Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускія ўлады не спяшаюцца падпісваць Канвенцыю аб абароне ад гвалтоўных знікненняў 16:27, 01/03/2007
У Беларусі ёсць магчымасць падпісаць Міжнародную канвенцыю аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў пазней, калі яна палічыць неабходным, заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў на брыфінгу 1 сакавіка.
Міжнародную канвенцыю аб абароне ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў у лютым падпісала 57 краін. Беларусь пакуль не далучылася да гэтага дакумента. Канвенцыя загадвае дзяржавам – сябрам ААН прымаць эфектыўныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і іншыя меры ў мэтах прадухілення і спынення актаў гвалтоўнага знікнення. Яна забараняе існаванне сакрэтных турмаў і абавязвае паведамляць сем’ям пра лёс іх затрыманых сваякоў. Дакумент абавязковы да выканання ўсімі краінамі, якія падпісалі яго.
Як растлумачыў прэс-сакратар, канвенцыя была прынятая на 61-ай сесіі Генеральнай асамблеі ААН і Рэспубліка Беларусь брала ўдзел у распрацоўцы рэзалюцыі, якая зрабіла магчымым яе прыняцце.
Андрэй Папоў таксама адзначыў, што пытанне перспектыў падпісання дакумента той або іншай краінай з’яўляецца добраахвотным. Кожная дзяржава далучаецца да той або іншай канвенцыі адпаведна з уласнымі ўнутранымі правіламі і інтарэсамі.
Таксама ён звярнуў увагу на тое, што Беларусь падпісала не менш важныя міжнародныя праваабарончыя дакументы, у тым ліку канвенцыі аб правах дзіцяці і аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў дачыненні жанчын. Пры гэтым А.Папоў зазначыў, што шмат дзяржаў да іх не далучыліся.
Нагадаем, што ў 1999–2000 гады ў Беларусі бясследна зніклі лідэры апазіцыі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі. У дачыненні да выкраданняў і забойстваў апазіцыянераў падазраецца вышэйшае кіраўніцтва краіны.