Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Валеры Леванеўскі: 25 сакавіка ў Менску адбудзецца аднадзённы папераджальны страйк прадпрымальнікаў 16:52, 01/03/2007
25 сакавіка ў Менску адбудзецца аднадзённы папераджальны страйк прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь. Пра гэта прэс-цэнтру Хартыі’97 паведаміў вядомы праваабаронца, старшыня Стачкаму прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі. Прадпрымальнікі г.Менска, Менскай вобласці, а таксама з рэгіёнаў разам з дэмакратычнымі сіламі Беларусі плануюць узяць удзел у акцыі 25 сакавіка а 12 гадзіне на плошчы Каліноўскага ў г.Менску з сваімі патрабаваннямі. Прадпрымальнікі мяркуюць, што ў дадзенай акцыі возьме удзел Аляксандр Лукашэнка, які выслухае іх патрабаванні і адкажа на пытанні прадпрымальнікаў.
Прадпрымальнікі не згодныя з пагаршэннем умоў іх дзейнасці, будуць выступаць за адмену апошніх указаў і дэкрэтаў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія прывядуць да ліквідацыі дробнага бізнэсу ў Беларусі і далейшага збяднення грамадзянаў.
Адметнай рысай дадзенага страйку і акцыі ў цэлым з’яўляецца тое, што 25.03.2007 шматлікія прадпрымальнікі будуць высоўваць не толькі патрабаванні, звязаныя з іх прадпрымальніцкай дзейнасцю, але і звязаныя з парушэннем правоў грамадзян, у тым ліку:
– на свабоду слова, – на свабоду сходаў, – на аб’яднанне ў прафесійныя саюзы і грамадскія арганізацыі.
Прадпрымальнікі выкажуць сваю нязгоду з неабгрунтаваным ростам камунальных плацяжоў і збядненнем насельніцтва.
Адно з асноўных палітычных патрабаванняў прадпрымальнікаў – гэта вызваленне палітвязняў і спыненне ў Беларусі пераследу грамадзянаў па палітычных матывах.