1,2 млрд. даляраў незвязаных кітайскіх крэдытаў.
Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Людміла Гразнова заявіла газеце, што Гайдукевіча нельга лічыць палітычнай фігурай, аднак яна адзначыла, што гэта варыянт дыялогу, крок да пераадолення ізаляцыі Беларусі. Па яе словах, ізаляцыя – горшы варыянт. Гразнова сказала, што галоўнае і для Лукашэнкі і для апазіцыі – захаваць незалежнасць краіны. У святле гэтага, яна падтрымала крокі прэзідэнта краіны ў бок Захаду і гатовая падтрымліваць яго ў гэтым.