|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Святаслаў Вакарчук, «Акеан Эльзы»: «Мы падтрымліваем беларусаў, якія змагаюцца за свабоду» 15:28, 28/02/2007 — Людзі, якія пратэставалі на пляцы Каліноўскага ў Менску пасля прэзідэнцкіх выбараў мінулага года, слухалі там у тым ліку і вашую музыку. Што вы можаце ім сказаць? -- Мы вельмі ўдзячныя за тое, што нашыя спевы сталі для людзей сімвалам свабоды. Было вельмі прыемна, што нашыя тэксты не-ўкраінцы таксама ўспрымаюць так, як трэба — як песні свабоды. І ўсім тым, хто зараз змагаецца за свабоду, хачу сказаць, што мы іх вельмі падтрымліваем. Аднак разам з тым, кожная палітычная сітуацыя патрабуе асобнай прамовы. Я лічу, што было крыху некарэктна сёння нам, украінцам, распавядаць нашым сябрам у Беларусі, як ім жыць. Гэта вашая ўласная справа, а мы вас цалкам падтрымліваем ва ўсіх высакародных пачынаннях. І ў гэтых пытаннях мы заўсёды гатовыя дапамагчы. -- “Акеан Эльзы” актыўна падтрымліваў памаранчавую рэвалюцыю. Як ацэньваеце сітуацыю , якая цяпер склалася ва Украіне? -- Насамрэч, мы ніколі не рабілі таго, у што б шчыра не верылі. Гэта датычыцца і той падзеі, якая сёння называецца памаранчавай рэвалюцыяй. Мы дзейнічалі свядома і шчыра. Я лічу, што памаранчавая рэвалюцыя была правільнай, яе лозунгі і заклікі адпавядалі сітуацыі, былі адэкватнымі. Што тычыцца сённяшняга дня, у нас ва Украіне ёсць такая прыказка: не робіць памылак толькі той, хто ўвогуле нічога не робіць. Безумоўна, было зроблена шмат памылак, шмат што можна было б зрабіць інакш, мы ўсе пра гэта ведаем. Аднак казаць выключна пра памылкі, не звяртаючы ўвагі на пазітыўныя бакі, на мой погляд, няправільна. Я лічу, што сёння мы жывем зусім у іншай краіне, якая стала вольнай не толькі па лозунгах, але і па сутнасці, якая ідзе па шляху дэмакратыі, якая сваімі сіламі, сіламі свайго народу, вырашыла, як ёй жыць і што рабіць — і гэта вялікае дасягненне. А тое, што ў нас будзе яшчэ шмат цяжкасцяў, — гэта відавочна і зразумела. — Апошнім часам вы шмат займаецеся немузычнымі праектамі — напрыклад, тым, які прадстаўлены на вашым сайце пад назвай "Книга творить Людину". Чаму так? Вам не хапае музыкі? -- Я скажу два словы пра сацыяльны праект, які мы ініцыявалі. Ён называецца "Книга творить Людину". І мэта гэтай праграмы (размова ідзе пра ўкраінскую праграму) — прыцягнуць увагу моладзі да чытання, таму што на сённяшні дзень, на наш погляд, чытанне не займае таго месца ў жыцці, якое павінна было б займаць. Наконт таго, ці не хапае нам музыкі, адкажу так: не хапае. Я думаю, што ніводны чалавек не можа жыць выключна музыкай, кожны патрабуе чагосьці яшчэ. Вось нам, напрыклад, падабаецца чытаць. І мы сапраўды шмат чытаем, хоць і густы тут ва ўсіх розныя. — Што б хацелі сказаць нашым слухачам? -- Вялікае прывітанне слухачам у Беларусі ад гурта “Акеан Эльзы”. Спадзяемся хутка вас пабачыць і пачуць у Беларусі, куды мы ездзім даволі часта і з вялікім задавальненнем.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|