Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусы заклікаюць амбасадараў Эўропы і ЗША змагацца за свабоду беларускіх палітвязьняў (Фота) 09:58, 28/02/2007
Беларусы, якія жывуць у Варшаве, пачалі зьвяртацца ў амбасады краінаў Эўразьвязу, Расеі, Украіны, Канады і ЗША (усяго 31-й краіны) з заклікам патрабаваць ад афіцыйнага Менску вызваленьня экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў.
Перадача звароту пачалася з амбасады Расеі ў Варшаве. Расейскія дыпляматы, аднак, не схацелі сустрэцца з аўтарамі дакумэнту – ліст праз краты плоту прыняў ахоўнік, паведаміла “Радыё Свабода”.
У амбасадзе Ўкраіны беларусаў прыняў першы сакратар, у дыпляматычным прадстаўніцтве ЗША да іх выйшаў адзін з намесьнікаў амбасадара.
Зварот у амэрыканскае пасольства адрозьніваўся ад іншых тым, што ўтрымліваў падзяку за ранейшую падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі.
“Мы заклікаем вас ня весьці ніякіх перамоваў з апошнім дыктатарскім рэжымам у Эўропе, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітвязьні, не адбудуцца свабодныя выбары, ня будзе забясьпечаная свабода дзейнасьці для мэдыяў і палітычных партыяў”, – гаворыцца ў звароце.
На мінулым тыдні польскі Сэнат ухваліў зварот да беларускіх уладаў з заклікам неадкладна вызваліць Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў – ініцыятары акцыі хочуць, каб іншыя краіны таксама націснулі на Менск.
“Мы патрабуем вызваленьня ўсіх палітвязьняў, а ў першую чаргу былога кандыдата на пасаду прэзыдэнта спадара Казуліна”, -- сказаў адзін з удзельнікаў акцыі Ігар Крыштон.
Удзельнікі акцыі ўчора наведалі амбасады Расеі, Украіны, ЗША і Канады – штодня яны будуць перадаваць пэтыцыі ў 5-6 амбасадаў.